Для любога чалавека выбар прафесіі вельмі многае значыць. Для Наталлі Яцук –загадчыцы філіяла “Пціцкі сельскі Дом народнай творчасці” – прафесія культработніка стала новым вітком у яе жыцці.

Нарадзілася Наталля Леанідаўна ў горадзе Міас, Чалябінскай вобласці. Калі гераіні споўнілася 10 гадоў, сям’я пераехала ў Петрыкаў, затым ў вёску Мышанка. Змена культур і ўкладу жыцця магла б збіць з панталыку, але для юнай дзяўчынкі гэта стала пачаткам вялікай любові да новай малой радзімы. Менавіта тут, на Петрыкаўшчыне, сфармаваўся яе светапогляд і вызначыўся жыццёвы шлях.
Наталля Леанідаўна атрымала філалагічную адукацыю і 20 гадоў прысвяціла працы настаўнікам у Пціцкай сярэдняй школе. Гераіня артыкула вучыла дзяцей не толькі грамаце, але і ўменню адчуваць прыгажосць роднай мовы. Але цяга да народнага мастацтва, якая заўсёды жыла ў яе сэрцы, прывяла Наталлю Леанідаўну ў Пціцкі сельскі Дом народнай творчасці, які яна ўзначальвае амаль 13 гадоў. Пад яе кіраўніцтвам філіял стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для жыхароў аграгарадка і бліжэйшых вёсак, месцам, дзе гучаць сапраўдныя народныя песні. Сёння яна не ўяўляе свайго жыцця без святаў, тэматычных канцэртаў, тэатральных пастановак, выстаў малюнкаў. Асаблівы гонар Наталлі Леанідаўны і ўсяго Дома творчасці складае вакальны ансамбль “Асака”. Пад яе чулым кіраўніцтвам калектыў, які выконвае сапраўдныя народныя песні, дасягнуў прыкметных вышынь. Ансамбль – часты госць раённых мерапрыемстваў і святаў.
За межамі сцэны ў Наталлі Леанідаўны ёсць яшчэ адно хобі, якое напаўняе яе жыццё гармоніяй – кветкі. Яе дачны ўчастак – гэта сапраўдны аазіс, дзе кожная кветачка – клопат і тварэнне рук гаспадыні. А сёлета Наталля Леанідаўна асвоіла новае захапленне – вырошчванне буякі.
– Творчасць – гэта не проста праца для мяне, а сямейная традыцыя, якая аб’ядноўвае некалькі пакаленняў. Мой муж, Валерый Анатольевіч – актыўны ўдзельнік канцэртаў, спяваем як дуэтам, так і сола, – дзеліцца суразмоўца.
Любоў да мастацтва і музыкі Наталля Леанідаўна і Валерый Анатольевіч перадалі сваім дзецям. Дачка Вікторыя жыве ў горадзе Мазыры і працягвае педагагічную дынастыю – яна настаўнік фізкультуры і танцаў, уносячы свой уклад у выхаванне гарманічна развітага падрастаючага пакалення. Сын Аляксандр абраў Гомель, дзе не толькі спявае, але і піша ўласныя песні, працягваючы развіваць творчы патэнцыял сям’і.
– Праца дае мне небывалы зарад бадзёрасці, пазітыва, энергіі. А поспехі дзяцей, якія прыходзяць сюды займацца, даюць стымул на ўсё на працу, на нешта новае, на развіццё. Усё гэта грэе душу, – завяршае нашу гутарку на вельмі пазітыўнай ноце Наталля Леанідаўна.

Марыя ТАМКО,фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о