Сёння ўжо можна смела сказаць, што жніво засталося ў мінулым. Уборачная кампанія-2025 паказала, на што здольныя нашыя хлебаробы.

Да вялікай радасці і гонару жыхароў раёна, сёлета на Петрыкаўшчыне ёсць экіпаж камбайнераў, якія змаглі пераўзысці двухтысячны рубеж па намалоце зерневых. Гэта экіпаж СУП “Палессе-Аграінвест” у саставе старшага камбайнера Віктара Сугрэя і памочніка камбайнера Юрыя Махнаткіна, якія намалацілі 2 167,99 тон збожжа.
– У экіпажы з Юрыем мы працуем першы год. Скажу шчыра, з першых дзён жніва была ў нас мэта дабіцца такога выніку. Да яе ажыццяўлення ішлі мэтанакіравана – і ні надвор’е, ні стомленасць нам не перашкодзілі ўзняцца на жніўны п’едэстал, – дзеліцца старшы камбайнер Віктар Сугрэй. – Працавалі зладжана, ні гадзіны не гублялі дарэмна. Каб запісаць на свой рахунак доўгачаканыя дзве тысячы, нам давялося вельмі пастарацца.
Віктар Валер’евіч яшчэ са школьных часоў вырашыў, што звяжа сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Па душы яму былі палеткі, прасторы каля роднай вёскі Вышалаў. Пасля заканчэння Галубіцкай сярэдняй школы юнак пайшоў вучыцца ў Петрыкаўскі вучэбна-вытворчы камбінат, дзе атрымаў пасведчанне трактарыста. Прайшло з тых часоў адзінаццаць гадоў, а малады зямляк гэтак жа любіць прасторы малой радзімы і сваёй адказнай працай праслаўляе прафесію хлебароба. У мужчыны падрастаюць двое дзяцей, і механізатар прызнаецца: сваім прыкладам імкнецца прывіць у іх цікавасць да працы на зямлі, бо лічыць яе важнай, цікавай, перспектыўнай.
Петрыкаўшчына для памочніка камбайнера Юрыя Махнаткіна стала другім домам у 2015 годзе. Мужчына родам з Магілёўскай вобласці. З будучай жонкай, ураджэнкай вёскі Рубча Петрыкаўскага раёна, вучыўся ў адной групе ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля заканчэння ВНУ маладыя спецыялісты прыехалі на першае месца працы на малую радзіму жонкі. Працуюць абое ў “Палессі-Аграінвест”: Юрый Міхайлавіч – механізатарам, Кацярына Аляксандраўна – галоўным аграномам. За гэты час у маладой сям’і адбылося шмат змен, і ўсе прыемныя: купілі дом у райцэнтры, які ім прапанавала гаспадарка ў час іх прыезду, знайшлі сябе ў прафесіі, і самае галоўнае – у сям’і падрастае сынок.
– Калі гаварыць пра ўборачную кампанію і пра той вынік, які мы паказалі сёлета ў камандзе з Юрыем, то трэба адзначыць, што тэхніка была добра падрыхтаваная да жніва, не падвяла, – уступае ў размову Юрый Міхайлавіч. – Немалаважным з’яўляецца і той факт, што хлебаробы і кіраўніцтва гаспадаркі разумелі наколькі важна прыбраць своечасова хлеб, праявіць максімальную сабранасць і самааддачу. Усе мы ў час жніва працавалі ў камандзе, дэманструючы прыклад працавітасці і прафесіяналізму, адданасці роднай зямлі, бо ішлі да адной мэты – годнага караваю 2025 года.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о