Мы ў адказе за тых, каго прыручылі

0
29

Утрыманне хатніх жывёл жыхарамі прыватнага сектара і іх рэгістрацыя жыхарамі шматкватэрных дамоў – пытанне, якое апошнім часам гучыць даволі часта і востра. Прычына даволі сумная: вуліцы райцэнтра і населеных пунктаў раёна “акупіравалі” зграі бадзяжых жывёл, сустрэчы з якімі, зразумела, пужаюць і непакояць землякоў.
Якія шляхі вырашэння праблемы бачыць кіраўніцтва ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас” – з гэтым пытаннем мы звярнуліся да дырэктара Сяргея Гайчука.

Па словах Сяргея Мікалаевіча, пачынаць трэба з гаспадароў. Па-першае, на вуліцы ніадкуль сабака не бярэцца – раней яна была нечым гадаванцам і любімцам. Аднак, у нейкі момант з-за людской безадказнасці жывёла аказваецца на вуліцы – без ежы і прытулку. Зразумела, што кінутая і пакрыўджаная, яна і паводзіць сябе адпаведна. Яшчэ адна катэгорыя сабак, з якімі можна сустрэцца на вуліцы – часова бадзяжыя: тыя, што адпушчаны гаспадаром на самавыгул. А гэтага, як вядома, рабіць ні ў якім выпадку нельга.
Што яшчэ хочацца адзначыць, то гэта поўная адсутнасць ветэрынарнай культуры ў некаторых гаспадароў хатніх жывёл: калі вы не займаецеся развядзеннем котак і сабак на продаж і ніякім чынам не жадаеце мець справу з “папаўненнем” – вырашайце пытанне з дапамогай спецыяліста, кантралюйце і рэгулюйце колькасць сваіх падапечных. Нецяжка ўявіць, што адбываецца, калі нестэрылізаваныя жывёлы трапляюць на вуліцу – працэс іх размнажэння выходзіць з-пад кантролю, а праблема расце як снежны ком.
Рэгістрацыя хатніх жывёл, упэўнены наш суразмоўца, – адзін са спосабаў прыцягнення гаспадароў да парадку і адказнасці за тых, каго прыручылі.
– Рэгістраваць гадаванцаў трэба з трох месяцаў. Працэдура нескладаная, праводзіцца ў службе “Адно акно”. Прыводзіць на рэгістрацыю гадаванца не трэба.
У рамках працэдуры ўладальнік жывёлы знаёміцца пад роспіс з правіламі ўтрымання, санітарнымі і ветэрынарнымі нормамі, пасля чаго яму неадкладна, непасрэдна пры звароце, выдаюцца пасведчанне аб рэгістрацыі і індывідуальны жэтон, які неабходна прымацаваць на ашыйнік гадаванца
Новаўвядзенне накіравана ў тым ліку на прадухіленне росту колькасці безнаглядных жывёл. Наяўнасць жэтона ў сабакі ці коткі засцеражэ іх ад адлову.
У выпадку набыцця сабакі патэнцыйна небяспечнай пароды, папярэдне неабходна прайсці спецыялізаваныя курсы па яе развядзенні, утрыманні і догля-дзе, з атрыманнем адпаведнага пасведчання, якое прад’яўляецца пры рэгістрацыі.
Што да тых бадзяжых сабак, якія ўжо апынуліся на вуліцы, то на сённяшні дзень гэта застаецца праблемай, якую вырашаць таксама трэба разам: па-першае, гаспадарам прыватных дамоў прыпыніць практыку самавыгулу сваіх пітомцаў, – пазначыў у завяршэнні размовы Сяргей Гайчук.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о