Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых маштабных і трагічных падзей у гісторыі Беларусі. Памяць аб гераічных подзвігах нашых суайчыннікаў на франтах і самаадданай працы ў тыле, смутак аб вялікіх стратах, духоўна аб’ядноўвае наша грамадства і з’яўляецца адной з галоўных састаўляючых гістарычнай свядомасці беларускага народа. Заўтра наш родны горад адзначае гістарычную дату: 80 гадоў таму, Чырвоная Армія пасля цяжкіх баёў уступіла ў вызвалены Петрыкаў. Памяць аб тых часах сярод жыхароў Петрыкаўшчыны жывая і з кожным годам яна мацнее. Што гэтая дата значыць для сучаснікаў – спыталіся ў землякоў.
Святлана СЯНЬКО, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– Важная гістарычная дата 30 чэрвеня ўпісана ў гісторыю нашай малой радзімы як памяць аб вялікай падзеі – вызваленні роднай зямлі ад нашэсця фашысцкіх акупантаў. 80 гадоў таму нашы дзяды, прадзеды, цаной свайго жыцця, паказваючы нам прыклад стойкасці, гераізму, мужнасці, набліжалі Вялікую Перамогу. Вызваленне дасталася дарагім коштам. У баях за Петрыкаў загінула больш за 3 тысячы байцоў, партызан, камандзіраў.
Мінулі гады. За гэты перыяд горад Петрыкаў адрадзіўся з руін і попелу, ператварыўся ва ўтульны і дагледжаны куток нашай Беларусі.
Сёння нам ёсць чым ганарыцца, каго славіць, памятаць і шанаваць. Неацэнны ўклад у развіццё Петрыкаўшчыны, вядома, уносяць жыхары раёна.
Прадаўжальнікамі слаўных традыцый нашай зямлі з’яўляюцца маладыя петрыкаўчане, якія абавязаны шанаваць памяць аб героях, тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Вельмі важна разумець, што гэта не проста адна з дат у гісторыі, гэта сімвал таго, што мінулае не павінна паўтарыцца. Мы павінны згуртавацца і быць адзіным цэлым. Быць патрыётамі нашай Радзімы, ганарыцца і берагчы памяць пра подзвіг пакалення герояў.
Оставить комментарий