Новыя вяршыні адоранай моладзі Петрыкаўшчыны

0
404

Выбар будучай прафесіі – сур’ёзны крок на жыццёвым шляху. Гэты выбар часам зрабіць вельмі складана, бо знайсці сваё пакліканне і займацца любімай справай – адна са складальнікаў шчаслівага жыцця.
У Беларусі завяршыліся ўніверсітэцкія алімпіяды. Сярод пераможцаў і дыпламантаў – навучэнцы устаноў адукацый “Конкавіцкая сярэдняя школа”, “Капаткевіцкая сярэдняя школа”, “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”.

Універсітэцкія алімпіяды як адна з траекторый паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы завяршыліся на мінулым тыдні. Яны доўжыліся – ні многа ні мала – са студзеня бягучага году. Спачатку быў дыстанцыйны этап: любы старшакласнік мог паспрабаваць свае сілы ў заданнях па навучальных прадметах. Тыя, хто прайшлі далей, удзельнічалі ў заключным афлайн-туры на базе ўніверсітэтаў.
Асноўнымі задачамі алімпіяды з’яўляліся:
— павышэнне цікавасці ўдзельнікаў да вывучаемых вучэбных прадметаў, развіццё іх творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы.
— актывізацыя працы факультатыўных і прафарыентацыйных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах.
Згодна з новымі правіламі паступлення ўладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступеняў маюць права залічэння ў ВУЗы без уступных іспытаў. Хто ў ліку шчасліўчыкаў, даведалася карэспандэнт газеты.

Дар’я Абібак, навучэнка 11 класа ДУА “Конкавіцкая сярэдняя школа”
Дар’я атрымала дыплом ІІІ ступені па прадмеце “Гісторыя Беларусі” ў Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэте імя Францыска Скарыны, кіраўнік Дар’і – Аляксандр Уладзіміравіч Гвоздзь.
Аляксандр Уладзіміравіч прызнаецца: характарызуючы Дар’ю можна сказаць адно – таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Працаваць з ёю адно задавальненне. – У вучаніцы бездакорныя веды гісторыі Беларусі. Калі я прыйшоў працаваць у Конкавіцкую школу, дзяўчына ўжо валодала матэрыялам на ўніверсітэцкім узроўні, мне толькі заставалася падкарэктаваць і скампанаваць веды, – адзначае настаўнік.
– Яшчэ, Дар’я проста выдатны чалавек, спагадлівы і лагодны, а галоўнае, з жывым розумам, пахвальныя эпітэты можна падбіраць да бясконцасці, проста пагаварыце з яе аднакласнікамі. Датычна тэм, мы разбіралі ўсё, але я заўсёды раблю глыбейшы ўпор на Вялікую Айчынную вайну, бо нельга забываць подзвіг нашых продкаў. Чаму Дар’я? Усё проста – яна мая будучая калега, на мой погляд, яе чакае вялікая будучыня.
– Паступленне ва ўніверсітэт – адна з маіх галоўных мэт удзелу ў алімпіядзе, – распавядае Дар’я. – Я ўдзельнічаю ў розных гістарычных конкурсах па генацыдзе беларускага народа, праектах “100 ідэй для Беларусі”, “Цягнік памяці”, з’яўляюся экскурсаводам у школьным музеі. Для мяне гісторыя Беларусі – гэта не проста школьны прадмет, а частка жыцця.

Міхаіл Купрэй, навучэнец 11 класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”
У Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту на мінулым тыдні прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў універсітэцкай алімпіяды па матэматыцы. Міхаіл атрымаў дыплом ІІІ ступені, кіраўнік – Тамара Іванаўна Галіцкая.
Прыемна адзначыць, што навучэнец не адзін раз станавіўся пераможцам раённых алімпіяд. На пытанне чаму абраў “матэматыку” адказаў так: “Мне падабаецца гэты прадмет, заўсёды цікавяць заданні павышанай складанасці. Таксама займаюся дадаткова. Дзякуючы ўдзелу ў алімпіядзе, я адчуў упэўненасць у сваіх ведах і ўменнях, бо перамога – гэта не проста поспех, а пацверджанне таго, што я сапраўды добра разбіраюся ў сваім напрамку.
Рады, што мае старанні былі не марныя”.

Мілана Маркавец, навучэнка 11 класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”
Мілана стала пераможцам заключнага этапа ўніверсітэцкай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне (абслугоўваючая праца)”, атрымала дыплом III ступені МДПУ ім. І.П. Шамякіна, кіраўнік – Таццяна Мікалаеўна Лазовік.
–Па ўласным жаданні, па парадах настаўнікаў і бацькоў я вырашыла паўдзельнічаць і праверыць свае сілы. Я лічу, што ўніверсітэцкія алімпіяды – гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і атрымаць перавагу пры паступленні. Сёлета алімпіяда мне здалася ў меру складанай, але дастаткова цікавай. Мяне парадавала вялікая колькасць заданняў. Найбольш складаным было апошняе “Творчае”, дзе трэба было вылічыць, прадставіць у галаве. Калі я здала работу і выйшла з аўдыторыі, мае пачуцці былі вельмі супярэчлівымі. З аднаго боку, я адчувала страх, бо заўсёды ёсць сумненне: раптам недзе дапусціла памылку ці нешта недарабіла. З іншага боку, я адчувала ўпэўненасць у сваіх сілах, таму што ў мяне за плячыма тройчы дыплом І ступені на раённых алімпіядах па працоўным навучанні.
Мой галоўны савет вучням школ – выбірайце тое, што вам сапраўды цікава, і не бойцеся цяжкасцяў.

Радзівон Радзівонаў, навучэнец 11 класа ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа”
У шэрагу пераможцаў універсітэцкай алімпіяды ў МДПУ ім. І. П. Шамякіна – Радзівон Радзівонаў, які стаў пераможцам алімпіяды па матэматыцы. Высокая адзнака ў алімпіядзе – дыплом l ступені, таксама і заслуга яго кіраўніка – Галіны Міхайлаўны Кудравец. Даволі цікавы факт: Радзівон родам з дынастыі педагогаў. У хлопчыка з дзяцінства матэматычны склад розуму. З пятага класа ўдзельнічае ў алімпіядах, наведвае дадатковыя заняткі.
–Я чакаў гэтага выніку. Матэматыка – мой канёк. Калі я здаў працу і выйшаў з аўдыторыі, я адчуваў абсалютную ўпэўненасць у сваіх сілах. Я старанна рашаў усе задачы, праверыў кожнае з іх і быў упэўнены, што справіўся з заданнямі на вышэйшым узроўні. Вядома, заўсёды ёсць верагоднасць дапусціць нейкую памылку з-за няўважлівасці, але ў той момант я быў спакойны. Ведаў, што зрабіў усё магчымае, і гэта надавала мне ўпэўненасці. Да такога выніку я рыхтаваўся вельмі доўга – займаўся па некалькі гадзін у дзень і ў буднія дні, і ў выхадныя, і на канікулах. Прызнацца, было няпроста, але вынік усё апраўдаў. Права паступіць без іспытаў – гэта вялікая перавага, і я сур’ёзна разглядаю гэты варыянт. Аднак я пакуль не прыняў канчатковага рашэння, бо хачу ўзважыць усе магчымасці і выбраць тое, што будзе лепш за ўсё адпавядаць маім мэтам і інтарэсам,– падзяліўся Радзівон.
Мы ганарымся нашымі героямі і ўпэўнены, што гэты бясцэнны досвед будзе важным крокам на шляху да будучых дасягненняў. Толькі наперад!

Марыя Тамко,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о