У мінулую суботу гарадскі пасёлак Карма стаў месцам правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2024”. Ва ўшанаванні лепшых аграрыяў Гомельшчыны прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Тыдзень таму ў Мікашэвічах, аддаючы даніну ўдзячнасці працаўнікам сяла Брэстчыны, кіраўнік дзяржавы паабяцаў наведаць усе рэгіёны і асабіста падзякаваць тым, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Сваё абяцанне Прэзідэнт выканаў. Свята ў Карме з удзелам кіраўніка дзяржавы стала сапраўдным падарункам жыхарам Гомельшчыны.
На цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка кіраўніка дзяржавы, не зважаючы на пахмурнае надвор’е, сустракалі цёпла. Як адзначыў Прэзідэнт у прывітальнай прамове, так ужо павялося, што самая гарачая пара ў селяніна – вясна і лета, а “Дажынкі” мы заўсёды адзначаем пад промнямі не вельмі яркага восеньскага сонца. Але, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, працаўнікам цэха пад адкрытым небам да перамен надвор’я не прывыкаць.
Толькі сваім розумам і сіламі мы можам нешта зрабіць
“Нізкі паклон за вашу працу. За цярпенне і ўменне працаваць насуперак усім нягодам і абставінам. Гэта вельмі характэрна для нашай Гомельшчыны. Такім абставінам, ад якіх нават могуць апусціцца рукі. Але не ў вас”, – пазначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прыклад такіх абставін – барацьба з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пасля якой радыеактыўнае воблака накрыла амаль усю Гомельшчыну.
“Нам давялося твар у твар сутыкнуцца з вялізнай чалавечай трагедыяй. Здавалася, гэта тупік і выйсця няма. Нас тады пераконвалі, што жыць тут нельга. Пра тэрыторыю трэба забыць. Усё кінуць і пайсці, людзей адсяліць. А што далей з землямі будзе, з гэтым краем – як Бог дасць”, – нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, працягнуў гістарычны экскурс Прэзідэнт, такія прапановы былі катэгарычна адкінуты.
“Мы справілася з наступствамі сусветнай тэхнагеннай катастрофы. Сваімі рукамі, сваім розумам, злучаючы навуку і практыку, жыццёвую мудрасць і веды”, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Так, як пазначыў Прэзідэнт, бяда да нас прыйшла з боку, але мы яе пераадолелі, таму што перасталі ныць, стагнаць і на некага разлічваць.
Праведзеную працу ён назваў каласальнай і прывёў лічбы: рэалізавана 6 маштабных дзяржаўных праграм, у рамках якіх на ліквідацыю наступстваў аварыі за гэтыя гады накіравана больш за 23 мільярды долараў толькі бюджэтных сродкаў і столькі ж пазабюджэтных. Усяго каля 50 мільярдаў долараў. У сельскагаспадарчы абарот было вернута каля мільёна гектараў зямлі. І паўмільёна гектараў – у лясны фонд.
Так і цяпер, толькі сваім розумам, сваімі сіламі мы можам нешта зрабіць, упэўнены лідар краіны.
“Сёння вашу прадукцыю сельскай гаспадаркі са свістам купляюць на міжнародных рынках. І ставяцца да яе скрупулёзным чынам і ні разу не знайшлі прычын, каб адмовіцца”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, вялікім попытам на міжнародных рынках карыстаецца і лясная прадукцыя Гомельскай вобласці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння можна гаварыць аб дастойным выніку работы ў Гомельскай вобласці. І мясцовыя жыхары бачаць яго як ніхто іншы. Насуперак усім змрочным прагнозам і шматгадовым сумненням яны тут жывуць – і гэта галоўны вынік.
“Так, мы падышлі мудра. І цяпер Гомельская вобласць – высокаразвіты прамысловы і аграрны рэгіён з вялікім турыстычным патэнцыялам. Мы захавалі доступ да багатых і вельмі запатрабаваных рэсурсаў, таму маем магчымасць здабываць торф, вугаль, нафту, калій. Займаемся планамерным развіццём гэтых тэрыторый у рамках Чарнобыльскай праграмы і думаем пра новыя гарызонты, – сказаў Прэзідэнт. Адным з крокаў для далейшага развіцця рэгіёна кіраўнік дзяржавы назваў работу над пошукам нафты. Грошы, якія прынясе гэты праект, пойдуць на развіццё Гомельшчыны.
“Мы ўсе павінны пайсці ў лес”
“Жыццё не дае нам магчымасці спачываць на лаўрах. Успомніце нядаўні ліпеньскі ўраган. Асноўны ўдар стыхіі прыпаў на нашу Гомельшчыну. Моцна пацярпелі ў тым ліку і лясы. Іх трэба аднавіць”, – заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў гэта зрабіць разам, у рамках акцыі “Дай лесу новае жыццё”, у якой напярэдадні прыняў удзел.
“Мы ўсе павінны пайсці ў лес і высадзіць тыя плошчы, якія пацярпелі ад урагану. Лес – гэта наша жыццё, гэта наш кісларод. Давайце правядзём акцыю і пасадзім новыя дрэвы на пашкоджаных участках. Зробім гэта разам, талакой, як заўсёды гэта было ў Беларусі”, – прапанаваў Прэзідэнт.
Адна пяцігодка – і рэгіён павінен змяніцца
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прырода кідае новыя выклікі. Змяняюцца клімат і структура земляробства. Сёння даводзіцца ўвесь час змагацца з засухамі і моцнымі вятрамі, і Гомельская вобласць – наглядны таму прыклад. “Настаў час зрабіць чарговы крок. За наступную пяцігодку неабходна адаптаваць стратэгію і тактыку выкарыстання патэнцыялу нашага Гомельскага рэгіёна. Адна пяцігодка – і рэгіён павінен змяніцца і знешне, і ўнутрана. Асабліва ў вытворчасці. Запомніце”, – паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, паводле яго слоў, работа над яе выкананнем павінна весціся паралельна з рэалізацыяй праграм, аб’яўленых на мінулых “Дажынках” у Брэсцкай вобласці, гэта праграмы, звязаныя з адраджэннем Палесся, паўночнага ўсходу Магілёўшчыны, часткі Гомельшчыны, і ў цэлым чарнобыльскіх рэгіёнаў.
“Мы сканцэнтруем сродкі на гэтых кірунках і зробім усё, каб вы ніколі не пашкадавалі, што заняліся гэтай справай”, – запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Таксама ён звярнуў увагу, што ў кожным раёне павінен быць дастатковы і эфектыўны праект, каб людзі былі занятыя, каб яны атрымлівалі нармальную зарабатную плату. Прэзідэнт параіў не забывацца на меліярацыю. Паводле яго слоў, для Гомельскай вобласці яна не менш значная, чым для Брэсцкай. “І ўжо праз два-тры гады трэба добра дабавіць па ўсіх напрамках”, – запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, дзяржава будзе падтрымліваць і дапамагаць Гомельскай вобласці. “Але перш за ўсё, вы павінны свой край адрадзіць”, – канстатаваў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба адаптавацца да ўсіх перамен: “Клімат стаў мякчэйшым? Значыць, давайце будзем займацца вінаградам, персікамі, кавунамі. У гэтым і павінна быць ваша асаблівасць: трэба вырабляць тое, што іншыя ў сілу прыродных умоў не могуць і на што ёсць попыт”. Аляксандр Лукашэнка даручыў за зіму ўнесці адпаведную прапанову. Паводле яго слоў, гэта будзе адзін з этапаў адраджэння рэгіёна.
“Гомельшчына сёння паспяхова займаецца вырошчваннем садавіны, агародніны, ягад. Вырабляе ў маштабах усёй краіны да 45 працэнтаў агародніннага гарошку, чвэрць аб’ёму цыбулі і амаль 100 працэнтаў спаржавай фасолі. – прывёў лічбы кіраўнік дзяржавы. – Праца, вядома, вядзецца, але разгортваемся мы вельмі павольна. Трэба паскарацца. Нельга адстаць. Не дай бог адстанем, спынімся, не дай бог затопчуць тыя, хто следам ідзе”.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што вобласці неабходна ўстойлівасць у выніках, у эфектыўнасці работы. Без спадаў і правалаў.
Мы будзем жыць у мірнай краіне
“Дарагія сябры! Калі ёсць мэта, зразумела, куды ісці. Наша мэта ніколі не мянялася – зрабіць нашу Беларусь мацнейшай, прыгажэйшай і багацейшай і ўсё больш незалежнай. Зрабіць так, каб не толькі мы, нашы дзеці і ўнукі жылі на сваім, сваім розумам, каб ніхто ніколі не адважваўся імі панукаць”, – заявіў Прэзідэнт.
Па самай прыемнай традыцыі “Дажынак” Прэзідэнт узнагародзіў найлепшых аграрыяў Гомельскай вобласці, ад кіраўнікоў прадпрыемстваў да трактарыстаў.
Падзякі Прэзідэнта таксама быў удастоены калектыў работнікаў сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Палессе-Аграінвест” Петрыкаўскага раёна.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання кіраўніку дзяржавы ўручылі святочны каравай ад хлебаробаў Гомельшчыны.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падзякаваў Прэзідэнту за падтрымку і клопат. “Дзякуючы вашым мудрым рашэнням, нашы тэрыторыі, якія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання, сёння ўстойліва развіваюцца. Гэта бачна сёння на прыкладзе Кармы і Кармянскага раёна”, – сказаў губернатар. Ён запэўніў, што так будзе і надалей. “У гомельскіх аграрыяў ёсць усе падставы сустракаць “Дажынкі-2024” у добрым настроі. Вынік работы аграпрамысловага комплексу – гэта выручка, якая вырасла да аналагічнага перыяду мінулага года на больш як 12 %. Тэмп росту сярэднямесячнай выручкі на аднаго працуючага склаў 119 %”, – агучыў вынікі старшыня аблвыканкама.
На памяць аб наведванні абласных “Дажынак” Прэзідэнту падарылі пояс-абярэг, вытканы неглюбскімі ткачыхамі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў жыхарам Гомельшчыны за палітычную падтрымку, за адданасць і вернасць сваёй зямлі. “Мы жывём у няпросты час, – адзначыў ён. – Дык вось вы ведайце, што мы тады, калі была галеча і калі не было чаго есці, мы вас не кінулі. Мы вас не кінем і зараз. Вы нашы людзі. І мы будзем ведаць, што вы маеце патрэбу ў міры і абароне. Памятайце, мы будзем жыць у мірнай і нармальнай краіне”.
Па працы – пашана
Узнагароджанне лепшых аграрыяў вобласці на святочнай сцэне працягнула кіраўніцтва рэспублікі, вобласці, вядучых прадпрыемстваў рэгіна. Узнімаліся на ўрачыстую сцэну і прадстаўнікі Петрыкаўшчыны. Так, трактарыст-машыніст ААТ “Чалюшчавічы” Уладзімір Бажок атрымаў ад прафсаюзаў пуцёўку ў санаторый, а старшы камбайнер ААТ “Курыцічы” Дзмітрый Качэля – сертыфікат на мотаблок ад ААТ “Гомельскі завод ліцця і нармаляў”.
Шчыра віншуем землякоў-аграрыяў з узнагародамі, жадаем і надалей быць у шэрагу лепшых працаўнікоў вобласці і раёна.
Напрыканцы ўрачыстасці вядучыя абвясцілі, што сталіцай свята працаўнікоў сяла ў наступным годзе стане гарадскі пасёлак Лельчыцы. Сімвалічны сноп старшыня Кармянскага райвыканкама Дзмітрый Шынкарэнка перадаў калегу з Лельчыц – Сяргею Дылюку.
На працягу святочнага дня гасцям аграфэсту была прапанавана насычаная культурная і забаўляльная праграма: працавалі выставы сельскагаспадарчай тэхнікі, гандлёвыя рады, прысмакамі і забавамі здзіўлялі і захаплялі наведвальнікаў стылізаваныя падворкі ад кожнага раёна вобласці. Са святочнай сцэны жыхароў Гомельшчыны віншавалі лепшыя выканаўцы і творчыя калектывы рэспублікі і вобласці. Яркім завяршэннем свята стаў святочны феерверк, які расквеціў неба над гарпасёлкам тысячамі зорак.
Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий