17 лістапада сваё прафесійнае свята адзначылі ўчастковыя інспектары. Менавіта ў гэты дзень у 1923 годзе была ўтворана служба ўчастковых інспектараў міліцыі. Сёння яна займае адно з вядучых месцаў у сістэме органаў унутраных спраў. З гэтай нагоды хочацца расказаць пра тых, хто толькі пачынае свой шлях у органах унутраных спраў, але ўжо дэманструе мэтанакіраванасць, адказнасць і шчырае жаданне служыць людзям.

Карэспандэнт “ПН” сустрэлася з Яўгеніем Лашчонавым, участковым інспектарам міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Петрыкаўскага РАУС. Малады лейтэнант прыйшоў на службу крыху больш за год таму. За гэты час яму ўжо даводзілася не адзін раз ўладжваць сямейныя канфлікты, уціхамірваць дэбашыраў, настаўляць на шлях правільны тых, хто “злоўжывае”.
Малады праваахоўнік родам з аграгарадка Ляскавічы. Пасля заканчэння дзевяці класаў школы, юнак паступіў у Палескі дзяржаўны аграрны каледж імя У. Ф. Міцкевіча, дзе асвоіў спецыяльнасць агранома. Скончыўшы вучобу, малады спецыяліст адправіўся на адпрацоўку ў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Агра-Слабада». Здавалася б, яго будучыня – праца на зямлі, развіццё сельскай гаспадаркі.
Аднак лёс распарадзіўся інакш. Усяго праз тры месяцы пасля пачатку працоўнай дзейнасці Яўгенія прызвалі на тэрміновую вайсковую службу. Паўтара гады, праведзеныя ў войску, сталі важным этапам у яго жыцці. Менавіта там, як прызнаўся сам праваахоўнік, пачалі зараджацца думкі пра службу ў органах унутраных спраў. Армейская дысцыпліна, пачуццё абавязку і адказнасць знайшлі водгук у яго сэрцы.
Вярнуўшыся дадому, Яўгеній не адразу рашыўся на такі кардынальны крок. Ён уладкаваўся на працу ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі», дзе працаваў у пажарна-хімічнай службе. Два гады, праведзеныя ў гэтай няпростай, але такой важнай сферы, загартавалі яго, навучылі дзейнічаць хутка і працаваць у камандзе. Праз некаторы час паступіла прапанова пайсці служыць у органы ўнутраных спраў, Яўгеній зразумеў – на гэты раз, гэта яго шанец. І ён прыняў рашэнне…
Шлях да ўчастковага інспектара быў пройдзены з поўнай аддачай. Яўгеній паспяхова прайшоў падрыхтоўку ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. І ў жніўні мінулага года зямляк прыступіў да службы ўчастковага інспектара міліцыі.
Малады лейтэнант, нягледзячы на невялікі стаж службы, паспеў ужо зарэкамендаваць сябе як адказны і ўважлівы супрацоўнік. У рабоце ён прытрымліваецца прынцыпу: “Усе задачы выканальныя”. Галоўнае, на яго думку – гэта ўменне знайсці падыход да людзей, выслухаць іх праблемы, працаваць сумленна, адказна і справядліва. Менавіта гэтыя якасці робяць участковага інспектара сапраўдным памочнікам і абаронцам для жыхароў свайго адміністрацыйнага ўчастка.
– Кожная заява – гэта асобная гісторыя. І ва ўсім даводзіцца старанна разбірацца. Трэба не толькі паглыбіцца ў праблему, зразумець, што здарылася, але і знайсці выхад з сітуацыі, якая склалася. Кожны выпадак індывідуальны, – распавядае пра свае працоўныя будні праваахоўнік. – Адзін дзень не падобны на іншы, любая справа па-свойму цікавая. У кожным асобным выпадку трэба быць псіхолагам і ўважлівым аператыўнікам. Трэба ўмець не толькі слухаць, але і чуць. Як правіла, я атрымліваю інфармацыю з першых вуснаў, якую ў наступным магу выкарыстоўваць для папярэджання правапарушэнняў і нават раскрыцця злачынстваў. З часам пачынаеш разумець, як трэба выбудоўваць дыялог з рознымі катэгорыямі грамадзян. Важна знайсці правільны падыход да кожнага чалавека, умець наладзіць зносіны з людзьмі.
Але служба – гэта не адзінае, што напаўняе жыццё нашага героя. Пасля напружанага працоўнага дня ён спяшаецца да сваёй любячай сям’і. З жонкай Людмілай яны выхоўваюць дзвюх цудоўных дачушак – Алену і Алесю. Малады тата з цеплынёй заве іх сваімі “мілымі кветачкамі”. Сямейнае цяпло і падтрымка, безумоўна, даюць яму сілы для выканання службовых абавязкаў.
– Жадаю ўсім участковым інспектарам здароўя, упэўненасці ў сабе, стойкасці, сямейнага дабрабыту і мірнага неба над галавой.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о