Няхай жыццё іскрыцца светам дабрыні

0
755

Напярэдадні Новага года першае вялікае інтэрв’ю “Петрыкаўскім навінам” даў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў. Кіраўнік раёна падвёў вынікі адыходзячага года, падзяліўся планамі на 2025 год, а таксама адказаў на пытанні пра сямейныя навагоднія традыцыі.

– Аляксандр Аляксандравіч, ваша назначэнне на пасаду старшыні Петрыкаўскага райвыканкама адбылося амаль пяць месяцаў таму даволі нетрадыцыйным спосабам – прама на палетку роднага сельгаспрадпрыемства – і было падхоплена ўсімі вядучымі СМІ краіны. Успомніце, калі ласка, што адчулі, калі прыйшло ўсведамленне, што Прэзідэнт узгадніў вас на пасаду кіраўніка раёна?
– Шчыра кажучы, эмоцыі былі моцныя і розныя. Зразумела, з аднаго боку было прыемна, што Аляксандр Рыгоравіч убачыў ува мне патэнцыял, з другога боку я разумеў, што гэта вялікая адказнасць і я не маю права падвесці ці не апраўдаць давер Прэзідэнта. А яшчэ, у той момант я адчуваў, што не меншую адказнасць я нясу і перад землякамі: зразумела, я мясцовы, чаканні будуць высокія і іх трэба апраўдваць.

– Аляксандр Аляксандравіч, згадайце, калі ласка, топ-3 першачарговых задач, якія давялося вырашаць у першы месяц кіраўніцтва раёнам?
– Задач перад сабою і камандай, канешне, ставіў значна болей, аднак у лік першачарговай трапіла пытанне сельскай гаспадаркі: своечасовае і якаснае завяршэнне жніва, нарыхтоўка кармоў і сяўба рапсу.
Так як на пасаду я быў прызначаны незадоўга да правядзення “Кліча Палесся”, знакавай культурнай падзеі для нашага раёна, то наступная задача, вырашаць якую давялося ў першыя тыдні кіраўніцтва – правесці фестываль на высокім узроўні. Між іншым, па ацэнцы гасцей і ўдзельнікаў, адсвяткавалі “Кліч Палесся” мы годна: і здзіўлялі, і забаўлялі, і частавалі на самым высокім узроўні.
І трэцяя задача – гэта завяршэнне запланаваных работ па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка Капаткевічы.
На сённяшні дзень асноўныя работы на ўсіх запланаваных аб’ектах практычна завершаны. Застаецца толькі стадыён, аднак хачу запэўніць землякоў, што аб’ект будзе адрамантаваны і мадэрнізаваны згодна распрацаванаму плану мерапрыемстваў і праектна-каштарыстай дакументацыі.

– Акрэсліце, калі ласка, спіс пытанняў, якія сёння знаходзяц-ца на вашым персанальным кантролі?
– Першачарговае пытанне, якое ў аднолькавай меры хвалюе насельніцтва раёна і мяне як кіраўніка – гэта стан вулічна-дарожнай сеткі. Над вырашэннем яго мы актыўна працуем, і за апошні час ужо зроблена нямала, аднак заспакойвацца яшчэ вельмі рана – наперадзе шмат работы. У актыў дарожнікам і камунальнікам можна запісаць рамонт дарожнага пакрыцця па вуліцы Калініна ў райцэнтры, дарог у накірунку Колак, Залесся, Курыціч і Фаставіч. На сённяшні дзень завершана падсыпка і прафіліраванне шасці вуліц у самым праблемным мікрараёне райцэнтра – на Асенніх завулках.
Фактычна штотыдзень на апаратных нарадах адказныя службы інфармуюць мяне па пытанні навядзення парадку і добраўпарадкавання горада і раёна, утрымання месцаў пахавання. Звяртаю ўвагу на санітарны стан населеных пунктаў і ў час штодзённага аб’езду раёна. Гэта пытанне таксама лічу важным па той простай прычыне, што ўмовы жыцця, адпачынку і працы адыгрываюць немалаважную ролю ў жаданні і гатоўнасці жыхароў раёна будаваць сваё жыццё на малой радзіме, жыць і працаваць на роднай зямлі.
Трымаю на пастаянным кантролі і вытворчыя пытанні сельскагаспадарчай галіны.

– З якімі паказчыкамі мы падыходзім да завяршэння 2024 года?
– Нядрэнны год.У галіне сельскай гаспадаркі ў першую чаргу. Плюсуем мы па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Сярэднеабласны тэмп росту паказчыка каля 100% (па выніках 11 месяцаў), раён мае 107,6%. За студзень-лістапад бягучага года вытворчасць прадукцыі БРЖ склала 3225 тон галоў, што на 108,7% болей да паказчыка мінулага года.
Што да прадукцыі свінагадоўлі, то і тут раён мае даволі неблагія паказчыкі: атрымана прадукцыі 1924 тоны ці 101,2% да адпаведнага перыяду мінулага года.
Вытворчасць малака сёлета склала 33 тысячы тон ці 102,1 % да паказчыка 2023 года.
Расце і выручка на аднаго сярэдняспісачнага работніка сельскагаспадарчай галіны раёна. Па выніках 11-ці месяцаў яна склала 59,4 тысячы рублёў, а гэта на 112,6% вышэй узроўню 2023 года. На 125,2 % вырасла заработная плата. Яе сярэдні памер у галіне – 1467 рублёў.
У цэлым па раёне гэты паказчык па выніках 11 месяцаў складае 1797 рублёў, пры росце за справаздачны перыяд 121,5%, пры прагнозе – 111,5%
Нядрэнныя вынікі маем у будаўнічай галіне. Так, з дзяржаўнай падтрымкай уведзена ў эксплуатацыю 4367 квадратных метраў жылля, што склала 109,2% ад даведзенага гадавога задання. Не можа не радаваць той факт, што за 10 месяцаў бягучага года 12 шматдзетных сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Пры тым, што раёну было даведзена заданне палепшыць жыллёвыя ўмовы для 3-ох шматдзетных сем’яў.
Што да прамысловых прадпрыемстваў раёна і індэксу фізічнага аб’ёму абароту аптовага гандлю,то за 11 месяцаў бягучага года звыш 100% да ўзроўню мінулага года спрацавалі: ЭЛПГ “Ляскавічы” (секцыя СС “Вытворчасць вырабаў з дрэва і паперы” (асноўная) з паказчыкам 123,6%, Петрыкаўскі ГАК ААТ “Беларуськалій” (секцыя СЕ “Вытворчасць хімічных прадуктаў” (асноўная) – 102,1%, “Петрыкаўскі лясгас” (секцыя СС “Вытворчасць вырабаў з дрэва і паперы” (асноўная) – 103,9%. Па секцыі Е “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне, выдаленне адходаў” ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас” паказчык склаў 30,1% пры заданні 30%. Развіваецца і прыватны бізнес. Нямала жыхароў раёна пажадалі сёлета паспрабаваць уласныя сілы ў сферы індывідуальнага прадпрымальніцтва і адкрылі сваю справу.
Аднак, на сённяшні дзень 2024-ты – ужо гісторыя. Таму кіраўнічай вертыкалі вельмі важна з першых тыдняў 2025-га трымаць сітуацыю на кантролі і рабіць усё магчымае, каб год стаў больш паспяховым для Петрыкаўшчыны ў цэлым.

– Аляксандр Аляксандравіч, у такім выпадку зусім коратка: якія планы на 2025 год?
– Планаў, шчыра кажучы, вельмі шмат. Але калі коратка, то ў наступным годзе пачнецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ААТ “Белкалій” па будаўніцтве спартыўнага комплекса. Ужо завершаны працэс адчужэння сельскагаспадарчых земляў, пры спрыяльных умовах надвор’я работы могуць пачацца ўжо гэтай зімой.
Будзем прыводзіць у парадак існуючы жыллёвы фонд, а таксама ўводзіць новыя квадратныя метры. Так, ужо пачалося будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Макаранкі. Працягнецца работа па прывядзенні ў належны стан вулічна-дарожнай сеткі горада і раёна. Разам будзем прыводзіць у парадак сельскія населеныя пункты, мехдвары і малочнатаварныя фермы.
Разлічваю, што камунальнікі з цэнтральных вуліц і месцаў адпачынку, якія ўжо дастаткова добраўпарадкаваны, пойдуць далей: неабходна наводзіць парадак на дваровых тэрыторыях, ствараць цікавыя архітэктурныя формы, сучасныя зоны адпачынку, разбіваць кветнікі. Па маім меркаванні, нашаму гораду не хапае кветак.
Аднак, зноў-такі, хацелася б убачыць у ролі рэалізатараў праектаў па добраўпарадкаванні Петрыкава і населеных пунктаў раёна моладзь, актывістаў грамадскіх арганізацый і саміх жыхароў раёна.
Усяго раскрываць не буду, няхай для жыхароў Петрыкаўшчыны бу-дзе паболей прыемных момантаў у новым годзе.
А яшчэ 2025 – год выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта вельмі важная, можна нават сказаць – знакавая падзея для нашай краіны. І зноў жа, ад нашай згуртаванасці, адзінства і грамадзянскай адказнасці будзе залежаць шлях, які абярэ краіна на бліжэйшую пяцігодку.
Не менш значная падзея надыходзячага года – 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У святле сённяшняй геапалітычнай сітуацыі ў свеце надзвычай важна захаваць праўду пра першапрычыны, ход і вынікі Вялікай Айчыннай вайны, пра палітыку генацыду, якую на тэрыторыі нашай краіны спрабавалі рэалізаваць фашысцкія акупанты. Адным словам, не дапусціць спробы перапісаць гісторыю подзвігу савецкага народа.

– Новы год у кожнага з нас звязаны са спадзяваннямі на лепшае, чаканнем чагосьці новага, светлага, радаснага. А чаго чакае кіраўнік раёна ад 2025?
– Ад новага года чакаю міру, бо гэта па-ранейшаму адна з галоўных каштоўнасцяў для кожнага з нас. Жыць і працаваць у мірнай краіне, мець цвёрдую ўпэўненасць у заўтрашнім дні, сваёй працай ствараць будучыню роднай зямлі – ці гэта не галоўнае! Поўнасцю давяраю словам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: наша Беларусь застанецца краінай пад чыстым мірным небам, мы захаваем і прымножым тое лепшае, чаго сёння нам удалося дасягнуць і чым па праву ганарымся.
А петрыкаўчан магу запэўніць: раённая ўлада будзе і надалей рабіць усё магчымае для таго, каб раён паспяхова жыў і развіваўся, каб мясцовая эканоміка ўмацоўвалася, вуліцы райцэнтра і вёсак змяняліся, каб умовы жыцця на Петрыкаўшчыне сталі яшчэ больш камфортнымі, а перамены былі толькі да лепшага.
Мая пазіцыя нязменная: кожны чалавек павінен быць пачуты. Усе пытанні, звароты, прапановы жыхароў Петрыкаўшчыны на адрас раённай улады будуць разгледжаны і вырашаны ў межах нашай кампетэнцыі.
Яшчэ хачу, каб не толькі ў гэтыя пераднавагоднія дні, але і на працягу ўсяго наступнага года спадарожнікамі ў жыцці кожнага чалавека былі здароўе і шчасце.

– Калі дазволіце, бліц-апытанне ад калектыву “ПН”.За што вы любіце навагоднія святы?
– За адчуванне казкі і цуда, якім у перадсвяточныя дні напоўнена ўсё вакол: упрыгожаныя галоўныя гарадскія лакацыі, ажыўленая мітусня ў крамах, планаванне і набыццё падарункаў для родных.

– “Селядзец пад футрам” ці “аліўе”?

– У нашай сям’і аднолькава “паважаюць” абодва салаты.

– Мандарыны ці ананасы?

– Адназначна мандарыны. Іх водар для народжаных у СССР доўгі час атаясамліваўся выключна з Новым годам.

– Ці прымаеце ўдзел ва ўпрыгожванні елкі?

– Канешне. Жывучы ў прыватным доме, маем магчымасць упрыгожваць дзве елкі: штучную – штогод у трэндавай каляровай гаме і натуральную – цацкамі з нашага з жонкай дзяцінства.

– У загадванне і выкананне жаданняў пад бой курантаў верыце?

– Веру. Аднак кожнае загаданае ў навагоднюю ноч жаданне ў наступным становіцца ўласнай мэтай, якую імкнуся дасягнуць (усміхаецца – заўв. аўтара).

– Якія навагоднія традыцыі ёсць у вашай сям’і?

– Галоўная традыцыя – сустракаць свята ў коле родных і блізкіх людзей. Маючы дзяцей- студэнтаў, радуюся таму факту, што на Новы год яна па-ранейшаму імкнуцца дадому, каб разам сустрэць свята, згадаць прыемныя моманты адыходзячага года, абмяняцца падарункамі.

– Ці ёсць нейкі занятак або справа, якія абавязкова хочацца зрабіць у апошнія дні адыходзячага года. Калі так, то што гэта?
– Вельмі падабалася ў дзяцінстве, а пасля ў юнацтве глядзець навагоднія фільмы – добрыя, шчырыя, часам іранічныя, з геніяльнымі ў сваёй прастаце сюжэтамі, з таленавітымі акцёрамі. Цяпер хіба толькі слухаю іх, паралельна займаючыся хатнімі справамі. Аднак штогод згадваю такім чынам добра вядомы сюжэт “Іроніі лёсу” і “Джэнтэльменаў удачы”.

– Ці ўдзельнічаеце ў прыгатаванні святочнай вячэры? А магчыма ёсць на навагоднім стале страва, за якую адказваеце менавіта вы?
– Я не проста ўдзельнічаю, а нясу персанальную адказнасць за галоўную навагоднюю страву на сямейным святочным стале – гуся (усміхаецца – заўв. аўтара). А яшчэ з сынам мы гатуем шашлык. Калі дазваляюць умовы надвор’я, то абавязкова на адкрытым агні.

– Аляксандр Аляксандравіч, дзякуй, што ў сваім шчыльным графіку знайшлі час на інтэрв’ю. Завяршыць размову прапаную пажаданнямі землякам.
– Новы год для кожнага з нас звязаны са спадзяваннямі на выкананне самых запаветных жаданняў, з чаканнем чагосьці неверагоднага. Няхай жа надыходзячы год будзе шчодрым і апраўдае ўсе вашы чаканні! Няхай здароўе не падводзіць, праца спорыцца, родныя і блізкія ахінаюць клопатам і ўвагай! І вы,у сваю чаргу, не забывайце дарыць любоў і падтрымку, увагу і клопат. Няхай у кожным доме гучыць шчаслівы дзіцячы смех, павялічваецца дабрабыт кожнай сям’і і ўсёй краіны! Няхай жыццё іскрыцца светам дабрыні, дорыць шчасце і надзею!
З Новым 2024 годам, паважаныя землякі! З Новым шчасцем, шаноўныя!

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о