Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу скарбонка дасягненняў трактарыста-машыніста прадпрыемства меліярацыйных сістэм «Петрыкаўскае ПМС» Яўгенія Дамасканава папоўнілася чарговай узнагародай. З прыемнай нагоды дзелімся гісторыяй працавітага чалавека з чытачамі.
Яўгеній Дамасканаў – жыхар гарадскога пасёлка Капаткевічы. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы ён паступіў у Палескі аграрны каледж, выбраўшы спецыяльнасць агранома. Атрыманыя веды і імкненне працаваць на карысць роднай зямлі прывялі яго пасля размеркавання ў ААТ «Чалюшчавічы». За пяць гадоў працы ў гаспадарцы малады аграном пазнаў усе тонкасці сельскагаспадарчай справы: ад апрацоўкі глебы да догляду за ўраджаем, навучыўся разумець патрэбнасці і знаходзіць аптымальныя рашэнні для павышэння ўраджайнасці. Пазней, перакваліфікаваўшыся ў трактарыста, асвоіў тэхніку і адчуў сябе па-сапраўднаму на сваім месцы.
Праз некаторы час Яўгеній вырашыў змяніць месца працы і ўладкаваўся ў Петрыкаўскае ПМС, дзе таксама працуе вадзіцелем і яго бацька, Ігар Мікалаевіч. Гэта, несумненна, не толькі падтрымка, але і перадача вопыту ад бацькі сыну.
Праца Яўгенія заключаецца ў абслугоўванні меліярацыйных аб’ектаў. Прафесіяналізм нашага земляка запатрабаваны ў раёне, дзе ён актыўна дапамагае аграрыям на ворыве, пасяўной, вывазцы арганікі. Ён упэўнена кіруе трактарам МТЗ-82.1. Дарэчы, за ім замацаваны і экскаватар. Машыніст выконвае пастаўленыя задачы земляных і будаўнічых работ якасна і ў тэрмін.
Яўгеній не толькі працавіты работнік, але і шчаслівы сем’янін. Разам з жонкай Людмілай яны выхоўваюць двух сыноў – Мацвея і Цімафея. Малады бацька пабудаваў уласны дом. У вольны час ён любіць адпачыць на прыродзе, асабліва падабаецца герою грыбное паляванне і рыбалка.
Па характары Яўгеній сціплы, нешматслоўны. Падчас гутаркі суразмоўца, саромеючыся, усім сваім выглядам паказваў, што пра вопытных працаўнікоў пісаць у газеце трэба. Мы ж у сваю чаргу падкрэслім, што вопыт тут, вядома, важны, але ў прыярытэце сёння стаўленне чалавека да справы.
– Сваю працу стараюся выконваць якасна, сумленна і з душою. Таму і вынік добры. Калі тваю працу па вартасці ацэньвае кіраўніцтва – працаваць удвая прыемней.
Нягледзячы на нялёгкую працу земляроба, наш герой задаволены тым, што працуе ў добрым калектыве, і тым, што прафесія ставіць разнастайныя задачы, якія яму падабаецца вырашаць. На сённяшні дзень галоўнае жаданне – дасягнуць яшчэ большых вышынь у сваёй працы.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий