Праца аграрыяў у дні ўборачнай кампаніі неацэнная. Бо менавіта яны закладваюць падмурак харчовай бяспекі ўсёй краіны. Кожны імкнецца прыкласці максімальныя намаганні для агульнага выніку. А па заслугах, як вядома, узнагароды і павага землякоў.

Камбайнер БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” Дзмітрый Качэля не першы год з’яўляцца лідарам жніва на Петрыкаўшчыне. У сёлетняй уборачнай кампаніі на сваім “КЗС-2124” ён убраў 544 гектары плошчы і намалаціў 1 497,1 тон збожжа.
У маладога і працавітага земляка з дзяцінства выпрацоўвалася любоў да роднай зямлі, а з юнацтва – цікавасць да тэхнікі, працы механізатара. Справа ў тым, што бацька аграрыя таксама быў механізатарам, заўсёды ў ліку перадавікоў. З ім і праводзіў на палетках увесь свой вольны час наш герой. З цягам часу гэта прывяло да рашэння прадоўжыць сямейную дынастыю, як дзядуля і бацька стаць механізатарам.
– Калі вучыўся ў старэйшых класах роднай Курыціцкай школы, меў магчымасць навучацца ў вучэбна-вытворчым камбінаце, дзе і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне трактарыста, – успамінае перадавік. – У 2011 годзе, пасля заканчэння школы, я ўладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку. Потым была служба ў арміі і вяртанне на Петрыкаўшчыну, дзе я па сённяшні дзень працягваю выбраны шлях.
На пытанне, як дабіцца годных вытворчых паказчыкаў, аграрый адказаў:
– Калі шчыра, над гэтым я асабліва не задумваюся. Стараюся паспяваць з даручаным заданнем, сачу, каб была спраўная тэхніка, якасна працую не збаўляючы тэмпаў.
– Не буду ўтойваць, як кожнаму чалавеку, мне, канешне, прыемна, што працу маю заўважылі і адзначылі на такім высокім узроўні, як раённыя дажынкі, – дадае аграрый. – За перыяд уборачнай кампаніі на палеткі сказаць словы падзякі хлебаробам наведваліся прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, раённай улады, грамадскіх арганізацый. Гэта гаворыць пра тое, што наша праца заўважана і мае годную будучыню.
Наш герой шчаслівы бацька – разам з жонкай яны гадуюць дачку і сына.
– Самае галоўнае для мяне, каб блізкія і родныя былі здаровымі. Калі ў сям’і ўсё добра – тады і жыццё, і праца ў радасць. Жадаю нам усім, каб навокал быў мір і згода, а хлеба хопіць усім.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о