На базе месца адпачынку “Чыстыя сажалкі” прайшоў раённы турыстычны злёт

0
749

У мінулыя выхадныя на базе месца адпачынку “Чыстыя сажалкі” адбылося доўгачаканае спартыўнае мерапрыемства – раённы турыстычны злёт.

У мінулыя выхадныя на базе месца адпачынку “Чыстыя сажалкі” адбылося доўгачаканае спартыўнае мерапрыемства – раённы турыстычны злёт.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі сектар спорту і турызму райвыканкама і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Сёлетні турыстычны злёт быў прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 120-годдзю прафсаюзнага руху. Ва ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер. Удзельнікам злёту Віталій Уладзіміравіч пажадаў прадэманстраваць свае лепшыя чалавечыя і спартыўныя якасці, камандную згуртаванасць і ўзаемавыручку:

– Упэўнены, што набытыя ў турыстычных спаборніцтвах навыкі, фізічная загартоўка, лідарскія якасці абавязкова спатрэбяцца вам у жыцці. Жадаю добрага надвор’я, паспяховых спартыўных стартаў, яркіх турыстычных вогнішчаў, душэўных песень і моцнага сяброўства.

На працягу трох дзён прадстаўнікі 10 каманд: раённага выканаўчага камітэта, лясгасу, Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, райжылкамгасу, гаргазу, Капцэвіцкай сярэдняй школы, зборнай сельскіх Саветаў, РАНС і ТЦСАН, першай і другой гарадскіх школ, Конкавіцкай і Пціцкай сярэдніх школ і сельвыканкамаў – удзельнічалі ў розных спаборніцтвах, дэманструючы спрыт, сілу і крэатыўнасць.

Так, удзельнікам давялося пераадольваць натуральныя і штучныя перашкоды, даказваючы сваё майстэрства ў тэхніцы пешаходнага турызму на турыстычнай і гумарыстычнай паласе. У праграме раённага турыстычнага злёту былі таксама спартыўныя і творчыя конкурсы: дартс, перацягванне каната, падняцце гіры, скачкі праз скакалку, на лепшае афармленне турыстычнага лагера, кулінарны конкурс і конкурс мастацкай самадзейнасці, высокай турыстычнай моды і насценгазеты.
Не забыліся арганізатары пра адпачынак і настрой турыстаў – дыскатэкі, арганізаваныя пры падтрымцы сектара культуры і РА ГА БРСМ, падаравалі ўдзельнікам шмат яркіх момантаў.

Кожны турзлёт адкрывае новыя таленты, пакідае прыемныя ўспаміны і, як правіла, мае сваіх пераможцаў. Па выніках трох-дзённых спаборніцтваў, дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана зборная каманда сельскіх Саветаў, другое месца пакінулі за сабой турысты з каманды райвыканкама, а пераможцамі турзлёту-2024 стала зборная каманда РАНС і ТЦСАН.
Па агульным меркаванні ўдзельнікаў турыстычнага злёту і судзейскай каманды, гэтыя некалькі дзён прынеслі незабыўныя ўражанні, добры настрой, зарад бадзёрасці і жаданне сустрэцца зноў.

Зіхатлівыя твары прадстаўнікоў усіх каманд, задор, радасць, смех, якія панавалі на цырымоніі закрыцця мерапрыемства, сталі яшчэ адным яркім доказам таго, што турызм вяртаецца на Петрыкаўшчыну.
Бывай, турзлёт-2024! Да новых сустрэч на турыстычным злёце-2025!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о