Рух “Мэта 99”, ініцыяваны Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў, набірае папулярнасць па ўсёй Беларусі.
Ідэя простая і зразумелая: кожны з нас можа і павінен зрабіць свой унёсак у чысціню месца, дзе жыве. Яго галоўная мэта – павысіць узровень сартавання адходаў сярод насельніцтва і сфармаваць адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя.
Давайце паразважаем: як гэтая ініцыятыва рэалізуецца на Петрыкаўшчыне.
Перш за ўсё, варта адзначыць, што ў райцэнтры, у многіх сельскіх населеных пунктах устаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору смецця. Звычайна, гэта кантэйнеры для шкла, пластыку і паперы. Наяўнасць гэтай інфраструктуры – важны крок на шляху да павелічэння аб’ёмаў сартавання і парадку на вуліцах населеных пунктаў.
Але нягледзячы на пэўныя дасягненні, на маю думку, мясцовым камунальнікам ёсць над чым працаваць. Як прыклад: акрамя шкла, паперы і пластыка жыхары маюць патрэбу ў здачы тых жа батарэек, аўтамабільных акумулятараў, адпрацаваўшай свой век бытавой тэхнікі.
Несумненна, інфармацыйная работа з насельніцтвам праводзіцца: распаўсюджваюцца буклеты сярод насельніцтва і ў працоўных калектывах, праводзяцца акцыі, тэматычныя гутаркі падчас сустрэч з насельніцтвам. Дастаткова неабходнай інфармацыі ёсць на сайце Петрыкаўскага райжылкамгаса. Але, на маю думку, інфармацыі многа не бывае для інфармавання большага кола насельніцтва.
Так, на гарадскіх рэкламных дошках на дадзеную тэму не ўбачыш нагляднай інфармацыі. Больш актыўнае выкарыстанне мясцовых каналаў камунікацыі магло б значна павялічыць ахоп насельніцтва і разуменне ім важнасці сартавання адходаў.
Як станоўчы прыклад, сённяшняя акцыя каля вялікага Еўраопту “Збяром адходы шкла разам”. Інфармацыйнае суправаджэнне мерапрыемства было маштабным і шырокім. І я ўпэўнена, што вынік будзе.
Яшчэ, на маю думку, для рэалізацыі “Мэты 99” неабходна больш прыцягваць грамадскасць. Разам можна арганізоўваць суботнікі, экалагічныя акцыі па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, сартаванне смецця – усё гэта будзе спрыяць павышэнню экалагічнай свядомасці жыхароў раёна. Такія мерапрыемствы гарантуюць умацаванне пачуцця супольнасці і адказнасці за агульную справу.
Святлана СОБАЛЕВА.








Оставить комментарий