15 верасня ўсе бібіліятэкары Беларусі, а з імі і многія чытачы, адзначаюць свята – Дзень бібіліятэк.

У сувязі з надыходзячым святам, мы завіталі ў Петрыкаўскую цэнтральную раённую бібіліятэку, дзе сустрэліся з загадчыкам аддзела абслугоўвання і інфармацыі Аленай Стэфняк.

– Раскажыце, калі ласка, чым жыве “храм кніг” сёння?Ці не згубілі бібілятэкі сваю значнасць з развіццём інфармацыйных тэхналогій?

– На сённяшні дзень, калі любая інфармацыя даступна ў інтэрнэце, бібіліятэкі для кагосьці здаюцца перажыткам мінулага. Але гэта не так. Наша бібіліятэка ідзе ў адну нагу з часам і ўжо не раз даказала, што ў бібліятэцы зусім не сумна.

Месца сустрэч і ідэй

Наш калектыў складаецца з 15-ці актыўных і крэатыўных дзяўчат і аднаго мужчыны – вадзіцеля. Дзякуючы стараннасці бібілітэкараў, у царстве кніг заўсёды ўтульна. Тут актыўна вядзецца культурна-асветніцкая дзейнасць, афармляюцца выставы да знамянальных і памятных дат, арганізоўваюцца тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі і круглыя сталы.

На базе аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібіліятэкі функцыянуе краязнаўчы клуб аматараў гісторыі роднага краю, беларускай культуры і літаратуры “Спадчына”, клуб па інтарэсах для падлеткаў “Арыенцір” і дзіцячы экалагічны клуб аматараў прыроды роднага краю і акаляючага асяроддзя. У рамках кожнага клуба па інтарэсах праводзяцца мерапрыемствы.

Нельга сказаць, што супрацоўнікі бібіліятэкі заняты выключна сваёй працай. Яны першымі падтрымліваюць усе грамадскія ініцыятывы, актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх мерапрыемствах і акцыях раёна і вобласці. Наша жыццё рознабаковае, насычана падзеямі, бо наша прызванне – дарыць людзям цудоўны свет літаратуры.

У сучасным свеце цяжка ўявіць чалавека без гаджэтаў, пагэтаму ў сваёй рабоце мы выкарыстоўваем новыя метады і актыўна асвойваем інтэрнэт-асяроддзе. Групы ДУК “Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк” ёсць у сацыяльных сетках, месенджарах “Аднакласнікі”, “У кантакце”, “Instagram”, “Telegram”, “TikTok”. Работа ў сацыяльных сетках і месенджарах дазваляе нашай бібліятэцы быць больш прывабнай  для так называемага “лічбавага пакалення”. Безумоўна, у нас ёсці і свой карыслівы інтарэс – мы выхоўваем новае пакаленне чытачоў, вяртаем іх цікавасць да чытання і кнігі, выхоўваем моладзь на гістарычных і мастацкіх прыкладах.

Дзякуючы TikTok Петрыкаўская бібіліятэка стала вядома не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі. Мы сталі героямі праекта “Беларусы ў кадры”, буйнейшага інфармацыйнага агенства Беларусі “БЕЛТА”, удзельнікамі праграмы на радыё Гомель, гасцямі тэлеперадачы “Добры вечар” на Беларусь1, якая выйдзе, дарэчы, гэтай восенню.

У нашым арсенале больш за тысячу знятых відэаролікаў. У іх – жыццё калектыва, бібліятэкі, нашага невялікага, але вельмі ўтульнага і роднага горада. Людзей вабіць шчырасць, гумар, лёгкасць. Дзякуючы кантэнту ў бібіліятэцы павялічылася колькасць наведванняў, пачалі актыўней прыходзіць маладыя спецыялісты. А колькі прыемных каментарыяў пішуць! Цудоўна, што наш дырэктар Таццяна Галіцкая – адна з галоўных ініцыятараў. Думаю, гэта паказчык добрага сучаснага кіраўніка. Ідэйны натхняльнік, мантажор і актрыса – намеснік дырэктара Святлана Яжкова. У нас няма прафесійных акцёраў, нас аб’ядноўвае адно – вернасць сабе, сваёй прафесіі і роднаму гораду. Асноўнай рабоце відэаздымкі не перашкаджаюць, наадварот, дапамагаюць згуртаваць калектыў. На дасягнутым спыняцца не плануем!

Усіх работнікаў бібілятэк хацелі б павіншаваць з надыходзячым прафесійным святам! Ваша праца патрэбна людзям!

Анастасія ФЕЛЬКІНА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о