Важным напрамкам у дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца фарміраванне ўсебакова развітай, культурна-арыентаванай асобы. Працэс адукацыі не стаіць на месцы і патрабуе ад школы новых падыходаў, рашэнняў задач, пастаўленых часам.
У апошнія гады стала відавочнай перспектыва вывучэння кітайскай мовы ва ўстановах адукацыі Беларусі. Папулярнасць гэтай мовы сярод дзяцей і бацькоў стабільна расце і педагагічныя калектывы робяць усё магчымае для задавальнення іх запытаў. З радасцю і гонарам можна сказаць, што гімназіі горада Петрыкава і гэтая задача аказалася па плячы: з 2025/2026 навучальнага года навучэнцы атрымалі магчымасць вывучаць мову Паднябеснай.
Новаўвядзенне стала магчымым дзякуючы дальнабачнасці кіраўніцтва гімназіі і педагогаў, якія перакваліфікаваліся і сталі выкладчыкамі такой яшчэ малавядомай беларусам мовы.
Педагогі замежнай мовы Ірына Рагалевіч і Уладзіслава Занкевіч, навучэнцы гімназіі і сталі маімі суразмоўцамі.
Ірына Рагалевіч: Беларусь актыўна супрацоўнічае з КНР у розных сферах. Варта надаваць увагу гэтай краіне
– Першая мая спецыяльнасць “Настаўнік беларускай і англійскай мовы”. Жаданне вывучаць кітайскую ў мяне ўзнікла шэсць гадоў таму. Але на той перыяд яшчэ былі недастаткова дарослымі мае дачка і сын, і доўгая адсутнасць дома была непажаданай, – прызнаецца Ірына Міхайлаўна. – Тры гады таму з’явілася магчымасць прайсці прафесійную перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Я бачыла цікавасць грамадства да кітайскай мовы, ды і самой хацелася рухацца наперад у плане вывучэння замежных моў. У гімназіі я была не адна ў такім жаданні: мая калега, таксама не супраць была паспрабаваць на гэтай ніне свае сілы. Безумоўна, нашаму навучанню, а пасля адкрыццю факультатыўных заняткаў па навучэнню кітайскай мове папярэднічала вялікая і мэтанакіраваная праца кіраўніцтва гімназіі, якое ўбачыла ў гэтым напрамку перспектыву для дзяцей.
Уладзіслава Занкевіч: У Паднябеснай самабытная і непаўторная культура
– Калі Ірына Міхайлаўна прапанавала прайсці адбор у інстытут Канфуцыя, я, усё ўзважыўшы, пагадзілася – цікавасць да вывучэння замежных моў узяла верх над сумненнямі. Хочацца адзначыць, што Ірына Міхайлаўна – мой былы настаўнік англійскай мовы, і ў тым ліку дзякуючы ёй я пасля заканчэння гімназіі выбрала для павступлення факультэт “Сучасныя замежныя мовы. Выкладчык англійскай і нямецкай мовы” універсітэта Янкі Купалы, – уступае ў размову Уладзіслава Леанідаўна. – Вядома, у нас абедзвюх былі пэўныя сумненні і страхі. Новае заўсёды трошачкі палохае, але мы пераступілі праз сумневы, прайшлі іспыты і былі залічаныў РІКК БДУ.
Суразмоўцы прызнаюцца: без цяжкасцяў не абыходзілася. Зямлячкам прыйшлося асвойваць незнаёмую ім сістэму пісьма, запамінаць вялікую колькасць іерогліфаў, адрозніваць тонкія гукавыя нюансы перабудоўваць сваё мысленне пад новую граматычную сістэму. Форма навучання была вочна-завочная: на працягу двух гадоў педагогі два месяцы вывучалі кітайскую мову непасрэдна ў БДУ, два – анлайн, паралельна з працай у гімназіі. Кожны месяц ім прыносіў нешта новае, цікавае і захапляльнае з жыцця Паднябеснай. Прызнаюцца: вывучэнне мовы захапіла і зацягнула. У выніку яны паспяхова здалі міжнародны экзамен на ўзровень ведаў кітайскай мовы.
– Пасля першага курса мы праходзілі стажыроўку ў Кітаі. Менавіта ў гэтай краіне, з такой незвычайнай культурай і традыцыямі, я адчула ўпэўненасць у зносінах на кітайскай мове. Я разумела, пра што кажуць карэнныя жыхары, уступала на базавым узроўні ў размову, – успамінае Уладзіслава Леанідаўна.
– Вельмі дапамагло і тое, што выкладчыкі ў інстытуце былі ў тым ліку і з КНР. Мова Паднябеснай нам адкрыла партал у дзіўную культуру. Мы рады знаёміць з ёй нашых вучняў, – адзначае Ірына Міхайлаўна.
З гэтага навучальнага года пачаліся заняткі з дзецьмі па вывучэнні новай для іх мовы. Трэба адзначыць, што навучэнцы ахвотна адгукнуліся на інавацыю: займацца вывучэннем мовы выказалі жаданне як дзеці з сярэдняга звяна, так і старшакласнікі. Педагогі бачаць, што вучыць кітайскую мову ў гімназістаў ёсць цікавасць. Калі для пяцікласнікаў і шасцікласнікаў гэта займальныя і незвычайныя заняткі, то для адзінаццацікласнікаў – усвядомлены погляд у будучыню.
Вось што адказваюць заўтрашнія выпускнікі на пытанне: чаму была выбрана імі кітайская мова для вывучэння.
Выпускнікі гімназіі адзначаюць, што веданне кітайскай мовы адкрывае новыя гарызонты для моладзі
Дар’я Свібовіч:
– Гэтае рашэнне звязана з маёй будучай прафесіяй: я збіраюся паступаць на перакладчыцкую справу з указаннем моў “англійская” і “кітайская”. Думаю, што вывучэнне кітайскай мовы адкрые мне перспектывы і магчымасці ў будучыні. Будзе цудоўна, калі я змагу паехаць у Кітай, вучыцца па абмене і ў далейшым працаваць у сферы, якая злучае нашы краіны ў культурным, турыстычным плане.
Паліна Радзюкевіч:
– Гэта мова адкрыла дзверы ў вялікі і цікавы свет. Я спадзяюся, што ў недалёкай будучыні змагу прадэманстраваць валоданне адной са складаных моў свету. Мару наведаць Паднябесную і на свае вочы ўбачыць яе культуру і звычаі. Для мяне мой занятак – новы сродак камунікацыі. З пункту гледжання развіцця асобы гэта, на мой погляд, вельмі карысны выбар.
Аляксандра Булава:
– Раней мяне не прыцягвала кітайская мова, але знайшліся людзі, якія натхнілі на яе вывучэнне. Я вырашыла паспрабаваць і праз час адчула, што мне цікава. Я не пазбягаю магчымасцяў спасцігаць нешта новае. Наадварот, я іх вітаю.
Кітай – гэта сучасны гандлёвы, эканамічны, фінансавы бізнес-цэнтр свету. І я схітру калі скажу, што не разглядаю мову Паднябеснай, як рычаг у далейшым кар’ерным росце.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий