На варце інтарэсаў грамадства і дзяржавы

0
352

26 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры. Напярэдадні знакавай падзеі мы сустрэліся з пракурорам раёна Сяргеем Таболічам, каб згадаць шлях, які прайшла пракурорская служба Петрыкаўшчыны, і пагаварыць пра сённяшнія задачы і накірункі дзейнасці.

На варце інтарэсаў грамадства і дзяржавы– Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б згадаць усіх тых, чыім прафесіяналізмам і адказным стаўленнем да працы была створана і паспяхова функцыянавала ўсе гэтыя гады наша служба, – пачаў гаворку пракурор раёна – Так, у горадзе Петрыкаве, як і ў іншых гарадах і раённых цэнтрах краіны, з завяршэннем ваенных дзеянняў сталі стварацца органы пракуратуры. У Мазырскім дзяржаўным архіве ёсць дакументы пракуратуры Петрыкаўскага раёна, датаваныя 1944 годам – фактычна, часам вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Па інфармацыі суразмоўцы, у 1944 годзе пракуратуру раёна ўзначальваў І.П. Басанаў, які скончыў Свярдлоўскі камуністычны інстытут і шасцімесячныя юрыдычныя курсы. З 1945 года пракурорам раёна быў І.І.Цал, 1914 года нараджэння, які навучаўся ў двухгадовай юрыдычнай школе ў Маскве.

На варце інтарэсаў грамадства і дзяржавы
Пракуратура да 1983 года размяшчалася па вуліцы Вароўскага ў аднапавярховым будынку
На варце інтарэсаў грамадства і дзяржавы
Службовы аўтамабіль пракуратуры раёна, 1961 год

На пасадзе памочніка пракурора да 20 жніўня 1947 года былі В.В.Зубар і А.А.Бубенка. Народнымі следчымі ў гэтыя гады працавалі І.М.Блахін і М.В.Маскальчук.
Пракуратуру Петрыкаўскага раёна ў розны час узначальвалі К.Т.Нікіфараў, С.І.Рабушаў, М.С.Грамыка, Н.І.Панцялееў, Г.П.Пракаповіч, А.Ю.Сінкевіч, У.М.Канаплянік, А.А.Марыніч, Ю.А.Прыходзька, В.Г.Бобель, С.П.Балахонаў.
З архіўных дакументаў даведаліся і пра матэрыяльнае забеспячэнне працаўнікоў пракуратуры ў цяжкі пасляваенны час. Так, у матэрыялах архіва ёсць акт комплекснай праверкі пракуратуры Петрыкаўскага раёна ў снежні 1947 года. З яго даведваемся, што “пракуратура раёна знаходзіцца ў асобным будынку, кабінеты адрамантаваны, у пракуратуры друкарскай машынкі няма, гародніна і дровы для работнікаў пракуратуры нарыхтваныя, сена для каня ёсць”.

З гадамі паляпшалася і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне пракуратуры раёна: з’явіліся друкарскія машынкі, замест коней – службовыя аўтамабілі.
Аднак, як вядома, галоўная каштоўнасць любой структуры, кожнага працоўнага калектыва – гэта людзі, шчырыя і адданыя сваёй справе працаўнікі.
Як распавёў у час сустрэчы Сяргей Уладзіміравіч, амаль паўстагоддзя свайго жыцця прысвяціла райпракуратуры Галіна Георгіеўна Курдо. Жанчына 43 гады адпрацавала на пасадзе загадчыцы канцылярыі і 5 гадоў – кур’ерам-прыбіральшчыцай. Па успамінах Галіны Георгіеўны, пачатковыя веды ў галіне дакументацыі і справаводства яна набывала пад кіраўніцтвам пракурору раёна – Рабушава С.І., які расказаў, як рэгіструюцца дакументы і правільна вядуцца журналы.

З успамінаў Галіны Курдо: “Дакументаў было шмат. Усё трэба было надрукаваць у тэрмін, таму часам затрымлівалася пасля працы. На машынцы друкавала хутка. Справе гэтай навучылася на папярэднім месцы працы – была крэдытным інспектарам у банку”.
Яшчэ адзін ветэран – Дарафеева Валянціна Ільінічна. Сваю працоўную дзейнасць у органах пракуратуры пачала ў 1965 годзе. На пасадзе кур’ера-прыбіральшчыцы адпрацавала ў райпракуратуры без малога 30 гадоў.
З успамінаў Валянціны Ільінічны: “На пасаду кур’ера-прыбіральшчыцы прэтэндавала 8 чалавек. Мне ўстанавілі выпрабавальны тэрмін тры дні. З даручанай працай я спраўлялася добра, у выніку чаго і была прынята на пасаду. Апроч адпраўкі паштовай карэспандэнцыі і ўборкі, я таксама ажыццяўляла ацяпленне будынка пракуратуры, таму на працу прыходзіла ў 5-6 гадзін раніцы, а таксама і ў выхадныя”.
– Неабходна зазначыць, што ўсе пакаленні працаўнікоў пракуратуры аб’ядноўваюць сумленнасць, прынцыповасць і прафесіяналізм. Гэта неад’емныя патрабаванні да нашай няпростай працы.
Сёння ў пракуратуры раёна працуюць адданыя сваёй справе людзі: намеснік пракурора Алег Мінаў, памочнік пракурора Алена Панасейка, загадчыца канцылярыі Вольга Карсека, вадзіцель Мікалай Занкевіч, прыбіральшчыца Таццяна Цімашышына.
Так, калектыў пракуратуры зусім нешматлікі, але працаздольны. Жыццёвы і прафесійны досвед супрацоўнікаў у стане значна падвысіць эфектыўнасць пракурорскага нагляду. Я ўпэўнены, што нашыя сённяшнія справы і дасягненні будуць добрай памяццю і прыкладам для наступных пакаленняў. У прафесійнае свята жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і плённай працы на карысць краіны, – пазначыў у завяршэнні размовы пракурор раёна Сяргей Таболіч.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о