У службе сацыяльнай абароны насельніцтва Петрыкаўшчыны працуе шмат людзей, якія прысвяцілі абранай справе многія гады. Адна з такіх – сацыяльны работнік з Мышанкі Вера Кліменка.

– Вера Уладзіміраўна – чалавек старанны і адкрыты. Валодае пачуццём адказнасці за вынікі сваёй працы. За амаль дваццаць гадоў у службе пра сацыяльнага работніка чуем толькі станоўчыя водгукі ад насельніцтва. Такія людзі – гонар нашай галіны, – адзначылі ў Петрыкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Тое, што ўвага да чужых праблем – вызначальныя якасці зямлячкі, мы ўпэўніліся і ў час нашай сустрэчы.
– Каб працаваць сацыяльным работнікам трэба мець чулае сэрца. Асабліва гэта датычыцца, калі гаворка ідзе пра пажылых і хворых людзей, тых, хто па розных прычынах не можа сам сябе абслугоўваць, – пачынае размову жанчына.
Вера Уладзіміраўна сама родам з Філіпавіч. Пасля заканчэння Навасёлкаўскай сярэдняй школы атрымала прафесію прадаўца і некалькі гадоў адпрацавала па спецыяльнасці ў Новагалоўчыцах. У 2001 годзе пераехала ў Мышанку на месца жыхарства свайго мужа. Там і прапанавалі ёй паспрабаваць сябе ў ролі сацыяльнага работніка.
– Ні разу не пашкадавала, што ўладкавалася на працу ў сацыяльную службу. Спачатку было нялёгка, але пасля ўцягнулася. У кожнага з маіх падапечных за плячыма пражытае жыццё, свой характар, погляды на навакольны свет і свае патрабаванні. У кожным чалавеку бачу ў першую чаргу ўсё добрае, светлае і шчырае.
На абслугоўванні ў жанчыны знаходзяцца чатырнаццаць чалавек. Сярод іх ёсць і сямейныя пары, адзінокія людзі, жыхары населенага пункта, якія маюць інваліднасць. Вера Уладзіміраўна прызнаецца, што не абмяжоўваецца рамкамі службовых абавязкаў ці інструкцый. Прыбрацца ў доме, прынесці прадукты, згатаваць абед, схадзіць у аптэку, заплаціць камунальныя паслугі – гэта далёка не ўвесь пералік яе прафесійных абавязкаў. У працоўным графіку сацыяльнага работніка часам здараецца, што наведаць земляка неабходна больш запланаваных двух-трох разоў у тыдзень. Але ўсё гэта для яе звыкла, а падапечныя сталі ўжо блізкімі людзьмі. Суразмоўца адзначае: многія з іх па меры сваіх магчымасцей стараюцца ўдзельнічаць разам з ёю ў вырашэнні дамашніх спраў. Час праходзіць у цёплай, сямейнай атмасферы.
– Не сакрэт, што людзі старэйшага ўзросту маюць патрэбу выгаварыцца, расказаць пра набалелае. І для многіх сацыяльны работнік – менавіта той чалавек. Таму неабходна ўменне выслухаць, нешта параіць, падказаць, падтрымаць, – дзеліцца гераіня. – Бывае, што тэлефануюць мне і ў не працоўны час. Значыць, чалавеку патрэбна ўвага. Пакідаю асабістыя справы, паразмаўляю, параю. Я і мае родныя разумеем: для некаторых жыхароў Мышанкі я неабходны і блізкі чалавек.
– Прафесія сацыяльнага работніка, безумоўна, накладвае свой адбітак на характар чалавека, – пераканана гераіня. – Здаецца, што з гадамі я стала больш чулай, добразычлівай, крыху мудрэйшай. Навучылася ў поўнай меры суперажываць і быць цікавай суразмоўцай. Ад сваіх падапечных пераймаю ўрокі жыццёвай мудрасці, прыслухоўваюся да іх парад, вучуся аптымізму, веры ў лепшае.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о