Першае станаўленне дзіцяці як асобы пачынаецца менавіта тут, у дзіцячым садку. Выхавацель становіцца для падрастаючага пакалення  не толькі настаўнікам, але і абаронцам, сябрам.

Галіна Аляксандраўна за 40 гадоў працоўнага стажу набыла вялікі вопыт у рабоце з дзецьмі. І нават зараз яна з задавальненнем перадае свае назапашаныя веды маладому пакаленню, якое толькі-толькі пачынае свой прафесійны шлях:

“Каб фарміраваць маленькія розумы, трэба мець вялікае сэрца”

– Шчыра кажучы, педагагічную дзейнасць я выбрала выпадкова, – з усмешкай пачала свой аповед Галіна Аляксандраўна. – Збіралася паступаць у медыцынскае вучылішча ў горад Магілёў разам са сваёй сяброўкай, але на шляху мне сустрэлася педагагічнае вучылішча. Цікава тое, што 2 гэтыя будынкі знаходзяцца побач. Так нашы шляхі з сяброўкай і разышліся. Такі выпадак і вырашыў мой далейшы лёс.

Як прызналася наша гераіня, паступіць ёй удалося без экзаменаў, сдавала яна толькі музыку, так як адзнакі ў школе ўсе былі выдатныя.

– Вучоба была цікавай і давалася мне лёгка, – працягвае суразмоўца. – Тут я знайшла новых сяброў, прымала ўдзел у многіх мерапрыемствах. Асабліва падабалася мне сцэнічнае мастацтва, дзе мы паспрабавалі сябе ў ролі многіх персанажаў дзіцячых твораў.

Пасля заканчэння вучылішча Галіна Голік была накіравана ў горад Віцебск, дзе працавала ў дзіцячым садку, які знаходзіўся на базе санаторыя.

– На маім першым працоўным месцы ў якасці выхавацеля складанасцей не ўзнікала. Адразу прывыкла да дзяцей, навучылася знаходзіць з імі агульную мову. З бацькамі мы таксама знаходзіліся ў добрых адносінах. У дзіцячым садку быў дружны калектыў, таму і працаваць было лёгка, – падзялілася гераіня.

“Каб фарміраваць маленькія розумы, трэба мець вялікае сэрца”

Са слоў Галіны Аляксандраўны, першапачаткова ў Петрыкаў прыехала яе сяброўка і запрасіла да сябе, бо разам будзе весялей працаваць і жыць. Пераезд прыпаў як раз на час Чарнобыльскай катастрофы, на 1986 год. Так і засталася наша гераіня на Петрыкаўшчыне.

– З 1996 года я пачала працаваць ужо як педагог па фізічным выхаванні, – успамінае жанчына. – У дзіцячы сад №7 горада Пет-рыкава я прыйшла працаваць у 2000 го-дзе, сюды ж прывяла і свайго сына. Калегі прынялі мяне добра, заўсёды дапамагалі, тлумачылі.

Работа Галіны Аляксандраўны заключалася ў наступным: правядзенне фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, ранішняя гімнастыка, праца з дзецьмі падчас канікул і ўвогуле ўсё актыўнае жыццё малых ва ўстанове адукацыі.

“Каб фарміраваць маленькія розумы, трэба мець вялікае сэрца”

– Праца з маленькімі дзецьмі карпатлівая, бывае складана ўтрымаць дысцыпліну падчас заняткаў, але і гэтаму трэба навучыцца, – дадала суразмоўца. – Строгі тон, пастаянныя размовы пра тэхніку бяспекі на самой справе дапамагаюць захаваць дысцыпліну. Ведаеце, з дзецьмі трэба быць адначасова і строгім, але ў пэўных выпадках умець пашкадаваць.

Прайшоўшы па калідоры дзіцячага садка, на сцяне можна ўбачыць нямала ўзнагарод, многія з якіх – заслуга Галіны Аляксандраўны.

– Сярод маштабных мерапрыемстваў, у якіх мы прымалі ўдзел – Алімпійскі марафон, фотавыставы, дзіцячыя фестывалі. Усе моманты мы стараліся захаваць на фота, каб і бацькі ведалі, якую працу праводзяць з іх дзецьмі, – адзначыла гераіня.

На пытанне, якімі рысамі характару павінен валодаць чалавек, які працуе з дзецьмі, жанчына не задумваючыся адказала, што трэба мець прыродную дабрыню, разумець дзіцячую псіхалогію і ўмець стрымліваць эмоцыі, лепш іх выплёскваць у іншым месцы, магчыма нават і ў спартыўнай зале, тады і вынік будзе годны.

Педагог за час сваёй працы выпусціла нямала дзяцей, некаторыя з іх ужо самі сталі бацькамі. Заўсёды сэрца жанчыны напаўняецца радасцю, калі яна бачыць ці чуе пра поспехі сваіх выхаванцаў.

– Абодва сыны таксама скончылі педагагічны ўніверсітэт: старэйшы сын атрымаў спецыяльнасць педагога па фізічнай культуры, малодшы – псіхолаг, сацыяльны педагог, – з гонарам падзялілася Галіна Аляксандраўна.

Пасля працоўных будняў жанчына любіць пачытаць мастацкія творы, так сказаць, адпачыць душой. Раней яна актыўна вязала.

Дарэчы, 21 лістапада Галіна Голік адзначыла свой юбілей – 60 гадоў з дня нараджэння. Шчыра і з асаблівай любоўю адклікаюцца пра нашу гераіню калегі:

Галіна Каса, загадчык установы:

– Галіна Аляксандраўна творчы, актыўны, яркі чалавек. Яна ведае сваю справу, цудоўна ўзаемадзейнічае з дзецьмі і іх бацькамі. Хачу пажадаць ёй мірнага неба, дабрабыту ў сям’і, яна гэтага заслугоўвае.

Наталля Галавач, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці:

– Наша калега Галіна Аляксандраўна – высокакваліфікаваны педагог. Усе яе заняткі з дзецьмі цікавыя, кожнаму, хто ў гэтым мае патрэбу, яна стараецца аказаць дапамогу. У капілцы педагога вялікая колькасць праведзеных мерапрыемстваў, методыка, якую яна распрацавала ўласна. Хачу пажадаць Галіне Аляксандраўне спакойнага і здаволенага жыцця, каб яна ні ў чым і ніколі не мела патрэбы, а ўсе яе жаданні збываліся.

Яніна Яцко і Кацярына Амельчанка, педагогі па фізічным выхаванні:

– Хацелася б сказаць вялікі дзякуй Галіне Аляксандраўне за тую дапамогу, якую яна гатова аказаць нам у любы час. Яна напрацавала вялікую базу для далейшай нашай работы. Жадаем Галіне Аляксандраўне даўгалецця, хацелася б, каб на нашым шляху сустракалася больш такіх цудоўных людзей.

Анастасія КІСЕЛЕВА. Фота з архіва дзіцячага сада.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о