На гэтым тыдні адзначаўся Міжнародны дзень повара. Гэты дзень нагадаў нам пра тых, хто гатуе ежу ў школах і бальніцах, рэстаранах і кафэ, хто кожны наш дзень робіць прыемным і смачным.
Напярэдадні падзеі карэспандэнт раённага выдання наведала дзіцячы садок № 5 горада Петрыкава, каб зазірнуць у яго сэрца – кухню. Бо, як вядома, для дарослых няма нічога больш важнага за здароўе і добрае самаадчуванне іх дзяцей. А харчаванне – гэта адзін з ключавых фактараў, які ўплывае на ўсё гэта. І, шчыра кажучы, не раз даводзілася чуць ад удзячных бацькоў цёплыя словы пра арганізацыю харчавання ў дадзенай установе.
Загадчык дзіцячага садка Валянціна Зярнова, даведаўшыся пра мэту нашага візіту, з гонарам адзначыла: “Вы прыйшлі па адрасу. У нас повар – майстар сваёй справы”. І, як паказала далейшае знаходжанне ў садку, гэта не проста словы.
Першае, што кідаецца ў вочы на кухні – чысціня і парадак. Усё блішчыць, кожны прадмет на сваім месцы. Сучаснае абсталяванне дазваляе рыхтаваць ежу хутка і якасна. Да пачатку новага навучальнага года ўстанова атрымала новы параканвектамат.
Повар, Дзіяна Юніцкая, аказалася маладой, прыгожай дзяўчынай, чалавекам захопленым сваёй справай.
– Перад тым, як ісці на кухню, неабходна прывесці ў парадак свае думкі. Толькі з настроем працаваць, стравы з любоўю гатаваць – тады ўсё атрымаецца, – пачынае размову Дзіяна Аляксандраўна. – Я ўдзячна лёсу, што пацую ў гэтым калектыве. Адчуваю сябе на сваім месцы. А самае прыемнае ў рабоце – бачыць пустыя талеркі пасля прыёму ежы дзецьмі. Значыць, малым спадабалася!
Сама дзяўчына родам з Петрыкава. Пасля заканчэння першай гарадской школы набыла ў Калінкавіцкім ліцэі прафесію “прадавец-повар”.
– На першае працоўнае месца прыехала ў родны горад. Пачала прафесійны шлях у адным з гандлёвых аб’ектаў. Але затрымалася там не на доўга: сяброўка падказала, што ў дзіцячым садзе №5 вызвалілася месца повара. А да кулінарыі я заўсёды праяўляла цікавасць і мела асаблівае стаўленне. Так шэсць гадоў таму прыйшла працаваць ва ўстанову, – успамінае гераіня.
Праца на кухні патрабуе не толькі кулінарнага таленту, але і хуткай арганізаванасці. Асабліва калі гаворка ідзе пра прыгатаванне вялікай колькасці страў на адзін прыём ежы, наяўнасць спецыяльных дыетычных сталоў.
Повар прызнаецца: быў перыяд, калі засумнявалася ў сваіх сілах. У той пераломны момант падтрымала кіраўніцтва ўстановы, калегі па цэху: другі повар, кладаўшчык, кухонны рабочы, якія запэўнілі, што пасля адаптацыі прыйдзе сістэмны падыход да працы. Так і выйшла. Хутка маладая зямлячка навучылася правільна планаваць час, засвоіла тэхналагічныя карты, неабходныя патрабаванні і нормы. Стала ўсё паспяваць, з усім спраўляцца. І ўсё на «ўра».
Суразмоўца разумее, што прыгатаванне ежы для дзяцей – гэта адказная місія. Повары дзіцячых садкоў працуюць па строгіх нормах і правілах, якія рэгулююць састаў страў, іх каларыйнасць, а таксама тэхналогію прыгатавання. Але дзяўчына прызнаецца: за гэтымі правіламі хаваецца шмат тонкасцей, якія робяць ежу для хлопчыкаў і дзяўчынак непаўторнай.
– У свеце, дзе хуткае харчаванне, прысмакі часта здаюцца больш прывабнымі для дзяцей, праца тых, хто гатуе здаровую і карысную ежу, набывае асаблівую важнасць, – дзеліцца суразмоўца. – Пагэтаму ўкладваю душу ў працэс, каб супчыкі, кашы, катлеткі былі смачнымі, дашкаляты елі з задавальненнем, вучыліся культуры харчавання з маленства.
Мы жадаем вам, Дзіяна Аляксандраўна, невычэрпнай энергіі і надалей трымацца ў абранай прафесіі. Дзякуй вам за тое, што вы робіце жыццё нашых дзяцей смачным, яркім і больш шчаслівым.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий