Дзень вёскі – гэта не проста свята, гэта даўняя, выдатная традыцыя. А яшчэ гэта нагода для тых, хто пакінуў родныя мясціны, прыехаць на сустрэчу са старымі сябрамі, узгадаць маладыя гады, наведаць бацькоўскі дом.


У мінулую суботу, у дзень свайго 375-годдзя, аграгарадок Колкі стаў месцам цёплых сустрэч.
Жыхары аграгарадка рыхтаваліся да Дня вёскі загадзя, таму і выглядаў населены пункт па-асабліваму святочна. Урачыстай атмасферы дадавалі выставы і экспазіцыі, падворкі і фотазоны, атракцыёны для дзяцей і гандлёвыя кропкі, што раскінуліся побач з сельскім Домам культуры. У прызначаны час пляцоўка, дзе праходзіла ўрачыстасць, пачала запаўняцца людзьмі.


Са словамі віншавання ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў да прысутных звярнуўся ганаровы госць – дэпутат раённага Савета дэпутатаў Мікалай Семяніцкі:
– Сімвалічна, – адзначыў Мікалай Уладзіміравіч, – што ў Год добраўпарадкавання і 80-годдзя Вялікай Перамогі вы сабраліся разам і падрыхтавалі свята. Гэта гаворыць пра вашу неабыякавасць, любоў і прыхільнасць да месца, дзе вы нарадзіліся і выраслі, дзе прайшлі гады дзяцінства, юнацтва, праходзяць гады вашай мудрасці. Вы разумееце, як важна любіць і шанаваць куток роднай зямлі.
Ганаровы госць пажадаў усім здароўя, дабрабыту, даўгалецця і ўручыў ад раённай улады заслужаныя ўзнагароды.


Ад імя мясцовай улады выступіла старшыня сельвыканкама Ганна Сянько. Віншуючы землякоў са святам, Ганна Уладзіміраўна згадала старонкі гісторыі вёскі, якой сёлета споўнілася 375 гадоў, нагадала легенды паходжання назвы населенага пункта, распавяла пра тое, як развіваліся Колкі і якімі клопатамі жывуць вяскоўцы сёння. Старшыня сельвыканкама падзякавала землякам за тое, што падтрымліваюць усе пачынанні мясцовай улады, за матэрыяльную і маральную падтрымку.
– Менавіта агульнымі стараннямі і неабыякавым стаўленнем усіх жыхароў аграгарадок прыгажэе, мае свой непаўторны каларыт.
– І я ўпэўнена, наперадзе ў нас яшчэ не адзін слаўны юбілей.


Прыемна, што на свяце прысутнічалі старажылы, якія нарадзіліся ў ваенныя гады, у іх адрас гучала многа добрых слоў. Побач з імі – іх дзеці, унукі і праўнукі.
Прыемным момантам свята стала ўзнагароджанне ветэранаў працы сельгаспрадпрыемства, лясной галіны, адукацыі, медыцыны, сферы абслугоўвання, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Старшыня сельвыканкама і кіраўнікі прадпрыемстваў і устаноў павіншавалі ўсіх ганараваных з выдатным святам і выказалі вялікую падзяку за іх працу.


Шмат добрых пажаданняў казалі ў адрас тых, для каго словы “сямейныя традыцыі”, “вернасць”, “каханне, “выхаванне дзяцей” – не пусты гук, а вялікая каштоўнасць. Не забыліся і пра самых юных жыхароў аграгарадка, бо, як гавораць, вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці.
Вясёлы святочны настрой дапамаглі стварыць творчыя калектывы з ліку колкаўскіх і чалюшчавіцкіх самадзейных артыстаў. Людзі слухалі песні, падпявалі артыстам, усміхаліся, гутарылі адзін з адным – у гэты святочны вечар іх аб’ядноўвалі ўспаміны і любоў да роднай старонкі.
Завяршыўся святочны дзень дыскатэкай і салютам, які расквеціў неба над Колкамі тысячамі разнакаляровых агеньчыкаў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о