У мінулую суботу ў аграгарадку Лучыцы каля пляцоўкі сельскага Дома культуры было па-асабліваму ўрачыста, весела і шматлюдна: населены пункт адзначаў Дзень вёскі!
На свята сабраліся жыхары і ўраджэнцы Лучыц, землякі з другіх населеных пунктаў Петрыкаўшчыны. Мерапрыемства наведаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер.
Пачаўся Дзень вёскі з ускладання кветак да памятнага знака ахвярам Вялікай Айчыннай Вайны. Вайна – гэта вялікі боль для беларусаў, бо закранула кожную сям’ю. Вечная памяць аб героях вайны ў нашых сэрцах.
Дзень вёскі – асаблівае свята. Як у кожнага чалавека ёсць свая біяграфія, свой лёс, так і ў вёсак – свая гісторыя. Лучыцам больш за 500 гадоў. Шмат розных падзей перажылі жыхары: і шчаслівых, і трагічных. Цяпер гэта – населены пункт са сваім ладам жыцця, дзе, як і раней, жывуць працавітыя і шчырыя людзі, куды імкнуцца прыехаць ураджэнцы гэтай зямлі.
З нагоды жыхароў павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў.
– Лучыцы – гэта не проста месца на карце, гэта ваш агульны дом, ваша сям’я. Менавіта тут вы чэрпаеце сілы, знаходзіце падтрымку, – адзначыў прадстаўнік улады. – Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць ветэранам, чыя праца ўпісана ў летапіс вашай вёскі. Маладому пакаленню жадаем быць годнымі прадаўжальнікамі слоўных традыцый, будаваць шчаслівую будучыню сваёй малой радзіме.
У сваю чаргу да жыхароў і гасцей аграгарадка звярнулася старшыня Лучыцкага сельскага Савета Валянціна Ганцэвіч, якая выказала вяскоўцам удзячнасць за любоў да роднага краю, за клопат аб яго добраўпарадкаванні, за захаванне мясцовай гісторыі. Урачыстая частка “Дня вёскі” была прысвечана ўшанаванню жыхароў аграгарадка: з павагаю і пашанаю гучалі прозвішчы і імёны лепшых з іх у розных сферах дзейнасці, адносінах да жыцця, як годны прыклад для пераймання. У пачатку мерапрыемства музычны нумар Лучыцкіх артыстаў быў адрасаваны самай старэйшай жыхарцы Лучыц Тамары Канстанцінаўне Азёмша. Затым, под гучныя апладысменты аднавяскоўцаў, былі запрошаны да мікрафона і ўзнагароджання падарункамі ад сельвыканкама Валянціна Арцёмаўна Бухтарэвіч, якая шмат гадоў адпрацавала эканамістам у калгасе “Шлях да камунізма”, а з выхадам на пенсію ўзначаліла Савет ветэранаў Лучыцкага сельскага Савета і Валянціна Іванаўна Гошка, былы бухгалтар сельскага Савета. Як доказ таму, што вёска будзе жыць, паслужыла віншаванне бацькоў самай маленькай жыхаркі Лучыц Міраславы Ахраменка, якой дарослыя перадалі пажаданні шчаслівага жыцця на бацькоўскай зямлі.
У час цырымоніі адзначалася: сёння і ва ўсе часы галоўнае багацце вёскі – гэта людзі. У першую чаргу словы ўдзячнасці былі адрасаваны людзям працы, хто шчыруе на палях і фермах, хто сваёй працай памнажае славу не толькі лучыцкай зямлі, але і ўсяго раёна. Таксама для ўручэння падарункаў былі запрошаны лепшыя ў прафесіі, хто ўсё прафесійнае жыццё прысвяціў ахове здароў’я, выхаванню падрастаючага пакалення, лясной галіне. Імі сталі: работнік лясніцтва Леанід Міхайлавіч Падбярэзны, настаўнікі Вольга Васільеўна Острыкава, Надзея Кірылаўна Арыновіч, Міхаіл Пятровіч Острыкаў, Яніна Іванаўна Чарнушэвіч, медработнікі Марыя Іванаўна Азёмша, Вольга Мікалаеўна Крышчук, Алена Васільеўна Азёмша.
У Лучыцах шануюць і спрадвечныя беларускія каштоўнасці. Запамінальным стала ўшанаванне сям’і Канстанціна Міхайлавіча і Тамары Юр’еўны Ціток, якія пражылі душа ў душу 50 гадоў. Не сталі забытымі імёны вяскоўцаў, лепшых у пытаннях добраўпарадкавання. Камсія сельвыканкама вызначыла чатыры лепшыя падвор’і. Імі сталі сем’і Святланы і Васіля Навічонкаў, Ганны і Дмітрыя Ходзька, Ганны Зборынай, Людмілы і Сяргея Навічонкаў.
На “Дзень вёскі” былі арганізаваны тэматычныя выставы, вялася работа гандлёвых радоў, для дзяцей была магчымасць паспрабаваць салодкай ваты, папкорну, для дарослых – гарачай юшкі і шашлыка. Што тычыцца настрою людзей, то нікому ў той святочны дзень не хацелася разыходзіцца па дамах, вяскоўцаў перапаўнялі эмоцыі. Да позняга вечара чуліся спевы лучыцкіх і чалюшчавіцкіх артыстаў, смех і радасныя галасы ад сустрэч. Аграгарадок танцаваў, спяваў і звінеў звонкім смехам дзятвы. А значыць – ёсць у яго будучыня, пакуль жывуць тут людзі, для якіх гэтыя мясціны – самыя любімыя і дарагія!
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий