Ніхто не забыты. Нішто не забыта

0
223

Спецыяльна створаныя групы па расследаванні фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны не прыпыняюць сваю дзейнасць па ўсёй краіне. Пастаянная работа па пошуку новых фактаў праводзіцца і пракуратурай Петрыкаўскага раёна. Наша сустрэча з пракурорам Сяргеем Таболічам напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа – гэта размова пра факты злачынстваў фашысцкіх агрэсараў на тэрыторыі Петрыкаўшчыны, пра памяць, абавязак жывых перад героямі і ахвярамі той страшнай вайны.

У час размовы Сяргей Уладзі-міравіч пазначыў, што ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны арганізаваны мерапрыемствы па ўстанаўленні месцаў масавых забойстваў мірных жыхароў, арганізацыі канцэнтрацыйных лагераў, карных аперацый, якія праводзіліся нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх саўдзельнікамі на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ў гады акупацыі.

– Адна з такіх аперацый была праведзена ў Петрыкаве ўжо ў самым пачатку вайны, у верасні 1941 года, – распавёў у час сустрэчы пракурор.

Як згадваюць відавочцы тых страшных падзей і сведчаць факты архіўных дакументаў, быў сонечны дзень, людзі капалі бульбу на сваіх агародах, не прадчуваючы бяды. У 3 гадзіны дня на беразе ракі Прыпяць за кіламетр ад горада спыніўся бранякатар з баржай. З яго высадзіўся карны атрад фашыстаў, які разгорнутым фронтам уварваўся ў Петрыкаў. Гэта адбылося так хутка, што нязначнае па колькасці каравульнае партызанскае аддзяленне не змагло арганізаваць ім годнае супраціўленне. А ў 6 гадзін вечара карнікі прыступілі да рабавання, здзекавання і растрэлу ні ў чым не вінаватага насельніцтва яўрэйскай нацыянальнасці.
Яны бесцырымонна ўрываліся ў дамы, выганялі дарослых і дзяцей і па адзіночцы і групамі па 30-40 чалавек гналі на прыстань ракі Прыпяць.

На беразе затокі “Бычок” людзям загадалі класціся тварам у бруд. Карнікі акружылі іх з усіх бакоў. На людзей былі накіраваны кулямёты з бранякатара. Як толькі хтосьці спрабаваў падняцца з зямлі, у таго адразу сыпаліся кулі. А людзей усё гналі і гналі вялікімі групамі да гэтага месца. На беразе затокі сабралася больш за 300 чалавек. Карнікі загадалі ўсім распрануцца і голых сталі заганяць у ваду, пры гэтым прыкладамі вінтовак і пісталетамі білі па галовах. Па наваколлі разносіўся страшны гул, чуліся крыкі, плач, просьбы аб памілаванні.

Калі большасць людзей апынулася ў вадзе, застракаталі кулямёты з бранякатара. З берага карнікі таксама палівалі сваіх ахвяр свінцом. Замучаныя, параненыя людзі хаваліся пад вадой, а тыя, хто быў на беразе, падалі на зямлю адзін на аднаго. Калі расстрэл скончыўся, карнікі хадзілі проста па ляжачых і дабівалі параненых. Адзенне забітых яны забралі з сабой. Расстралялі амаль усіх. Цудам удалося выжыць толькі адзінкам, якія змаглі пераплысці праз раку і ўцячы.
На наступны дзень вышэйпаказаная банда нямецка-фашысцкіх зладзеяў працягнула сваю гнусную крывавую справу. Яны па горадзе лавілі яўрэяў, расстрэльвалі на месцы і падпальвалі іх дамы. Нямала згарэла ў дамах старых і дзяцей. У той дзень было спалена больш за 40 дадоў і знішчана каля 60 чалавек.
– У ходзе вывучэння архіўных дакументаў устаноўлена, што карную аперацыю ў горадзе Петрыкаве праводзіла Тураўская раённая паліцыя колькасцю каля 250 чалавек. Кіраваў дадзенай аперацыяй начальнік Тураўскай паліцыі Акуліч, – паведаміў у час размовы Сяргей Уладзіміравіч.

На беразе ракі Прыпяць каля суднарамонтнага завода знаходзіцца памятны знак гэтай трагічнай падзеі, і штогод ранкам 22 чэрвеня землякі збіраюцца каля затокі “Бычок”, каб ушанаваць памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
У пытанні захавання гістарычнай праўды ў апошнія гады зроблена нямала. Пра генацыд беларускага народа на старонках газеты мы расказвалі праз успаміны відавочцаў тых страшных падзей, праз каментарыі гісторыкаў, у чыёй кампетэнцыі грунтоўнае вывучэнне і аналіз матэрыялаў. Праліць святло на факты злачынстваў дапамагаюць сёння і архіўныя дакументы. Аднак галоўным захавальнікам урокаў гісторыі была і застаецца памяць нашчадкаў.

Галіна КАЗАК. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о