Органы дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь сёння адзначаюць 105-ю гадавіну з дня заснавання.
За больш чым векавы шлях развіцця неаднаразова мяняліся назва і структура органаў дзяржаўнай статыстыкі, але пры гэтым заўсёды захоўваліся мэты і задачы: збор, апрацоўка, захоўванне і абарона першасных статыстычных дадзеных, фарміраванне, распаўсюджванне і прадстаўленне афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.
У сучасным свеце афіцыйная статыстычная інфармацыя адыгрывае ключавую ролю ў выпрацоўцы і прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў, з’яўляецца крыніцай фарміравання аб’ектыўных і дакладных дадзеных аб эканамічным, дэмаграфічным, сацыяльным і экалагічным становішчы ў рэспубліцы. Таму высокая якасць статыстычнай інфармацыі з’яўляецца асноўнай задачай дзяржаўнай статыстыкі.
Працэс вытворчасці статыстычнай інфармацыі ажыццяўляецца на аснове ўкаранення адзінай сістэмы збору, апрацоўкі, захоўвання і распаўсюджвання дадзеных з выкарыстаннем эфектыўных інфармацыйных тэхналогій, вылічальных і тэлекамунікацыйных сродкаў. Так, спецыялістамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта было распрацавана і ўкаранёна праграмнае забеспячэнне “Электронны рэспандэнт анлайн” (шматфункцыянальны вэбпартал Белстата), якое дазваляе прадстаўляць статыстычную справаздачнасць у электронным выглядзе ў рэжыме анлайн з любога камп’ютара, падключанага да сеткі Інтэрнэт.
Адным з важных напрамкаў дзейнасці органаў дзяржаўнай статыстыкі з’яўляюцца абследаванні дамашніх гаспадарак. У нашым раёне праводзяцца статыстычныя выбарачныя абследаванні дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця і вывучэнні праблем занятасці насельніцтва. Таксама праходзіць выбарачнае абследаванне асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці. У дадзеных абследаваннях удзельнічаюць хатнія гаспадаркі Петрыкава і Галубіцкага сельскага Савета. Уся інфармацыя, атрыманая ад хатніх гаспадарак, з’яўляецца канфідэнцыйнай і выкарыстоўваецца толькі для фарміравання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.
Актуальныя навіны, тлумачэнні і карысныя матэрыялы даступны рэспандэнтам і карыстальнікам у Instagram, Telegram, а таксама на афіцыйных сайтах Белстата і Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці. Статыстыка стала бліжэй, больш зразумелай і даступнай як для спецыялістаў, так і для шырокай грамадскасці.
На сённяшні дзень паўнату збору, якасць і дакладнасць афіцыйнай статыстычнай інфармацыі ў раёне забяспечваюць работнікі аддзела: начальнік Аксана Басюк, намеснік начальніка Ніна Яцко, вядучы эканаміст Таццяна Кароль і спецыяліст па правядзенні абследаванняў Валянціна Гіравая. Праца статыстыкаў – гэта штодзённая карпатлівая праца і каласальная асабістая адказнасць.
Неацэнны ўклад у развіццё галіны ўсіх работнікаў, у тым ліку і тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Гэта Таццяна Будзяка, Раіса Будзіловіч, Ірына Купрэй, Надзея Шышлова, Марыя Крупа, Валянціна Мясніковіч, Людміла Самарына.
У дзень прафесійнага свята віншую калег і ветэранаў і жадаю здароўя, дабра, поспехаў, дабрабыту сем’ям і працвітання нашай краіне, а таксама стабільнасці, спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні!
Аксана БАСЮК,
начальнік аддзела.
Фота Галіны КАЗАК.
Оставить комментарий