Дзякуючы летняму надвор’ю і сонечным дням многія імкнуцца максімальна выкарыстоўваць магчымасць адпачыць на прыродзе. Вядома, што час, праведзены на свежым паветры, дабратворна ўплывае на самаадчуванне. Аднак, на жаль, не ўсе памятаюць пра бяспеку, знаходзячыся каля вады: выбіраюць для купання забароненыя месцы, знаходзяцца без суправаджэння дарослых.

Днямі чарговы прафілактычны рэйд па забароненых месцах для купання на тэрыторыі раёна з мэтай папярэджання гібелі і траўміравання дзяцей на вадзе правялі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Усціновіч-Насека, супрацоўнікі Петрыкаўскага РАНС і карэспандэнт «ПН» .


Асаблівая ўвага падчас такіх мерапрыемстваў надаецца групам дзяцей-падлеткаў, якія знаходзяцца паблізу вады без суправаджэння дарослых. З непаўналетнімі праводзяцца прафілактычныя гутаркі аб правілах бяспечных паводзін на вадзе, тлумачацца наступствы купання ў неабсталяваных месцах. Нагадалі, што дзецям да 14 гадоў забаронена знаходзіцца на вадаёме без дарослых.
Пры наведванні рэк і азёр выратавальнікі звярталі ўвагу на наяўнасць папераджальных таблічак, інфармацыйных стэндаў і абмежаванне воднай прасторы.
– У дні школьных канікул у дзяцей больш не толькі вольнага часу, але, на жаль, і больш шанцаў трапіць у непрыемнасці. А таму немалаважна, каб яны праводзілі вольны час бяспечна, – адзначыла, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Усціновіч-Насека.
Падчас рэйду былі зафіксаваныя выпадкі: купання ў забароненых месцах, дзе адсутнічаюць выратавальныя пасты і не абследавана дно; дзяцей, якія знаходзіліся каля вады без нагляду дарослых.
Пры купанні недапушчальна: плаваць у незнаёмым месцы, у месцах са знакам «купанне забаронена»; ныраць з вышыні, не ведаючы глыбіні і рэльефу дна; знаходзіцца на пляжы ў нецвярозым стане і заходзіць у ваду.
Асаблівая ўвага – маленькім дзецям: без дарослых ім купацца забаронена!
Прафілактычныя рэйды будуць працягвацца на працягу ўсяго купальнага сезона. Бяспека – галоўны прыярытэт для выратавальнікаў, праваахоўных органаў і суб’ектаў прафілактыкі.
Памятайце: вада не даруе бестурботнасці!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о