Жыццё Капцэвіцкай сярэдняй школы ў апошнія гады часта становіцца цэнтрам увагі жыхароў Петрыкаўшчыны. Установа адукацыі быццам адкінула сумненні і стрыманасць, смела і яскрава заяўляе пра сябе ў розных напрамках. Перамогі ў вучэбнай і спартыўнай дзейнасці, інавацыі і эксперыменты ў выхаваўчай, значнае паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы – усё дэманструе самаадданую працу работніка. Зразумела, што дадзены “скачок” – вынік усяго калектыву. Але як вядома – рытм любой справе задае кіраўнік. Менавіта ад яго залежыць зладжанасць, трываласць і надзейнасць працы  звёнаў аднаго ланцуга. Ад яго ўмення  знайсці тую нябачную мяжу: быць строгім, патрабавальным і ў той жа час “сваім”, аўтарытэтам для кожнага – залежыць многае. Такі шлях выбраў для сябе  Валерый Такун.

Каб дайсці да мэты – трэба ісці.

Напэўна, Валерыю Пятровічу стаць настаўнікам і кіраўніком было прадвызначана на генетычным узроўні. Маці сваё прафесійнае жыццё прысвяціла выкладанню роднай мовы і літаратуры ў Бабуніцкай сярэдняй школе, бацька з простага рабочага дайшоў да старшыні сельскага Савета, райкама партыі. На прыкладзе бацькоў герой з маленства адчуў асаблівасці жыцця педагога, важнасць узважаных кіраўнічых рашэнняў. У старэйшых класах у жыццё юнака трывала ўвайшло захапленне спортам. Вырашыўшы звязаць сваю прафесію з педагогікай, выбраў спецыяльнасць настаўніка фізічнай культуры і спорту. Атрымаў адпаведную адукацыю ва ўстановах сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Гродна і Магілёва. Дваццаць тры гады адпрацаваў настаўнікам у першай гарадской школе і неаднойчы падымаў установу на спартыўны алімп.

На пытанне што галоўнае для дзейнасці настаўніка: любоў да дзяцей ці прафесіяналізм, герой лічыць так. “Як, не маючы любові, можна працаваць з дзецьмі? Прафесіяналізм – гэта надбудова над базай, яму можна навучыцца, ён прыходзіць з вопытам, але ў аснове павінна ляжаць любоў”.

У 2015 годзе Валерый Пятровіч атрымаў прапанову ўзначаліць Капцэвіцкую сярэднюю школу.

– Я рэальна глядзеў на рэчы і разумеў, што гэта вялікая адказнасць перад калегамі вучнямі, бацькамі. Першае, што я падумаў: а ці змагу я кіраваць? Ці здолею павесці за сабой калектыў? – успамінае суразмоўца. – Першы год  на пасадзе дырэктара дапамог мне зразумець, што кіраваць – гэта не толькі адказна, але і цікава, што патрэбна шмат працаваць над сабой, знаходзіць падыходы да вучняў, бацькоў, педагогаў. Кіраўнік павінен прадбачыць наступствы прымаемых ім рашэнняў, ніколі не апускаць рукі і ўмець выходзіць са складанага становішча.

– Скажу шчыра, мне пашанцавала з калегамі. Мае намеснікі – трывалы фундамент у дзейнасці школы. У нашай камандзе творчыя педагогі, надзейныя тэхнічныя работнікі, неабыякавыя бацькі. – працягвае Валерый Пятровіч. – Я стараюся не станавіцца ў “позу” начальніка, бо розніца паміж падначаленым і кіраўніком толькі ў меры адказнасці, а ва ўсім астатнім мы аднолькавыя і робім агульную справу для дзяцей, бацькоў, жыхароў пасёлка.

Кіраўнік  прызнаецца, што работа даўно перастала быць для яго проста работай, яна ператварылася ў сэнс, які кожны чалавек шукае ў сваім жыцці. Дырэктар школы не можа дакладна правесці мяжу, дзе заканчваецца работа і пачынаецца асабістае жыццё. Напэўна, гэта і ёсць яго філасофія, яго дарога, якая вядзе да поспеху.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о