На ўрачыстасці, якая прайшла на мінулым тыдні ў аграгарадку Чалюшчавічы з нагоды галоўнага свята аграрыяў Петрыкаўшчыны “Дажынкі-2025”, сярод вадзіцеляў на адвозцы зерневых і зернебабовых культур ад камбайнаў Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй адзначаны Андрэй Несцярчук, вадзіцель БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”.
Кожны год уборачная страда становіцца сапраўдным выпрабаваннем для аграрыяў. У гэтыя напружаныя дні ад зла-джанай работы механізатараў, і камбайнераў залежыць дабрабыт усёй краіны. Сёлета Андрэй Іванавіч заняў першае месца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжа ад камбайнаў. Мужчына другі год запар адзначаецца сваімі поспехамі ў абранай справе. Ва ўборачнай кампаніі бягучага года яму давялося ладна папрацаваць, каб перавезці на “МАЗ-457043” ад камбайнаў запаветныя 1 107,05 тон збожжа. Зрэшты, для Андрэя Іванавіча гэты рубеж не новы. За тры гады працы ў гаспадарцы ён неаднаразова станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў. Гэты год толькі даказаў, што ўсе яго ўзнагароды заслужаныя.
– Мне вельмі падабаецца мая праца, спаборніцкі дух. Вядома, працаваць летам у полі нялёгка. Не ведаюць аграрыі выхадных дзён, як другія кіроўцы, – штодня на ніве пакуль сонца над галавою. Але з цягам часу праца становіцца звыклай, прыносіць асалоду, а згуртаваны калектыў дапамагае пераадольваць усе цяжкасці агульнай, зладжанай працай,– распавядае Андрэй Іванавіч. – У час уборачнай кампаніі за дзень атрымоўвалася зрабіць пяць-шэсць рэйсаў. Калі надвор’е спрыяла, працавалі з раніцы і да позняга вечара: нельга было страціць ніводнага зярнятка. Я заўсёды імкнуся рабіць сваю працу найлепшым чынам, бо гэта мой уклад у развіццё роднага краю.
Андрэй Несцярчук застаецца верным сваёй справе і роднай зямлі. Яго працавітасць і адданасць сельскай гаспадарцы робяць мужчыну сапраўдным героем палёў, і ён з гонарам выконвае свае абавязкі.
– Тут я адчуваю сябе як дома. У нас ёсць усе ўмовы, каб добра зарабляць і забяспечваць сям’ю, – адзначае герой.
Андрэй Несцярчук дзеліцца:
– Адвозка збожжа да месца захоўвання – гэта важны этап, які ўплывае на ўвесь працэс уборкі. Сілы для такой напружанай працы ён чэрпае ў сваёй вялікай і дружнай сям’і. Дома мужчыну чакае жонка Таццяна і шасцёра дзяцей – чатыры сыны і дзве дачкі. На пытанне, дзе ён знаходзіць энергію, Андрэй Іванавіч усміхаецца: менавіта сям’я, клопат пра блізкіх і шчырая праца – яго галоўная крыніца сілы.
Марыя Тамко,
фота аўтара.
Оставить комментарий