На Петрыкаўшчыне першай уборка азімага ячменю пачалася ў ААТ “Чалюшчавічы”.
Дырэктар прадпрыемства ў час сустрэчы ўдакладніў, што пачатку ўборачнай пасадзейнічала добрае надвор’е – пайшло ранняе паспяванне культуры. Нават для паўднёвых гаспадарак вобласці, дзе прывыклі стартаваць у ліку першых, гэта на паўтара тыдня раней, чым звычайна.
“Зараз на ўборцы задзейнічана 4 камбайны, пачалі ўборку азімага ячменю 21 чэрвеня, яшчэ дні тры і скончым, затым прыступім да азімага рапсу, – пачаў Сяргей Ракіцкі. – Ураджайнасць добрая: 20 цэнтнераў з гектара. У сярэднім адзін камбайнер убірае ад 18 да 20 гектар у дзень. На раніцу 27 чэрвеня ўбрана 250 гектараў дадзенай культуры, намалочана 472 тон бункернай вагі”. На сёння прыбрана азімага ячменя на 58 %.
Па словах Сяргея Мікалаевіча, для працы ў полі ўсё ёсць – тэхніка, людзі, паліва, запчасткі. Не на апошнім месцы бяспека працы – на полі дзяжурыць пажарная машына. “Мы ўдзяляем вялікую ўвагу тэхнічнаму абслугоўванню камбайнаў. Палітыка ў нас такая: лепш уважліва падрыхтаваць машыну перад выхадам у поле, часам, нават ва ўрон уборачнай, чым потым не выйсці ўвогуле з-за зламанага камбайна. Тэмпы ў нас добрыя. Пры зладжанай рабоце ўраджай абяцае быць годным. Адна надзея на нябесную канцылярыю”.
Задачу перад аграрыямі паставіў і губернатар вобласці Іван Крупко: “Трэба максімальна сканцэнтравацца на тэхніцы і людскіх рэсурсах, а таксама на многіх іншых аспектах, каб уборка прайшла ў аптымальныя тэрміны, якасна, без страт ураджаю”.
Сярод усіх збожжавых азімы ячмень спее раней за іншых. Гэта значыць, што гаспадаркі раней атрымліваюць першае збожжа, якое так неабходна жывёлагадоўлі. Гэта і салома. А акрамя гэтага, азімы ячмень – папярэднік азімага рапсу. “Прыбярэм – і можна рыхтаваць поле пад пасяўную ўжо на наступны год”, – распавёў Сяргей Мікалаевіч.
За штурвалам камбайна сваё дваццатае лета працуе Ігар Харланчук. Механізатар не аднойчы ўдзельнічаў у бітве за ўраджай і станавіўся яе пераможцам. Перадавік вытворчасці, Ігар Іванавіч не хавае, праца зараз у радасць. А спаборніцтва за званне “лепшы” толькі дадае рызыкі і рашучасці.
Ігар Харланчук нарадзіўся і вырас у Чалюшчавічах. Тут яго радзіма, тут ён стварыў сям’ю, знайшоў сябе ў прафесіі.
“Кожная хвіліна – вельмі каштоўная, – пачаў герой. – Мы спяшаемся ў поле, каб зрабіць сваю працу якасна і своечасова. Абедаем, што завецца, не адыходзячы ад касы, у салоне машыны. Але працуем, тым не менш, размерана. На нашых плячах – адказнасць за агульны каравай”.
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий