У аўторак, 3 снежня, грамадства адзначала Міжнародны дзень інвалідаў. Не засталіся ў баку і выхаванцы Петрыкаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, якія арганізавалі сапраўднае свята талентаў для гасцей.
Яшчэ на ўваходзе запрошаных чакала выстава, дзе былі прадстаўлены малюнкі, аплікацыі і падзелкі, якія навучэнцы Цэнтра стварылі самастойна, а таксама з дапамогай педагогаў і бацькоў. Экспазіцыя была прысвечана некалькім тэматыкам: прыро-дзе ў розныя сезоны; жывёлам, сярод якіх лёгка было пазнаць і любімых дзецьмі персанажаў мультфільмаў; любові да Радзімы і, канешне, аднаму яскравейшых святаў – Новаму году.
Перад пачаткам пра мерапрыемства і падрыхтоўку да яго распавяла гасцям намеснік дырэктара ўстановы Наталля Дворнік: “Сёння мы запрашаем вас наведаць імправізаваны Горад незвычайных майстроў, бо жыхары яго – нашыя навучэнцы – дзеткі незвычайныя, але вельмі працавітыя і таленавітыя. Прапануем наведаць чатыры вуліцы, а пачнём мы маршрут з вуліцы Эксперыментальнай”.
У кабінеце выхаванцы карэкцыйнага цэнтра, пры дапамозе валанцёраў, паказвалі вопыты з вадой: рабілі адбіткі пузыроў на папяровых сурвэтках, даставалі з вады рэчы маленькімі друшлякамі, змешвалі розныя бескаляровыя рэчывы і атрымлівалі вадкасць пэўнага колеру. Было адзначана, што заняткі па акваметадзе аказваюць на дзетак станоўчы тэрапеўтычны эфект і заўсёды ўспрымаюцца малымі цудоўна.
Далей госці наведалі вуліцу Снежную. Хутка надыдзе Новы год, і ўжо прыйшоў час згадваць зімнія забавы. Пад бадзёрую музыку навучэнцы ўстановы адукацыі ляпілі імправізаванага снегавіка, а потым аздаблялі фігуру апошнімі дэталямі: вачамі, носам-моркаўкай і гузікамі.
На вуліцы Народнай госці маглі на ўласныя вочы даведацца, як у Цэнтры арганізавана вывучэнне традыцый нашага народу. Кульмінацыяй выступлення стаў карагод і выступленне самага сапраўднага ансамбля, дзе дзеткі акампаніравалі на простых музычных інструментах беларускай народнай песні “Дудалка”.
Завяршылася экскурсія па Горадзе незвычайных майстроў на Цэнтральнай вуліцы. Тут таксама былі забавы і танцы з карагодамі. Пасля чаго госці падзяліліся сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства і перадалі ўстанове адукацыі свае падарункі. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Жукавец і старшыня райарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Басюк адзначылі: “Нашыя шматлікія сяброўскія візіты даўно пераканалі ў прагрэсе дзяцей ад заняткаў з педагогамі. Зараз з першых хвілін бачна, што нашыя з вамі асаблівыя дзеці ўмеюць нашмат болей, чым, напрыклад, год-два таму. І мы ведаем, што праца гэтая будзе плённай і ў далейшым, нягледзячы на ўсе складанасці арганізацыі навучальнага працэсу. Вялікі дзякуй педагогам, якія працуюць на вынік і не лічацца з уласным часам”.
Дырэктар карэкцыйна-развіваючага цэнтра Наталля Мяшкова ў адказ адзначыла: “Такое мерапрыемства мы ладзім упершыню, але ўпэўнена, што падобныя імпрэзы стануць традыцыйнымі. Дапамогу ў нашай установе атрымліваюць звыш васьмі дзясяткаў дзетак, а навучаюцца ў нас 15 выхаванцаў, 3-е з якіх – у дамашніх умовах. Словам, у імпрэзе прынялі ўдзел усе 12 дзяцей, якія пастаянна наведваюць заняткі цэнтра. Мы доўга рэпеціравалі, хваляваліся але чакалі гасцей”.
Начальнік Петрыкаўскага рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” Юрый Пятроўскі заўважыў: “Менавіта тое грамадства можна лічыць склаўшымся і развітым, дзе аказваецца патрэбная дапамога і чула ўспрымаюцца праблемы кожнага грамадзяніна. Сёння мы ў чарговы раз пераканаліся, што ідзем па правільным годным шляху ўзаемаразумення і падтрымкі”.
Ад імя энергетыкаў Петрыкаўшчыны падзякаваў педагогам за работу начальнік Петрыкаўскага вытворчага ўчастку філіяла “Энергазбыт” Юрый Дамасевіч: “Менавіта вы сваёй бясконцай і ўпартай работай ствараеце ўсе ўмовы для паўнавартаснага жыцця, развіцця і сацыялізацыі дзяцей. Нізкі вам паклон за цеплыню, пяшчоту і адказнасць у гэтай нялёгкай і карпатлівай працы”. Да слоў удзячнасці далучыліся старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Петухова і протаіерэй Дзмітрый Пасечнік.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий