У апошнюю нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень машынабудаўніка.
Нарыхтоўкай, перапрацоўкай і адгрузкай чорных другасных металаў на пераплаўку займаюцца арганізацыі, якія ўваходзяць у структуру дзяржаўнага аб’яднання “Белдругчармет”. У Петрыкаўскім раёне таксама працуе такое прадпрыемства – Муляраўскі ўчастак унітарнага прадпрыемства “Гомельдругчармет”. Людзі, якія тут працуюць, смела могуць прэтэндаваць на два прафесійныя святы – Дзень металурга і Дзень машынабудаўніка. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты “ПН” пабывалі на прадпрыемстве і пагутарылі з інжынерам па нарыхтоўцы і адгрузцы металу Сяргеем Бельскім.
Праца мужчыны, ужо 8 гадоў накіравана на забеспячэнне адной з ключавых галін – машынабудавання.

– Сяргей Вітальевіч, раскажыце, чым менавіта займаецца ўчастак?
– Муляраўскі ўчастак нарыхтоўвае лом чорных металаў. Прыёмка металалому ажыццяўляецца як ад юрыдычных асоб, так і ад фізічных. Аўтамабілі з маніпулятарамі прывозяць лом з сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў. Мы займаемся нарыхтоўкай, перапрацоўкай і адгрузкай металалому. І так пяць дзён на тыдзень па 8 гадзін штодня, работнікі ўчастка займаюцца пачатковым этапам перапрацоўкі металалому як другаснай сыравіны. Спачатку металалом паступае на ўзважванне, дзе яго візуальна аглядаюць. Таксама праводзіцца кантроль на выбуханебяспечнасць. Наступным этапам ідзе разгрузка металалому на пляцоўку. І ў гэты час лом сартуецца па габарытах: якая сыравіна ідзе пад рэзанне, а якая на прэс, – распавёў у час гутаркі Сяргей Вітальевіч. – Буйныя металічныя вырабы неабходна здрабніць для зручнасці транспарціроўкі і перапрацоўкі. Інжынер пазначыў, што асноўным спажыўцом прадукцыі ўчастка з’яўляецца Беларускі металургічны завод.


– Прыемна адзначыць, што за мінулы год наш участак стаў лепшым у Гомельскай вобласці па нарыхтоўцы металу. Наш калектыў кожны месяц адгружае больш за 800 тон на Беларускі металургічны завод і Цэнтраліт. Кожны дзень мы павінны нарыхтоўваць каля 40 тон металу. Гэта сур’ёзная адказнасць. Сёлета нават перавыканалі план па нарыхтоўцы на 500 тон, – удакладніў суразмоўца.
На пытанне, як наладжана праца з насельніцтвам, суразмоўца адказаў так:
– Вельмі зручна і па-чалавечы. Людзі могуць прывезці лом самі, а калі не могуць – мы прыязджаем да іх дадому, бязвыплатна забіраем метал і адразу разлічваем на месцы. Гэта запатрабаваная паслуга, асабліва для пажылых людзей ці тых, у каго няма транспарта,– пазначыў інжынер. Не, шлях быў непрамы.
– Як вы прыйшлі ў прафесію?
– Я родам з Залесся. Скончыў Гомельскі палітэхнічны каледж, а пазней – Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Па спецыяльнасці – інжынер-тэхнолаг. Працаваў на будоўлях, таксама быў механікам у Петрыкаўскай аўтабазе. А вось апошнія 8 гадоў маё жыццё звязана з чарметам, – дзеліцца суразмоўца. – Калектыў у нас вельмі згуртаваны. Калі толькі ўладкаваўся, мяне ўводзілі ў курс справы, дапамагалі, і да гэтага часу ў дапамозе ніхто не адмаўляе. Няма такога, каб нехта хадзіў без справы – усе працуюць на ўсе 100 %. Тэхніка таксама на ўзроўні: з пяці МАЗаў – два новыя, рамантуем усё своечасова.


– А што для вас галоўнае ў жыцці?
– Канешне мая сям’я. Маці, Галіна Віктараўна, усё жыццё адпрацавала ў бібліятэцы, бацька, Віталій Іосіфавіч, – вальшчыкам лесу ў Петрыкаўскім лясніцтве. Ад іх я і наследаваў стаўленне да працы. Канечне, маё асабістае шчасце – гэта жонка Таццяна і дачушка Сцеша, ёй 3,5 гадкі. Ведаеце, я заўсёды марыў пра дачку, яна мая кветачка. Яе нараджэнне – гэта новы, самы светлы этап у жыцці,– дзеліцца герой артыкула.
У завяршэнні размовы Сяргей Вітальевіч пажадаў калегам напярэдадні свята здароўя і дабрабыту ў іх сем’ях. Каб тэхніка не падводзіла, планы выконваліся і перавыконваліся, за сумленную працу кожны шанаваны па заслугах.
Дзякуй усім, хто сваёй працай стварае будучыню!

Марыя Тамко,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о