Учора адзначылі сваё прафесійнае свята работнікі землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы, людзі, без якіх не вырашаецца ні адно зямельнае пытанне.
Калектыў аддзела землеўпарадкавання Петрыкаўскага райвыканкама невялікі: начальнік – Надзея Будовіч-Ермак, галоўныя спецыялісты – Алена Скрупская, Вольга Тарасевіч, Ганна Туравец. Апошняя з іх – гераіня сённяшняга матэрыялу. Такі выбар не выпадковы: Ганна Туравец аддала зямельнай справе каля трыццаці гадоў, яна прафесіянал, які паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі.
– На тых, хто звязаў сваё жыццё з землеўпарадкавальнай службай ляжыць вялікая адказнасць: правільна арганізаваць выкарыстанне прыроднага багацця. Любое будаўніцтва, рэканструкцыя, новая дарога або лінія электраперадач, апрацоўка зямлі не абыходзіцца без зямельнікаў. У супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з нашай службай маюць неабходнасць практычна ўсе галіны Петрыкаўшчыны, па- гэтаму наша праца патрабуе дасканалага ведання заканадаўства ў зямельных пытаннях, – пачынае размову Ганна Васільеўна.
Звязаць сваё жыццё з такой адказнай і ганаровай справай зямлячка вырашыла па заканчэнні другой ступені навучання ў сваёй роднай Ляскавіцкай школы. Прычына такому рашэнню простая: з дзяцінства любіла беларускія краявіды, навакольную прыгажосць. Паступіла ў Пінскі саўгас-тэхнікум на спецыяльнасць “Землеўпарадкаванне”. Пасля вучобы мела практыку ў архітэктурнай справе, у 1998 годзе прыйшла на працу ў Петрыкаўскі райвыканкам вядучым спецыялістам у аддзел па зямельных рэсурсах. З утварэннем землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы пачала шлях галоўнага спецыяліста службы. Гераіня дзеліцца, што на сённяшні дзень у яе кампетэнцыі работа з юрыдычнымі асобамі, садовымі і гаражнымі таварыствамі. Але калі неабходна – бярэцца за вырашэнне і іншых зямельных пытанняў. У калектыве прысутнічае ўзаемавыручка і падтрымка. Ганна Васільеўна робіць асаблівы акцэнт: усе яе калегі адказна і ўзважана падыходзяць да сваіх абавязкаў, праяўляючы найлепшыя прафесійныя якасці.
– Нельга сказаць, што нейкі напрамак у нашай сферы менш ці больш значны. Вядома, час ставіць перад намі новыя задачы, якія патрабуюць аператыўнасці і актуалізацыі рэсурсаў. Але ўсе мы ідзём да адной мэты: кожны кавалачак зямлі павінен быць выкарыстаны беражліва і па прызначэнні, – выказвае думку гераіня.
Спецыяліст не хавае: бывае, даводзіцца затрымацца на рабоце да позняга вечара, а то і ў выхадны дзень прыйсці ў аддзел. Зямлячка адносіцца да такіх момантаў з разуменнем, так як і яе родныя. Суразмоўца дзеліцца, што ў яе сям’і яна адна звязала сваю прафесійную дзейнасць з зямельнай справай. Муж адпрацаваў майстрам, на некалі вучэбна-вытворчым камбінаце, дзве дачкі выбралі педагагічны і бухгалтарскі шлях. Жанчыну радуюць чатыры ўнучкі, і, магчыма, хтосьці з іх працягне важную працу бабулі.
– З нагоды прафесійнага свята хачу перадаць ад службы словы ўдзячнасці ветэранам галіны, – звярнулася Ганна Васільеўна. – Усе яны за перыяд сваёй працы ў нашым калектыве шмат зрабілі для таго, каб зямля на тэрыторыі Петрыкаўшчыны выкарыстоўвалася як мага больш эфектыўна. – Калегам жадаю моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах. А яшчэ – берагчы зямлю і яе багацці, бо ў ёй аснова нашага дабрабыту. Па прынцыпе гаспадарчага падыходу да зямлі мы будзем працаваць і далей.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий