Як часта мы чуем пра выпадкі, калі звычайны чалавек выратаваў жыццё іншага? Такога чалавека называюць героем, пра яго пішуць у газеце, узнагароджваюць, ім ганарацца. Для медыцынскага работніка выратоўваць жыцці з’яўляецца штодзённай работай.

“Мы не маем права на памылку”

Пра прафесіяналізм Марты Астаповіч ведаюць амаль усе жыхары нашага раёна. Нягле-дзячы на ўсё цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца штодзённа, яна заўсёды шчырая, з усмешкай на твары, а галоўнае з вялікім жаданнем дапамагчы.

–  Нарадзілася я ў аграгарадку Мілашавічы, Лельчыцкага раёна ў 1996 годзе, – пачала свой аповед Марта Сяргееўна. – Часта бывае так, што дзеці баяцца медыцынскіх работнікаў, а мяне наадварот прываблівалі людзі ў белых халатах. Вось так з дзяцінства я марыла быць падобнай да іх, дапамагаць людзям.

Марта Сяргееўна не першы чалавек ў сям’і, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай. Прыкладам для яе паслужыла цётка, якая таксама з’яўляецца медыцынскім работнікам. Але свой выбар жанчына зрабіла сама, родныя толькі падтрымлівалі дачку на пачатку прафесійнага шляху.

– У 2013 годзе я паступіла ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж на спецыяльнасць “Сястрынская справа”, – працягвае дыялог суразмоўца. – Наўрад ці можна пачуць ад студэнтаў медыцынскіх універсітэтаў ці каледжаў, што вучоба даецца лёгка і без усялякіх праблем. І на маім шляху сустракаліся пэўныя перашкоды і цяжкасці, але гэта не значыць, што чалавек выбраў не тую прафесію, нідзе не бывае лёгка, трэба прывыкнуць. Вялікі дзякуй маім бацькам за падтрымку, без яе было б у разы складаней.

У 2016 годзе па размеркаванні Марта Сяргееўна трапіла ў Петрыкаўскую цэнтральную раённую бальніцу, а пазней была накіравана на працу ў Ляскавіцкую сельскую ўчастковую бальніцу.

– Калектыў прыняў мяне вельмі добра, кожны дапамагаў і падтрымліваў у цяжкую хвіліну. Складанасці былі, бо не ведала людзей на ўчастку, а ён дастаткова вялікі. Але хутка прывыкла да людзей, як і яны да мяне. – дадала жанчына. – У мае абавязкі ўваходзіць падрыхтаваць рабочае месца сабе і ўрачу перад пачаткам прыёму пацыентаў, весці дакументацыю, аказаць першую медыцынскую дапамогу, праводзіць дыспансерызацыю, выконваць ін’екцыі, патранажы дзяцей да 1 года і людзей, старэйшых за 65 гадоў і шмат чаго іншага.

На пытанне, што з’яўляецца самым складаным у прафесіі, Марта Сяргееўна не задумваючыся адказала: медыцынскі работнік не мае права на памылку. Трэба валодаць вялікім цярпеннем і быць адказным, пры гэтым знаходзячыся ў пастаянным эмацыянальным і фізічным напружанні. Трэба ўмець знайсці падыход не толькі да пацыента, але і да яго родных.

– Ці пашкадавала я, што калісьці выбрала медыцыну, – перад адказам на пытанне жанчына на хвіліну задумалася, – не, я, як і ў дзяцінстве, па-ранейшаму бачу сваё прызванне ў дапамозе і падтрымцы іншых. А калі табе дзякуюць за тваю працу, гэта дае сілы і жаданне рухацца далей, развівацца. У маёй практыцы, насамрэч, многа было цяжкіх выпадкаў, калі дапамога была патрэбна ў гэтую ж секунду: чалавек проста ішоў па вуліцы ці пайшоў у лес у ягады, грыбы, і там яму стала дрэнна, трэба рэагаваць без усялякіх роздумаў.

Як  прызналася гераіня, вольнага часу застаецца даволі мала, але ёсць усё ж такі адна справа, якая дапамагае ёй адпачыць ад працоўных будняў – вырошчванне пакаёвых раслін.

– Думаю, што не кожны чалавек зможа звязаць сваё жыццё з медыцынай. Трэба мець моцны характар, быць добразычлівым, умець дапамагчы чалавеку не толькі фізічна, але і падтрымаць словам, – падзялілася думкамі суразмоўца.

Магчыма, многія чулі гэты выраз, але паўтарыць яго бу-дзе цудоўным дапаўненнем да вобраза нашай гераіні: “Трэба адносіцца да хворага так, як бы ты хацеў, каб адносіліся падчас хваробы да цябе”.

Анастасія КІСЕЛЁВА. Фота з архіва Марты Астаповіч.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о