Карэспандэнт “ПН” у складзе рэйдавай групы Петрыкаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету наведала паляўнічыя ўгоддзі Петрыкаўскага раёна.

За 9 месяцаў бягучага года міжраённай інспекцыяй супраць браканьераў узбуджаны 3 крымінальныя справы.
– Усяго ў браканьераў канфіскавана 95 сетак агульнай даўжынёй каля 2 кіламетраў, а таксама звыш 112 іншых забароненых прылад рыбалоўства, 2 адзінкі агнястрэльнай зброі, у тым ліку 1 незарэгістраваная. 6 чалавек добраахвотна здалі 5 сетак каля 100 метраў і іншыя незаконныя прылады рыбалоўства і палявання. Скарыстаўшыся такой магчымасцю, грамадзяне былі вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці.
У цэлым выяўлена звыш 55 парушэнняў, якія тычацца рыбалоўства, 3 – паляўнічай гаспадаркі, 10 – лесакарыстання, – распавёў начальнік Петрыкаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Алег Шчэрба.
Мэта суботняга рэйду – прафілактычная работа з паляўнічымі на прадмет выканання заканадаўства, а таксама праверка дакументаў і зброі ў межах спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Паляванне”.
У час гутаркі з паляўнічымі начальнік інспекцыі нагадаў, што з 1 лістапада па 25 студзеня можна паляваць на зайца-бяляка і зайца-русака ў светлы час сутак ружэйным спосабам, загонам, з засады, з падыходу з паляўнічымі сабакамі.
– Паляваць можна будзе на жывёл любога полу і ўзросту. Магчымы таксама бяззбройны спосаб палявання – з хартоў сабакамі і лоўчымі птушкамі.
У гэты ж перыяд адкрываецца паляванне на вавёрку, куніцу лясную, куніцу каменную, норку амерыканскую, андатру і тхара ляснога.
Да дазволеных прылад дадасца наразная паляўнічая зброя з дульнай энергіяй кулі 400-1500 джоўляў, а таксама паляўнічыя сабакі ўсіх парод,акрамя хартоў, – пазначыў начальнік міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
У завяршэнні прафілактычнай гутаркі паляўнічым былі ўручаны інфармацыйныя матэрыялы.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о