Гадаваць нават адно дзіця – вялікая радасць. Калі ў сям’і адразу трое дзетак – гэта ўжо вялікі дар і благаславенне нябёсаў. І разам з тым, вялізная праца і каласальная адказнасць. Бацькі ў адказе за кожнага з іх – яны выхоўваюць маленькіх грамадзян роднай Беларусі, будучыню сваёй краіны.
Напярэдадні Дня сям’і, які адзначаецца ў Беларусі 15 мая, мы сустрэліся з дружнай сям’ёй Вікторыі і Аляксея Хушкадамавых, каб даведацца, у чым жа заключаецца сакрэт іх сямейнага шчасця.

“Мая сям’я – маё багацце”

Ва ўтульнай гасціннай сям’і Хушкадамавых панавала цёплая атмасфера. На сценах – фатаграфіі, якія захавалі моманты шчасця: усмешкі дзяцей, сямейныя святы і простыя радасці паўсядзённага жыцця. Яны з радасцю і адкрытасцю, гатовыя падзяліцца сваёй гісторыяй.
Аляксей і Вікторыя пазнаёміліся ў 2006 годзе. Спачатку гэта было сяброўства, але неўзабаве паміж імі нараджалася і мацнела асаблівае пачуццё – павага і разуменне адзін аднаго. Гэта стала асновай іх саюза. Праз год стварылі сям’ю. Сёлета сям’я адзначыць «гранатавую» гадавіну вяселля. Разам пара 19 гадоў.

“Мая сям’я – маё багацце”

– Пакарыў мяне Аляксей надзейнасцю, грунтоўным мужчынскім характарам, – прызнаецца Вікторыя. – Муж у сям’і галоўны. Выхоўваем трое выдатных дзетак:
Цімур у нас старэйшы, яму 16 гадоў. Сёлета ён выпускнік сярэдняй школы №1 г.Петрыкава. Захапляецца спортам, ігрой на гітары. Сярэдні сынок 9 гадовы Марат, займаецца таэквандо. Сыны ва ўсім імкнуцца пахадзіць на тату. Гэтак жа як і бацька, дапамагаюць мне ва ўсім.
Малодшая – дачушка Кіра, ёй 3 гадкі, любіць развіваючыя гульні і маляванне. Яна ў нас вельмі адкрытая і вясёлая дзяўчынка, – распавяла наша гераіня.
– Уся ў маму, – кампліментам працягвае размову Аляксей. – Згадваючы развіццё нашых адносін, скажу так: чым больш я даведваўся пра Вікторыю, тым больш пераконваўся: яна абсалютна мой чалавек, а за гады сумеснага жыцця не раз гэта даказвалі.
У вольны час сям’я любіць падарожнічаць па краіне, наведваць гісторыка-культурныя месцы Беларусі.
Таксама кожныя выхадныя наведваюць лазню, якая была пабудавана бацькам і сынамі сваімі рукамі. На прысядзібным участку маецца сад і невялікі агарод. Дзеці актыўна дапамагаюць з хатнімі справамі. Дома заўсёды іх чакае яшчэ адзін член сям’і – нямецкая аўчарка Тайсан, верны сябар!

“Мая сям’я – маё багацце”
– Яшчэ мы вельмі любім збірацца ўсёй сям’ёй на прыродзе. Гэта самы лепшы адпачынак, – распавядае шматдзетны бацька.
Вікторыя лічыць: трое дзетак –гэта шчасце, памножанае ў разы. Нягледзячы на тое, што з нараджэннем новага члена сям’і дадаецца клопатаў, штодзённыя мыццё, уборка, гатаванне, хатняя праца не будзе ў цяжар, калі рабіць яе з любоўю. Цеплыня і пяшчота, якія мы ўкладваем у дзяцей, вяртаюцца шматкратна. Нашы Цімур, Марат і Кіра – лепшае таму пацверджанне.
– У нашай сям’і дзеці выхоўваюцца на прынцыпах любові, даверу, дыялогу і асабістага прыкладу. Таксама дзецям з нараджэння прышчапляецца безумоўны патрыятызм, пачуццё любові да роднай зямлі. Надзвычай важна, каб дзеці выраслі сапраўднымі патрыётамі, – дапаўняе размову Аляксей.
На пытанне, у чым заключаецца сакрэт вашага сямейнага шчасця? – Вікторыя і Аляксей адказалі так: наша сям’я – наша багацце. А галоўны сакрэт нашага сямейнага шчасця – гэта павага, давер і ўменне чуць адзін аднаго. Падтрымаць у цяжкія моманты жыцця і падзяліць радасць шчаслівых хвілін.
Час праляцеў незаўважна, і, калі мы падышлі да завяршэння гутаркі, у пакоі запанавала прыемная цішыня. Дзеці, сеўшы побач, слухалі, як іх бацькі дзеляцца сваімі думкамі, і ў іх вачах чыталася захапленне.
Аляксей і Вікторыя жадаюць усім сем’ям цяпла і ўтульнасці, гармоніі і любові, узаемаразумення і росквіту, крэпасці сямейных повязяў.

“Мая сям’я – маё багацце”
Марыя ТАМКО,
фота аўтара і з сямейнага архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о