Не сакрэт, што праца аграрыяў не абмяжоўваецца толькі тым, каб якасна і тэрмінова сабраць ураджай. Як толькі ў кузавах грузавікоў сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца першае зерне – не менш важнай задачай становіцца дапрацаваць і захаваць золата нашых палеткаў. Не меншая ўвага надаецца і перапрацоўчаму працэсу. З гэтай нагоды мы наведаліся на вытворчыя магутнасці, дзе зерне і шэраг карысных дабавак пераўтвараюцца ў камбікорм.

Належна захоўваем “золата палеткаў”

Некаторыя з нашых чытачоў магчыма і не ведаюць, што за сціплай афіцыйнай фармулёўкай Пціцкага вытворчага ўчастку СУП “Палессе-Аграінвест” хаваецца адзін з наймагутнейшых камбікормавых заводаў вобласці. З ветлівай усмешкай нас сустрэла добразычлівая жанчына Галіна Камеш, якая працуе тут майстрам – шчыры чалавек, які адносіцца з любоўю і павагай да сваёй работы і агульнай працы ўсяго калектыву.

– Нарадзілася я ў вёсцы Вялаўск і пасля заканчэння школы навучалася ў Бабруйскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Напрыканцы вучобы мяне размеркавалі на родную Петрыкаўшчыну, у калгас “40 гадоў Кастрычніка” – зараз гэта сельгаспрадпрыемства “Агра-Пціч”. У гаспадарцы я рабіла да выхаду на адпачынак па доглядзе за дзіцём, а пасля дэкрэтнага працаўладкавалася ўжо на гэтае прадпрыемства, што сярод мясцовых мела простую назву – завод “Зерне”. Так, з 1994 года мой працоўны шлях непарыўна звязаны з гэтай вытворчасцю, – расказала Галіна Уладзіміраўна.

Першапачаткова жанчына працавала бухгалтарам, потым – касірам, а праз пэўны час была прызначана на пасаду майстра. Зараз сярод яе працоўных абавязкаў – прыёмка зерня, яго дапрацоўка і перапрацоўка, а таксама захоўванне. Спробы прыбыўшага зерня адпраўляюцца ў лабараторыю, дзе вызначаецца яго вільготнасць і засмечанасць. Сухое зерне адпраўляецца ў гумны, вільготнае – дапрацоўваецца. Сыравіна размяркоўваецца па складах і чакае, так бы мовіць, свайго часу, пакуль не трапіць на вытворчасць. За гэты тэрмін зерне яшчэ некалькі разоў правяраюць і, калі на гэта ёсць патрэба, дасушваюць, а таксама абавязкова перасыпаюць, каб вільгаць не накоплівалася ў глыбіні масіву “золата палеткаў”.

Належна захоўваем “золата палеткаў”

За сезон на Пціцкі вытворчы ўчастак можа паступаць за 10 тысяч тон зерня з ніў “Палесся-Аграінвест”, потым частка сыравіны яшчэ набываецца ў іншых гаспадарак, бо лепей купляць танную сыравіну, чым потым пераплочваць за каштоўны прадукт харчавання для буйной рагатай жывёлы і свінняў. Дарэчы, у рацыёне гадаванцаў сельгаспрадпрыемства з дзясятак гатункаў камбікорму ўласнай вытворчасці, якога вырабляецца тут каля паўтары тысяч тон на месяц.

– Калектыў у нас вельмі добры. Работу ўсе выконваюць добрасумленна і тэрмінова. У прыватнасці, разам са мной працуюць яшчэ чатыры чалавекі, – удакладніла суразмоўца, і потым стала зразумела, што паняцце “падначаленыя” жанчына не ўжывала спецыяльна, бо сярод галоўных складальнікаў паспяховай працы адзначыла: – У першую чаргу ў калектыве павінна панаваць павага і ўзаемаразуменне. Усе пытанні мы вырашаем калегіяльна, такім чынам працоўныя цяжкасці становяцца не асабістымі, а агульнымі і пераадольваюцца нашмат прасцей. У рабоце мы заўсёды раімся, кожны можа выказаць сваю прапанову на агульную карысць справы, – заўважыла Галіна Камеш.

Належна захоўваем “золата палеткаў”

Што да жыцця асабістага, то Галіна Уладзіміраўна – шчаслівая маці і бабуля. Дзве дачкі, якія жывуць у Жлобіне, падарылі нашай гераіне пяць унукаў, якія радуюць бабулю сваімі поспехамі.

– Яны ў мяне і выраслі. Усё лета мы заўсёды праводзім тут, у Пцічы, і знаходзім шмат магчымасцяў бавіць час цікава і карысна. Ведаеце, некаторыя прадстаўнікі старэйшага пакалення наракаюць на падлеткаў, што яны, маўляў, нічога, апрача тэлефонаў сваіх, навокал не бачаць. Маім жа заўсёды цікава і на рыбалку схадзіць, і ў лес. Станоўча паўплывала яшчэ і тое, што чацвёра ўнукаў блізкага ўзросту, а ў сваёй кампаніі ім сумаваць не выпадае. Старэйшыя хлопчыкі і сярэдняя дзяўчынка, якім 13, 12 і 10 гадоў адпаведна, разам займаюцца біятлонам і радуюць мяне сваімі спартыўнымі поспехамі. Васьмігадовая Ульяна зацікавілася музыкай, ну а малодшаму дзіцяці яшчэ толькі 2 гадкі.

Скажу шчыра – унукі і ёсць крыніца маіх жыццёвых сіл. Многія людзі майго ўзросту мараць выйсці на заслужаны адпачынак, а я неяк і не заўважыла, за радасцю пра малых, гэтага тэрміну і ўжо год працую на пенсіі. Пэўна, з асабістага шчасця часцей за ўсё і пачынаюцца поспехі працоўныя, – падзялілася Галіна Камеш.

Напрыканцы нашай гутаркі жанчына пажадала калегам моцнага здароўя, дабрабыту ў кожным доме, узаемаразумення ў сем’ях і на працы і мірнага неба над галавой. Калектыў рэдакцыі далучаецца да гэтых цёплых слоў на адрас працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.

Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о