Капаткевіцкі школьны музей папоўніцца новай экспазіцыяй

0
236

У абласным цэнтры падведзены вынікі адкрытага конкурснага адбору праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Сярод пераможцаў – творчы калектыў Капаткевіцкай сярэдняй школы з ініцыятывай “Стварэнне музейнай экспазіцыі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў”.

Капаткевіцкі школьны музей  папоўніцца новай экспазіцыяйЯк пазначыў у час размовы нашаму карэспандэнту старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер, конкурс арганізаваны абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў і накіраваны на рэалізацыю лепшых ідэй жыхароў Гомельшчыны. Па выніках адбору, фінансавую падтрымку з бюджэту на ажыццяўленне сваіх задум атрымліваюць жыхары вобласці, якія прапануюць варыянты вырашэння на мясцовым узроўні сацыяльна значных пытанняў. Такія праекты, упэўнены Віталій Уладзіміравіч, спрыяюць канструктыўнаму дыялогу органаў мясцовага самакіравання і насельніцтва. Між іншым, пераможцы адкрытага конкурсу атрымаюць фінансавую падтрымку на рэалізацыю праектаў у памеры да 90 % ад кошту праекта.

У гэтым годзе ў конкурсным адборы ўдзельнічала 57 ідэй, 14 з якіх прызнаны лепшымі. Прыемна, што сярод адабраных да рэалізацыі праектаў – ініцыятыва нашых землякоў. Днямі мы сустрэліся з дырэктарам установы адукацыі Наталляй Камнацкай, каб павіншаваць з перамогай і даведацца пра агульную ідэю праекта.

Як паведаміла ў час размовы Наталля Юр’еўна, ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа” не адно дзесяцігоддзе актыўна працуе ў гісторыка-краязнаўчым накірунку. Кіраўнік установы адукацыі ўпэўнена, што найважнейшым са складальнікаў, якія фарміруюць грамадзянска-патрыятычныя каштоўнасці, з’яўляецца школьны музей з яго вялізным адукацыйным і выхаваўчым патэнцыялам.
З 2020 года школьны музей Капаткевіцкай школы – раённы рэсурсны цэнтр па музейнай педагогіцы. У 2021 годзе сіламі навучэнцаў і работнікаў школы была праведзена поўная рэканструкцыя экспазіцый школьнага музея.

– У Год гістарычнай памяці галоўнай у дзейнасці нашага школьнага музея стала тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, пракуратурай Петрыкаўскага раёна былі сабраны, без перабольшання, каштоўныя матэрыялы ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Пры музеі не першы год дзейнічае пошукава-даследчая група “Пошук”, якая актыўна працуе з адпаведнымі сайтамі па аднаўленні інфармацыі ў гэтым напрамку. Аднак, з-за адсутнасці месца ў дзеючым музеі, назапашаныя матэрыялы афармляюцца толькі тэматычнымі выставамі. Узнікла неабходнасць у стварэнні музея, прысвечанага выключна генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І вось тут мы вырашылі скарыстацца магчымасцю і прынялі ўдзел у адкрытым конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Мы ўпэўнены, што сабраны, аформлены і прадстаўлены ў музейным пакоі матэрыял будзе садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў і дарослага насельніцтва аб’ектыўнага ўяўлення пра ўклад беларускага народа ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Дапаможа такой актуальнай сёння справе захавання гістарычнай памяці народа, будзе спрыяць выхаванню ў вучняў і моладзі пачуцця патрыятызму, клопату аб Радзіме, гатоўнасці да яе абароны, дазволіць на прыкладзе трагічных лёсаў землякоў праз музейныя прадметы, фотадакументальныя матэрыялы паказаць палітыку генацыду нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адносінах да беларускага народа, – упэўнена Наталля Камнацкая.

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ
Кацярына Зянкевіч, член Савета Рэспублікі:
– Мы бачым узрастаючую цікавасць з боку грамадзян да ўдзелу ў грамадска значных праектах. Калі на першыя конкурсы паступала менш за 20 заявак, то сёлета мы разгледзелі 57. Тут ёсць рэзерв – інфармацыйная работа з насельніцтвам аб прадастаўленых магчымасцях. Акрамя таго, абласная асацыяцыя з’яўляецца пляцоўкай для практычнага навучання асновам праектнага менеджменту.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о