Прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб на базе раённага выканаўчага камітэта правёў сёння старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.
На прыём да кіраўніка раёна землякі звярнуліся па пытаннях надзённых і хвалюючых.
Так, заяўніцу з Брынёва непакоіць пытанне працоўных узаемаадносінаў з калектывам і кіраўніцтвам, дзе працуе жанчына. Праблема пачута, кіраўніку ўстановы дадзена даручэнне дэталёва разабрацца па ўсіх пазначаных фактах.
Па пытанні набыцця сталовай ААТ “Курыцічы” звярнулася да старшыні райвыканкама сямейная пара. У сувязі з аб’яднаннем згаданага сельгаспрадпрыемства з КСУП “Запаветы Ільіча”, пытанне рацыянальнага выкарыстання ці продажу маёмасці, што маецца на балансе абедзвюх гаспадарак, патрабуе дэталёвага вывучэння і аналізу. Заяўнікам будзе дадзены пісьмовы адказ у вызначаны заканадаўствам час.
Жыхарка аграгарадка Конкавічы шукала садзеяння ў вырашэнні пытання правядзення электраацяплення ў кватэру блакіраванага жылога дома. Пытанне вырашальнае, аднак у канкрэтным выпадку ёсць шэраг нюансаў. Так, кватэра заяўніцай у свой час не была прыватызавана і належыць ААТ “Агра-Пціч”. Таму першае, з чаго варта пачаць – вызначыць балансаўтрымальніка дадзенага жылога памяшкання, які ў наступным і правядзе электраацяпленне ў кватэру. Заяўніцы ў сваю чаргу, як арандатару гэтага жылога памяшкання, застаецца толькі чакаць. Пакуль жа жанчыне будзе аказана садзеянне ў набыцці брыкету і дроў і, пры неабходнасці, іх распілоўцы і колцы.
Па завяршэнні прыёму, кіраўнік раёна пазначыў, што першачарговай задачай для ўсіх служб, у зоне кампетэнцыі якіх ляжыць вырашэнне агучаных на прыёме пытанняў, з’яўляецца якасная і адказная адпрацоўка праблемных момантаў. Паўторных зваротаў быць не павінна.
“Людзі прыходзяць да нас з пытаннямі, якія для іх з’яўляюцца важнымі і набалелымі. Яны разлічваюць на нас. Усё, што знаходзіцца ў межах прававога поля і не пярэчыць дзеючаму заканадаўству, павінна вырашацца”, – рэзюмаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий