Не парушаючы шматгадовай навагодняй традыцыі, напярэдадні свята мы сустрэліся з кіраўнікамі розных структурных падраздзяленняў раёна, каб даведацца, якім для іх калектываў быў год, што вось-вось стане гісторыяй, і чаго яны чакаюць ад надыходзячага 2024 года.
Мікалай СЕМЯНІЦКІ, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама:
– Адыходзячы год для сістэмы сацыяльнай абароны раёна быў даволі прадуктыўным: мэты дасягнуты, усё пачатае даведзена да свайго лагічнага завяршэння. Па праву ганарымся тым, што сітуацыя на рынку працы Петрыкаўшчыны характарызуецца як стабільная і кантралюемая.
На працягу года дзяржавай і нашай службай было забяспечана надзейнае функцыянаванне пенсійнай сістэмы і своечасовая выплата пенсій і дапамог. Папулярызацыя і пашырэнне відаў сацыяльных паслуг для пажылых грамадзян і інвалідаў дазволілі павялічыць колькасць грамадзян, ахопленых гэтымі паслугамі. Падтрымліваць актыўны лад жыцця для пажылога чалавека дапамагае разнастайная клубная і гуртковая работа, якая арганізуецца тэрытарыяльным цэнтрам, колькасць наведвальнікаў якога з кожным годам павялічваецца.
Мы сустракаем Новы 2024 год з надзеяй і верай у будучыню.
5 студзеня органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне адзначаць сваё 105-годдзе. Чалавек як галоўная каштоўнасць быў і застаецца ў цэнтры ўвагі і клопату дзяржавы. І мы, работнікі органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, будзем рабіць усё для таго, каб кожны чалавек, які мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе, атрымаў іх, быў акружаны клопатам і ўвагай.
Сяргей РАКІЦКІ, дырэктар ААТ “Чалюшчавічы”:
– Згадваючы сёлетні няпросты аграрны год, хочацца спыніцца на вытворчых поспехах нашага сельгаспрадпрыемства. Так, па выніках года валавая вытворчасць склала 120% да ўзроўню мінулага года, а выручка на аднаго працуючага – 130%. За гэты год пры спонсарскай падтрымцы ААТ “Беларуськалій” мы істотным чынам узнавілі і аднавілі свой аўтапарк. Сёння актыўна ідзе будаўніцтва адкормачнай пляцоўкі.
Адным словам, наша задача максімум на бліжэйшыя некалькі гадоў – стаць лепшым сельгаспрадпрыемствам раёна. Паверце, у нас ёсць для гэтага ўсё: пастаянная падтрымка дзяржавы, кіраўніцтва вобласці і раёна, дакладнае ўсведамленне пастаўленых задач, адказны і працаздольны калектыў.
Напярэдадні самага светлага і чароўнага свята жадаю ўсім працаўнікам сельскагаспадарчай галіны спрыяльных умоў надвор’я, годных надояў і прываг, моцнага здароўя, сямейнага шчасця і матэрыяльнага дабрабыту.
З Новым годам, Петрыкаў-шчына! З новым годам, землякі!
Людміла ЖУКАВЕЦ, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама:
– 2023 для сістэмы адукацыі быў поўны новаўвядзенняў, пачынаючы ад новай формы атэстацыі, змянення тэрмінаў паступлення ў ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, атрыманне спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці, увядзення правілаў педагагічных работнікаў.
Сур’ёзным выпрабаваннем для педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў было правядзенне атэстацыі выпускнікоў у новым фармаце – у форме цэнтралізаванага экзамену.
Ва ўстановах адукацыі раёна працуюць і вучацца таленавітыя педагогі і навучэнцы, якія сёлета годна і вынікова прадстаўлялі Петрыкаўскі раён на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, канферэнцыях, праектах і спаборніцтвах.
У Год міру і стварэння асаблівая ўвага была нададзена выхаванню патрыятызму, гонару за сваю любімую Радзіму. У кожнай установе адукацыі створаны музейныя пакоі і экспазіцыі на тэму генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, матэрыялы якіх актыўна выкарыстоўваюцца пры правядзенні навучальных і выхаваўчых заняткаў. Рэалізаваны патрыятычныя праекты, акцыі, конкурсы, арганізавана наведванне музеяў, мемарыяльных комплексаў.
Разам з тым, над многім нам трэба яшчэ працаваць, каб у 2024 годзе, які аб’яўлены Годам якасці, паказаць годныя вынікі ва ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці.
Напярэдадні Новага года хачу пажадаць усім мірнага неба і дабрабыту. Няхай новы год прынясе ўсім нам шмат новых дасягненняў, моцнага здароўя і кахання. Няхай кожны дом будзе напоўнены шчасцем і дабрынёй.
Сяргей ГАЙЧУК, дырэктар КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”:
– Нягледзячы на сур’ёзныя выклікі, якіх было нямала ў адыходзячым годзе, наша прадпрыемства не толькі захавала, але і нарасціла тэмпы росту і развіцця, забяспечыла аказанне насельніцтву і юрыдычным асобам жыллёва-камунальных паслуг у патрэбных аб’ёмах. Шмат зроблена па навядзенню парадку ў грамадскіх месцах і на прыдамавых тэрыторыях. Многія работы праве-дзены пры вашай падтрымцы і непасрэдным удзеле, паважаныя землякі, і за гэта мы вам шчыра ўдзячны.
Нямала зроблена па ўхіленні набалелых пытанняў. У планавым рэжыме праводзіўся капітальны рамонт шматпавярховак у райцэнтры і сельскіх населеных пунктах. Жылы сектар раёна мае нямала праблем, мы пра іх ведаем і пры належным фінансаванні яны будуць вырашацца згодна з графікам.
Не засталіся без увагі пытанні ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі. Так, у ІІІ квартале бягучага года быў праведзены рамонт вулічна-дарожнай сеткі на вуліцах Чапаева, Гогаля, Андрэева ў горадзе і на вуліцы Гарадоцкай у вёсцы Мышанка. Агульны кошт рамонту склаў 299 тысяч 711 рублёў, адрамантавана 9456 квадратных метраў пакрыцця. У наступным годзе гэта работа будзе працягнута.
Прасцей кажучы, асноўныя прагнозныя паказчыкі выкананы. Я хачу падзякаваць усім работнікам прадпрыемства за добрасумленную працу.
Ад усяго калектыву жадаю жыхарам раёна, каб надыходзячы 2024 год стаў для вас і вашых блізкіх па-сапраўднаму добрым і шчаслівым, прынёс новыя жыццёвыя дасягненні і прафесійныя перамогі.
Запісала Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий