Па працы – пашана

Ушанаванне лідараў жніва прайшло суботнім ранкам у сельгаспрадпрыемствах “Курыцічы” і “Навасёлкі”

На палетках ААТ “Курыцічы”, паблізу вёскі Людзвіноў, кіраўніцтва раёна і гаспадаркі, лідары раённага і галіновага прафсаюза, работнікі культуры аддалі даніну павагі, уручылі грашовую прэмію, сертыфікат, падарункі і кветкі аднаму з лепшых механізатараў сельгаспрадпрыемства, штогадоваму лідару жніва – камбайнеру Дзмітрыю Качэлю.
Дзмітрый Мікалаевіч на сваім КЗС-1218 дасягнуў пастаўленай мэты і намалаціў больш за тысячу тон зерня. Сціплы працаўнік палёў з гонарам за праве-дзеную працу прымаў віншаванні і падарункі.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў, звяртаючыся да механізатараў і работнікаў ААТ “Курыцічы”, адзначыў: “Пачэсная і нялёгкая праца хлебароба. З ранку і да позняга вечара вы спачатку закладваеце падмурак будучага ўраджаю, пасля клапоціцеся пра яго, шчыра абрабляючы палеткі, і, нарэшце, падводзячы вынік шматмесячнай працы, збіраеце ўраджай. Ён жа, у сваю чаргу, дзякуе вам за карпатлівую працу і радуе высокімі цэнтнерамі намалотаў.
Дзмітрый Мікалаевіч, прыміце шчырыя віншаванні і словы падзякі за вашу выніковую працу. Жадаем і надалей мець высокія паказчыкі. Няхай не падводзіць тэхніка, падтрымлівае кіраўніцтва і сям’я”.
Да віншаванняў далучыліся кіраўнік гаспадаркі Мікалай Сялюк і старшыня галіновага прафсаюза Алена Галеня.

Па працы – пашанаКурыціцкія артысты адрасавалі хлебаробам свае лепшыя музычныя нумары.
Ушанаванне механізатара, задзейнічанага на адвозцы зерня і дасягнуўшага запаветнага паказчыку ў тысячу тон, прайшло і ў ААТ “Навасёлкі”. Герой урачыстасці, арганізаванай на мехдвары сельгаспрадпрыемства, – Іван Васільевіч Козік, які на “МАЗ- 555142” перавёз 1001 тону збожжа.
У віншавальнай прамове старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў падзякаваў механізатару за добрую працу і высокі паказчык, пажадаў не спыняцца на дасягнутым і надалей прымнажаць дабрабыт гаспадаркі сваёй плённай самаадданай працай.
Між іншым, мужчына ўжо тры гады знаходзіцца ў статусе пенсіянера, аднак працягвае працаваць у сельгаспрадпрыемстве. Як паведаміў Іван Васільевіч, у ААТ “Навасёлкі” ён працуе з 1980 года. Пасведчанне трактарыста атрымаў у школьныя гады ў час навучання ў мясцовым вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля заканчэння школы ўладкаваўся на працу ў гаспадарку. З перапынкам на службу ў арміі вось ужо 44 гады працуе вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве. Апошнія 19 гадоў Іван Васільевіч круціць баранку МАЗ-555142 і сваім жалезным кампаньёнам цалкам задаволены.
“Як атрымаў машыну ў 2005 годзе, так і працую на ёй. Штогод па завяршэнні сезону праводжу яе тэхнічнае абслугоўванне, пры неабходнасці – якасны рамонт. Кіраўніцтва гаспадаркі своечасова забяспечвае неабходнымі дэталямі. Яно і зразумела: прастоі ў нашай справе караюць непапраўнымі стратамі, а гэтага дапускаць нельга. Гэтым правілам і кіруюся ў рабоце ўсе 44 гады. Так і сёлета, па завяршэнні жніва перагледзеў шэраг момантаў, каб на адвозцы кукурузы не было непажаданых прастояў”, – пазначыў наш суразмоўца.
На мехдвары падтрымаць Івана Васільевіча сабраліся не толькі калегі – парадавацца за бацьку і дзядулю прыйшлі сын, дачка і ўнучка нашага героя. У такой па-сямейнаму цёплай абстаноўцы і адбылося ўшанаванне лідара жніва 2024 года ў ААТ “Навасёлкі”.
Работнікі культуры далучыліся да віншаванняў, што гучалі ў той дзень у адрас земляка, і падаравалі ўсім прысутным шэраг прыемных хвілін, аздобіўшы мерапрыемства музычнымі падарункамі.
Працоўная субота старшыні райвыканкама Аляксандра Верамеева была адзначана не толькі ўдзелам ва ўрачыстасцях па ўшанаванні лідараў жніва, аднак і шэрагам рабочых нарад.
Так, з кіраўніцтвам ААТ “Курыцічы” былі абмеркаваны пытанні ходу ўборачнай і тэмпаў пасяўных работ, выканання тэхналогіі сяўбы і часовых рэгламентаў.
У ААТ “Навасёлкі” кіраўнік раёна наведаў майстэрню на мехдвары. Старшыня цікавіўся ходам рамонтных работ, абслугоўваннем тэхнікі пасля завяршэння ўборкі зерневых і перад пачаткам уборкі кукурузы на зерне. Не абышлося без крытыкі. Па ўсіх пазначаных недахопах дадзены даручэнні і пазначаны тэрміны на іх ухіленне.
“За належную работу кожнай адзінкі тэхнікі – персанальная адказнасць кіраўніка. Своечасовасць і якасць правядзення ўборачных і пасяўных работ – гарант нашых будучых ураджаяў”, – пазначыў у час размовы з кіраўніцтвам ААТ “Навасёлкі” старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.

 

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о