На палетках ААТ “Чалюшчавічы” шчыруе на адвозцы збожжа Андрэй Несцярчук. Часу пагутарыць з 38-гадовым вадзіцелем выпала няшмат, але суразмоўцу было што расказаць пра працу і крыху распавесці пра сямейнае жыццё.
Андрэй Іванавіч працуе ў сельгаспрадпрыемстве нядаўна – другі год. Але вадзіцельскі стаж мужчыны нашмат большы: “Паўтары гады давялося парабіць яшчэ ў КСУПе “Капаткевічы”, гэтая гаспадарка ў свой час была аб’яднаная з чалюшчавіцкай. Але большую частку свайго працоўнага стажу я адпрацаваў вадзіцелем хуткай дапамогі ў гарпасялковай бальніцы, таму добра ведаю, што такое тэрміновасць і адказнасць”.
Мужчына адзначыў, што справа хлебароба патрабуе вытрымкі, бо працаваць у спякотны сезон без святаў і выхадных дзён цяжка. Не ведаюць аграрыі змен, як другія кіроўцы, – штодня на ніве пакуль сонца па-над галавою. Але, з цягам часу, работа становіцца звыклай, прыносіць асалоду, а згуртаваны калектыў пераадольвае ўсе цяжкасці агульнай, зла-джанай працай.
Андрэй Несцярчук выпраўляецца ў рэйсы на МАЗе-457043. Вадзіцель у літаральным сэнсе даў машыне, як то кажуць, другое жыццё. “Грузавік быў няспраўны, але, параіўшыся з кіраўніцтвам, прыняў рашэнне яго аднавіць. Рамантаваць давялося істотна, асабліва прыйшлося паклапаціцца пра рухавік, але ўжо другі год мой МАЗ працуе на карысць агульнага ўраджаю. Увесь гэты час я працягваю даводзіць машыну да розуму, пакуль усе вузлы і агрэгаты не пачнуць працаваць як гадзіннік. Адное, што не змагу выправіць, – гэта сціплую грузапад’ёмнасць, усё ж 5 тон малавата для перавозкі ўраджаю”, – мяркуе працаўнік.
Дома мужчыну чакае жонка Таццяна. У сям’і выхоўваецца шасцёра дзяцей – чатыры сыны і дзве дачкі. Старэйшай дачцэ ўжо 19 гадоў, а вось самаму малодшаму сыну споўнілася 11 месяцаў. На пытанне, дзе вы набіраецеся сіл, мужчына ўсміхаецца, маўляў, акурат сям’я, надзённыя клопаты, шчырая праца на палетках і надае энергіі. Ды і як інакш, калі ў доме дабрабыт – і на ніве справа ладзіцца. Вядома, хацелася б болей праводзіць часу з блізкімі, але родныя ўжо звыкліся з насычаным працоўным графікам і падтрымліваюць свайго гаспадара. Андрэй Іванавіч перакананы: добразычлівая атмасфера склалася ў калектыве, з увагай адносіцца да аграрыяў і кіраўніцтва гаспадаркі – вось простыя складальнікі самааддачы ад жыцця, карысці для грамадства.
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий