Паклапаціцеся пра сваё здароўе загадзя

0
801

Паклапаціцеся пра сваё здароўе загадзя

Захаванне псіхалагічнага і фізічнага здароўя з’яўляецца найважнейшым і жыццёва неабходным прыярытэтам для любога сучаснага чалавека. Жаночае здароўе ў многіх адносінах адрозніваецца ад здароўя мужчын. Яно, без перабольшання, з’яўляецца часткай здароўя насельніцтва і нават дэмаграфічнай бяспекі краіны. Наш сённяшні герой рубрыкі “Кампетэнтна” – доктар Бахлаван Мухаммад Фадзі, які вось ужо больш за 11 гадоў клапоціцца пра здароўе жанчын Петрыкаўшчыны.

Як пазначыў у час сустрэчы Мухаммад Фадзі, на жаль, у любым узросце жанчыны сутыкаюцца з рознымі захворваннямі, якія могуць не проста выклікаць неспакой, але і абярнуцца сур’ёзнымі праблемамі, што ўплываюць на якасць жыцця. Сярод іх і гінекалагічныя захворванні, з якімі даводзіцца сутыкацца кожнай жанчыне. Гэта могуць быць як адносна бяскрыўдныя кальпіты, так і сур’ёзныя хваробы, вынікам якіх можа стаць развіццё цяжкіх ускладненняў аж да анкалогіі і немагчымасці стаць маці.

– Сёння хачу спыніцца на інфекцыі віруса папіломы чалавека – адным з самых распаўсюджаных захворванняў, якое перадаецца палавым шляхам, – пазначыў у час сустрэчы суразмоўца і дадаў:

– Сярод гінекалагічных захворванняў у жанчын рэпра-дуктыўнага ўзросту паталогія шыйкі маткі сустракаецца ў 10-15% выпадкаў. Рак шыйкі маткі ў наш час з’яўляецца самым распаўсюджаным анкалагічным захворваннем жаночых палавых органаў. Ён складае каля 12% ад колькасці ўсіх злаякасных пухлін, якія выяўляюцца ў жанчын. Адзначаецца пэўная этапнасць і стадыйнасць паталагічных працэсаў шыйкі маткі ў развіцці анкалогіі. У развіцці паталогіі шыйкі маткі сваю ролю адыгрывае вірус папіломы чалавека, які пранікае ў базальныя клеткі эпітэлія праз мікратраўмы, што ўтвараюцца пры палавым кантакце.
Па словах доктара, варта памятаць, што лепшая прафілактыка хваробы – гэта перыядычныя медагляды.

– Прагнастычная каштоўнасць ВПЧ-тэсціравання з узростам павялічваецца. Наяўнасць у жанчын старэйшых за 35 гадоў анкагенных тыпаў ВПЧ азначае ўстойлівую інфекцыю з высокай ступенню рызыкі ўзнікнення CIN III.

Аднак, як пазначыў наш суразмоўца, гэта не прысуд: носьбітства ВПЧ не пажыццёвае. У 70% маладых ВПЧ-інфікаваных жанчын ДНК ВПЧ перастаюць выяўляць на працягу першых 24 месяцаў назірання, у пажылых пацыентак ВПЧ персістыруе больш працяглы час.

Адкінуўшы ўбок хваляванні і страхі, варта памятаць: рак шыйкі маткі можна вылечыць, калі дыягнаставаць яго на ранняй стадыі і неадкладна пачаць лячэнне. Асноўным метадам прадухілення развіцця ВПЧ-асацыіраваных ракавых пухлін з’яўляецца масавы скрынінг і лячэнне перадракавай дысплазіі пры яе выяўленні.

– У дадзены момант жанчынам ва ўзросце 30, 35, 40, 45, 50, 55, 60 гадоў можна прайсці абследаванне на выяўленне ДНК віруса папіломы чалавека ў жаночай кансультацыі Петрыкаўскай ЦРБ.

Збіраючыся на прыём да спецыяліста, улічыце, калі ласка, наступную інфармацыю:
– мазкі бяруцца не раней, чым на 5 дзень ад пачатку менструальнага цыклу і не пазней, чым за 5 дзён да яго меркаванага пачатку;
– мазкі не бяруцца на працягу 24 гадзін пасля выкарыстання лубрыкантаў, раствора воцату або Люголя, тампонаў або сперміцыдаў, спрынцавання, увядзенне ў похвы медыкаментаў, свечак, крэмаў;
– мазкі бяруцца не раней за 48 гадзін пасля палавога кантакту;
– забор матэрыялу не ажыццяўляецца раней, чым праз 2 месяцы пасля перанесенай вострай інфекцыі.

Прафілактычнае наведванне гінеколага дазваляе своечасова выявіць пачатковыя прыкметы дысплазіі, прыняць неабходныя меры для прадухілення і прагрэсавання працэсу і яго пераходу ў злаякаснае наватвор, – пазначыў у завяршэнне размовы Мухаммад Фадзі.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о