Многія гандлёвыя аб’екты Петрыкаўшчыны прыцягваюць пакупнікоў сваім асартыментам тавараў і якасцю абслугоўвання кліентаў. Адзін з такіх – “Палессе-5” ААТ “Калінкавіцкі мясакамбінат”. Напярэдадні Дня гандлю карэспандэнт раённага выдання сустрэлася з калектывам магазіна, зносіны з якім сталі штодзённымі для многіх землякоў.
“Палессе-5” адчыніў свае дзверы жыхарам раёна пятнаццаць гадоў таму і з таго часу трывала заваяваў павагу і давер пакупнікоў. Я ўпэўнена, той, хто хоць раз наведаў дадзены аб’ект, адзначыў для сябе адметныя рысы работнікаў: ветлівы погляд, усмешка на твары і ўважлівае стаўленне да пакупніка. Акрамя таго жанчыны па тым баку прылаўка, усе як на падбор: сімпатычныя, абаяльныя, заўсёды з добрым настроем.
– Калектыў у нас выдатны, разам працуем у камандзе з адкрыцця крамы. Разумеем адзін аднаго з паўслова, ведаем, што калегі заўсёды ахвотна прыйдуць на дапамогу, падставяць плячо, – дзеліцца загадчыца Алена Зенчанка. – Наталля Піскун, Ірына Палуян, Вольга Цяцерыч, Людміла Ціханава, Алена Жукавец – прадаўцы з вялікай літары, адказна падыходзяць да сваіх абавязкаў. Жанчыны абыходлівыя з людзьмі і могуць вырашыць любую сітуацыю.
Пра тое, што работнікі гандлю адданыя выбранай прафесіі, я пераканалася сама. Кожная з гераінь у час нашай гутаркі адзначыла, што для яе галоўнае ў працы, каб чалавек выйшаў задаволеным з крамы. Пры неабходнасці прадаўцы могуць нешта параіць з асартыменту, падзяліцца меркаваннем, запытацца пра смакавыя густы пакупніка. Зносіны з людзьмі – гэта штодзённы для іх працэс. І важна, каб праходзіў ён камфортна і прадуктыўна. Суразмоўцы ў поўнай ступені ўсведамляюць, што іх нялёгкая праца накіравана на павышэнне дабрабыту кліентаў. Прызнаюцца: такая задача ім па плячы, бо ў “Палессі” ёсць што прапанаваць пакупніку. Заўсёды ў наяўнасці мясная прадукцыя Калінкавіцкага мясакамбіната, акрамя таго ў прадпрыемства ёсць свой цэх па вырабе гуляшу, фаршу, паўфабрыкатаў, што вельмі запатрабавана сярод насельніцтва. Практычна штодзень паступае “малочка” з Гомельскага і Брэсцкага рэгіёнаў, хлебабулачныя вырабы з мясцовага і Калінкавіцкага хлебазаводаў. У продажы ёсць разнастайныя прысмакі, напоі, неабходнае да стала. Уся прадукцыя паступае на прылавак свежай, высокай якасці, па даступным кошце. Зямлячкі адзначылі: айчыннай прадукцыі на прылаўках 85% і яна запатрабаваная. Кожны месяц на беларускую прадукцыю дзейнічаюць зніжкі, у тым ліку, зніжана гандлёвая надбаўка. Калектыў “Палесся-5” запэўнівае: іх пакупнікі заўжды з імі. Пацвярджэннем сказанаму служыць тавараабарот, які складае не менш за дзвесце тысяч рублёў штомесяц. Па іх меркаванні, на прадукцыйнасць працы, якасць абслугоўвання пакупнікоў істотна ўплывае і мікраклімат у калектыве. Там, дзе добразычлівыя адносіны паміж работнікамі – адпаведны вынік.
Зрэшты, аб працы калектыва красамоўна сведчаць рознага роду ўзнагароды, дыпломы за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў ва ўнутрывытворчым працоўным спаборніцтве. У 2024 годзе калектыў стаў пераможцам у раённым спаборніцтве сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў гандлю і аказання паслуг Петрыкаўскага раёна за дасягненне найлепшых паказчыкаў у рознічным гандлі, і быў занясены на раённую Дошку гонару.
Паважаныя работнікі гандлю Петрыкаўшчыны, дзякуй, што кожны дзень вы сустракаеце пакупнікоў з усмешкай, дапамагаеце зрабіць наша жыццё смачным, якасным і прыемнымі! Жадаем вам удзячных кліентаў, стабільнасці, зладжанай плённай працы і дабрабыту.
Оставить комментарий