Паштовае адзяленне “Пціч”: сэрца аграгарадка, якое працуе без збояў

0
59

Уявіць наша жыццё без пошты вельмі цяжка. Нягледзячы на наяўнасць Інтэрнэту, электронай пошты, мабільнай сувязі, працы ў паштавікоў менш не становіцца і іх дзейнасць запатрабаваная сярод насельніцтва.

Нашы сённяшнія героі – начальнік і паштальён паштовага аддзялення “Пціч”.
– Хоць калектыў аддзялення складаецца з двух чалавек, мы спраўляемся з пастаўленай задачай: своечасова і якасна абслугоўваем насельніцтва ўчастка, а гэта каля тысячы чалавек, – дзеліцца начальнік аддзялення Марына Сцяпук. – Аказваем увесь спектр паштовых паслуг: прымаем, дастаўляем адрасатам пісьмовую карэспандэнцыю, перыёдыку, пасылкі, грашовыя пераводы, ажыццяўляем падпіску на газеты і часопісы, выплачваем пенсіі і дапамогі, прымаем плацяжы за камунальныя паслугі. Таксама ў аддзяленні ёсць магчымасць даставіць людзям пад заказ будаўнічыя матэрыялы, узяць растэрміноўку на набыццё айчыннай бытавой тэхнікі.

Кола абавязкаў Марыны Андрэеўны не малое. Яна і начальнік пошты, і аператар, і таваразнаўца ў адной асобе. Як начальнік аддзялення вядзе ўсю неабходную дакументацыю, як аператар – прымае розныя плацяжы, як таваразнаўца кантралюе паступленне тавару і яго рэалізацыю. З усім гэтым, мяркуючы па паказчыках у працы і водгуках землякоў, маладая жанчына спраўляецца на выдатна.
Між іншым, у паштовую сувязь жанчына прыйшла выпадкова. Сама родам з Пціча, за плячыма мае вучобу ў чыгуначным і політэхнічным тэхнікумах. Больш за тры гады таму, пасля заканчэння дэкрэтнага водпуску ёй, як чалавеку стараннаму, патрабавальнаму і адказнаму, прапанавалі дадзеную пасаду. Вырашыла паспрабаваць. Не хавае: праца спадабалася.
– Напэўна, асаблівая адказнасць ляжыць на табе, калі ад тваёй дзейнасці залежыць дабрабыт землякоў, – дзеліцца суразмоўца. Робіш усё магчымае для належнага і якаснага абслугоўвання аднавяскоўцаў.

Яшчэ гераіня адзначае, што поспех у працы шмат у чым залежыць і ад мікраклімату ў калектыве. І з гэтым у аддзяленні ўсё ў парадку. Начальнік аддзялення і паштальён Галіна Філіпава спрацаваліся добра, жывуць адной агульнай справай.
– Галіна Мікалаеўна ўмее размаўляць з аднавяскоўцамі, знаходзіць падыход і правільныя словы практычна да кожнага жыхара. Заслужыла павагу і давер сярод землякоў, – дзеліцца Марына Сцяпук.
Галіна Філіпава сама родам з Хойніцкага раёна. Прыехала на Петрыкаўшчыну больш за дваццаць гадоў таму. Працавала ў розных галінах, а ў 2023 годзе прыйшла ў аддзяленне ў якасці паштальёна.
– Праца з людзьмі патрабуе ўвагі, цярпення. У прафесіі паштальёна, як раней, галоўным засталіся зносіны. І для многіх, мы, акрамя таго, што прыносім лісты, пенсію, неабходныя тавары з’яўляемся сувяззю са знешнім светам, – дзеліцца Галіна Мікалаеўна. – Для мяне жыхары Пціча сталі другой сям’ёй. Ведаю, што кожны любіць чытаць, што каму трэба прынесці з наяўнай на пошце прадукцыі. З насельніцтвам на сувязі, практычна кожны дзень.

Па словах жанчыны, пра важнасць яе прафесіі можна меркаваць падчас падпісной кампаніі. Паштальён запатрабаваны як на Днях падпісчыка ў мясцовых арганізацыях, так і сярод насельніцтва. Суразмоўца дзеліцца: жыхары аграгарадка любяць чытаць перыядычныя выданні. Запатрабаваныя “Петрыкаўскія навіны”, у старэйшага пакалення “Сябар пенсіянера”, ёсць такія, хто выпісвае літаратуру для прафесійнай дзейнасці або для ўдасканалення любімых заняткаў ці захапленняў.

На пытанне: ці страчвае пошта ў свет тэхналогій сваю актуальнасць, землякі адказалі адмоўна.
Вядома, час імкліва мяняецца, і Інтэрнэт дапамагае многім хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю. Але нішто і ніколі не заменіць цеплыні і сардэчнасці ўласнаручна падпісаных паштовак і напісанных лістоў, трапяткога адчування ад узятага ў рукі нумару любімай газеты або часопіса.

І несумненна, усім нам хочацца сустрэцца з такімі работнікамі, як мае новыя знаёмыя. Ім – асаблівая падзяка не толькі за прафесіяналізм, але і за цярплівасць, добрае стаўленне да кліентаў, уменне прапанаваць новыя паслугі, перыёдыку і проста выслухаць.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о