Днямі карэспандэнт “ПН” завітаў на аўтадром ДТСААФ, дзе праходзіў практычны экзамен. Свае навыкі кіравання дэманстравалі ў першую чаргу будучыя кіроўцы аўтобусаў, а таксама курсанты, што маюць намер атрымаць вадзіцельскае пасведчанне кіравання матацыклам і аўтамабілем. Між іншым, усе 9 прэтэндэнтаў на атрыманне правоў катэгорыі “D” з іспытам справіліся.
Акрамя гэтага, кіраўнік групы па прыёме экзаменаў і выдачы вадзіцельскіх пасведчанняў МРЭА АДАІ АУС Жыткавіцкага райвыканкама Уладзімір Таболіч звярнуў увагу на новаўвядзенні заканадаўства, што тычацца патрабаванняў да здачы экзамену на атрыманне правоў кіравання: “З 16-ці гадоў дазволена здаваць іспыты па катэгорыі “АМ” (мапед) і “А1” (малакубатурны матацыкл). Але зараз, калі чалавек ужо мае вышэйадзначаныя катэгорыі і намер атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В” (легкавы аўтамабіль), яму прыйдзецца здаваць не толькі практычны экзамен на аўтадроме і ў горадзе, як гэта было раней, але папярэдне вытрымаць і тэарэтычны іспыт.
Атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “D” дазволена па дасягненні ўзросту ў 21 год, але навучацца на вадзіцеля аўтобуса можна ўжо з 19 гадоў”.
Старшыня райструктуры ДТСААФ Аляксандр Рудзько ўдакладніў, што тэрмін перападрыхтоўкі курсантаў таварыства з катэгорыі “В” на “С” складае не менш за месяц, а гэта 155 навучальных гадзін, з якіх 136 адводзіцца тэорыі і 19 – практыцы. Перападрыхтоўка з катэгорыі “В” на “D” займае не менш 2-х месяцаў і налічвае 228 гадзін, 177 з якіх прысвячаюцца тэорыі, а 51-на – практыцы. Атрымаць правы кіравання аўтобусам вадзіцелям грузавікоў можна будзе на занятках працягам у 1,5 месяцы, а гэта 170 навучальных гадзін – 29 з іх прысвечаны практыцы. А вось авалодаць кіраваннем грузавой машыны з прычэпам можна меней чым за месяц, ці 89-ці навучальных гадзін, 25 з якіх будуць прысвечаны практычным заняткам.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий