На парозе дарослага жыцця

0
144

У зале раённага Дома культуры прайшоў выпускны вечар для вучняў 11 класаў.

На парозе  дарослага жыццяВыпускны вечар застаецца ў памяці кожнага чалавека. Гэтая падзея, поўная ўспамінаў, планаў і надзей, ставіць сімвалічны пункт у школьным жыцці і адкрывае перад маладымі людзьмі новы этап.

Сёлета ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна закончылі 165 юнакоў і дзяўчат. Сярод іх – уладальніца 100-бальнага сертыфіката па выніках цэнтралізаванага экзамену па вучэбным прадмеце “Руская мова”, выпускніца гімназіі горада Петрыкава Ганна Ганчар, дзяўчыне таксама ўручылі пасведчанне аб прысуджэнні прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, 7 медалістаў, 2 пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Грамадазнаўства”, “Сусветная Беларусі”, 2 пераможцы трэцяга і 35 пераможцаў другога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, дыпламанты абласных турніраў юных фізікаў, географаў, біёлагаў, абласных конкурсаў рытарычнага майстэрства “Размаўляй са мной па-беларуску”.

На працягу шэрага гадоў нашы выпускнікі былі актыўнымі ўдзельнікамі творчых конкурсаў. У скарбонцы іх перамог – узнагароды ў рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”, адкрытым міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без межаў”, чэмпіянаце абласнога сезона гульняў КВЗ “У будучыню з усмешкай”.

Пакуль прыбраныя хлопцы і дзяўчаты дружна заходзілі ў хол, бацькі і госці не спыняліся захоплена любавацца імі.

З прывітальным словам да выпускнікоў Петрыкаўшчыны звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер.
Віталій Уладзіміравіч павіншаваў выпускнікоў з завяршэннем важнага перыяду ў іх жыцці, часу станаўлення іх як асоб і грамадзян сваёй краіны. Пажадаў поспехаў у перыяд уступнай кампаніі, збытых мар і надзей, веры ў свае сілы.
Віталій Уладзіміравіч уручыў лепшым выпускнікам 2024 года залатыя і срэбраныя медалі, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.

Словы віншавання выказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько: “Надышоў адказны час, калі вы, выпускнікі, павінны вырашаць свой далейшы лёс. Цяпер вы несяце адказнасць не толькі за сябе і свае ўчынкі, але абавязаны думаць пра іншых людзей”.
Падзякамі раённага аддзела адукацыі за годнае выхаванне падрастаючага пакалення былі адзначаны бацькі – актыўныя ўдзельнікі школьнага жыцця сваіх сёння такіх ужо дарослых дзяцей.

Святочнае мерапрыемства разбавілі музычныя нумары выпускнікоў і маленькіх артыстаў Цэнтра творчасці. Раённы выпускны скончыўся сімвалічным запускам у неба паветраных шароў.

Далей учорашнія школьнікі адправіліся па сваіх навучальных установах, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ў роднай школе падзякаваць выкладчыкам і адміністрацыі за іх працу.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о