Лістапад прынясе беларусам цэлы шэраг значных змен у розных сферах жыцця. З пачатку месяца пасажыры змогуць аплачваць праезд у маршрутках банкаўскімі карткамі, вырастуць сацыяльныя выплаты, а таксама набудуць сілу новыя правілы спажывецкага крэдытавання.
Аплата карткай у маршрутках
З 1 лістапада ў беларусаў з’явіцца магчымасць аплачваць праезд па безнаяўным разліку – з дапамогай банкаўскіх плацежных картак або, да прыкладу, QR-кода. З гэтай даты юрасобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць перавозкі пасажыраў у маршрутных таксі, абавязаны будуць выкарыстоўваць плацежныя тэрміналы.
Новаўвядзенні ў выдачы крэдытаў
З 22 лістапада ў Беларусі ўступяць у сілу палажэнні закона «Аб спажывецкім крэдыце і спажывецкім мікразайме», а таксама скарэкціраваная інструкцыя аб парадку прадастаўлення крэдытаў.
У адпаведнасці з новымі правіламі, заключыць крэдытны дагавор можна будзе толькі на наступны працоўны дзень пасля звароту кліента, а сродкі па ім будуць выдавацца на наступны працоўны дзень пасля падпісання.
Акрамя таго, крэдытную актыўнасць патэнцыйных пазычальнікаў будуць вывучаць больш падрабязна. Банкі будуць аналізаваць не толькі саму крэдытную справаздачу, але і колькасць зваротаў да крэдытнай гісторыі за папярэднія сем дзён.
Таксама банкі абавяжуць пад подпіс інфармаваць кліентаў аб распаўсюджаных ашуканскіх схемах да моманту заключэння крэдытнага дагавора.
Ліміты на зняцце наяўных з карт
Для супрацьдзеяння аферыстам і махлярам з 24 лістапада «Беларусбанк» увядзе ліміты на зняцце наяўных любым бескантактным спосабам. У банкаматах і касах у суткі можна зняць не больш за 600 рублёў з картак “Бархат” і не больш за 1000 рублёў з іншых картак банка.
У той жа час уводзіцца забарона на правядзенне такіх аперацый за межамі Беларусі.
А з 3 лістапада “Прыёрбанк” усталюе абмежаванні на бескантактавае зняцце наяўных праз NFC-функцыянал банкаматаў для ўладальнікаў дэбетавых і крэдытных карт банка – не больш за 1000 беларускіх рублёў у суткі.
Новы БПМ: вырастуць пенсіі і дапамогі
З 1 лістапада ў Беларусі адбу-дзецца планавы перагляд бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), які выступае ключавым сацыяльным нарматывам. Гэты паказчык, які служыць асновай для разліку цэлага шэрага дзяржаўных выплат, карэкціруюць кожны квартал.
У сувязі з гэтым чакаецца павышэнне памераў сацыяльных пенсій, а таксама розных пенсійных надбавак і ўзроставых даплат.
Паралельна са зменамі ў пенсійнай сферы адбудзецца і індэксацыя дзіцячых дапамог. Да канца снежня 2025 года ўступяць у сілу новыя памеры аднаразовых выплат, якія прадастаўляюцца пры нараджэнні дзіцяці.
Згодна з устаноўленай методыкай, дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае 10 памераў БПМ, тады як пры нараджэнні другога і наступных дзяцей гэта сума павялічваецца да 14 БПМ. Для жанчын, якія сталі на ўлік у медыцынскіх установах да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці памер выплаты роўны БПМ.
Вялікія выхадныя
Сёлета гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая з’яўляецца ў Беларусі дзяржаўным святам і афіцыйным выхадным, прыпадае на будны дзень.
Дзякуючы гэтаму ў большасці беларусаў будзе чатырохдзённы працоўны тыдзень і перыяд адпачынку працягласцю тры дні: 7 лістапада (пятніца), 8 лістапада (субота) і 9 лістапада (нядзеля).
Латвія забароніць аўтобусныя рэйсы з Беларусі
З 1 лістапада набудзе моц рашэнне ўладаў Латвіі аб забароне ажыццяўлення нерэгулярных аўтобусных рэйсаў праз мяжу з Беларуссю і Расіяй.
Такім чынам, з названай даты разавыя групавыя паездкі з нашай краіны ў Латвію і з Латвіі ў Беларусь – напрыклад, экскурсійныя туры – стануць недаступныя.
Забарона будзе дзейнічаць як мінімум год. Пры гэтым рэгулярныя пасажырскія перавозкі паміж краінамі будуць ажыццяўляцца ў ранейшым рэжыме без змен.
Падрыхтавала Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий