Калі падаткі ў парадку!

0
597

Калі падаткі  ў парадку!

9 ліпеня прафесійнае свята адзначаюць работнікі падатковай службы

Наяўнасць прафесійнага свята сведчыць пра асаблівую значнасць для краіны такой дзейнасці. У глабальным сэнсе служба створана для таго, каб мы з вамі жылі ў камфорце. Дзякуючы абавязковым плацяжам, якія фізічныя асобы і арганізацыі бязвыплатна пералічваюць у бюджэт, дзяржава можа выконваць свае асноўныя функцыі: забяспечваць сацыяльную падтрымку, фінансаваць адукацыю, ахову здароўя, правапарадак, займацца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і будаўніцтвам дарог і яшчэ шмат чым іншым.

Начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Петрыкаўскім раёне Марына Асташова расказала, што петрыкаўчане, як і жыхары ўсёй краіны, плацяць падаткі адначасова ў рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, з якіх фарміруецца так званы кансалідаваны бюджэт – збор бюджэтаў усіх узроўняў. Падатковыя даходы традыцыйна складаюць не менш як 85 працэнтаў кансалідаванага бюджэту.
“Прыярытэтны напрамак бюджэтных расходаў на 2023 год – фінансаванне сацыяльнай сферы. Рэалізацыя сацыяльнай палітыкі прадугледжвае выдаткі на пенсійнае забеспячэнне, на дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, на дапамогу ў забеспячэнні жыллём”, – удакладніла Марына Паўлаўна.

Ва ўпраўленні па рабоце з плацельшчыкамі па Петрыкаўскім раёне сёння працуе 6 чалавек.

“Нашыя работнікі – адказныя, добрапрыстойныя і дысцыплінаваныя спецыялісты. Кожны ведае свае задачы, добрасумленна іх выконвае, а пры неабходнасці – дапаможа адзін аднаму. Дэвізам супрацоўнікаў упраўлення ўжо даўно стала правіла: адносіны з падаткаплацельшчыкамі будаваць на даверы і ўзаемапавазе. Дарэчы, за плённую працу ў падатковых органах, высокі прафесіяналізм і ў сувязі з прафесійным святам падзяку ад начальніка інспекцыі атрымала Вольга Шпігановіч, ганаровай граматай узнагароджана Кацярына Пражнікава”.

Калі казаць пра лічбы, то ў Петрыкаўскім раёне са студзеня па чэрвень бюджэт фармавалі больш за 17 тысяч плацельшчыкаў – гэта 295 арганізацый, 423 індывідуальных прадпрымальнікаў і 16 609 тысяч фізічных асоб. Больш за 22 мільёны беларускіх рублёў паступіла ў бюджэт ад плацельшчыкаў Петрыкаўшчыны.
Прыбытак ад прадпрымальніцкай дзейнасці за апошнія 6 месяцаў склаў 2 мільёны 563 тысячы.

Падатковая інспекцыя не толькі абслугоўвае, але і дапамагае фізічным і юрыдычным асобам.

“Безумоўна, мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з падаткаплацельшчыкамі, кансульціруем, усе новыя пастановы публікуем як у раённай газеце, так і на сайце райвыканкама, у сацыяльных сетках, – працягнула Марына Паўлаўна. – У планах – актыўнае далейшае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі і развіццё анлайн-паслуг.

Мы тлумачым, як працуюць электронныя сэрвісы, рэсурс “Асабісты кабінет плацельшчыка”, кантакт-цэнтр. Выкарыстоўвае асабісты кабінет карыстальніка 93% нашых кліентаў – гэта індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, а таксама фізічныя асобы. Мы робім упэўненыя крокі па шляху ператварэння ў кліентаарыентаваную службу, нарошчваем вопыт выкарыстання лічбавых тэхналогій. Як не аднойчы адзначаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, трэба выбудаваць простую і зразумелую сістэму, дзяржава жадае бачыць надзейнага партнёра ў асобе прадпрымальніка.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць калег з прафесійным святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабра, міру, удачы на прафесійнай ніве!”

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о