На нівах Петрыкаўшчыны шчыруе адзін з лідараў жніва ААТ “Чалюшчавічы”, камбайнер-тысячнік Уладзімір Акульчык. Мы паразмаўлялі з хлебаробам пра работу і жыццё працаўніка палеткаў.
Уладзімір Леанідавіч працуе ў гаспадарцы працягам 17-ці гадоў. “Родам я з вёскі Сякерычы. Навучаўся і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне трактарыста, як і многія мае калегі, у вучэбна-вытворчым камбінаце, а потым ўладкаваўся ў мясцовую гаспадарку “Колкі”. Ні для каго не сакрэт, што не заўсёды ў сельскагаспадарчай галіне было добра з заробкамі. Так, прыйшлося адзін год ездзіць на заробкі, але потым сітуацыя змянілася і я вярнуўся да звыклай справы.
Некалькі гадоў таму адбылася рэарганізацыя сельгас-прадпрыемстваў і зараз я ўжо працую ў ААТ “Чалюшчавічы”, – сціпла распавёў пра вехі сваёй біяграфіі механізатар.
Мужчына адзначае, што ў кожнага гаспадара годная праца павінна абавязкова пачынацца з руплівай і якаснай падрыхтоўкі. “Мы працуем з тэхнікай, і каб машына не падвяла цябе ў самы адказны момант, трэба загадзя пільна аднесціся да рамонту і абслугоўвання. Я каля месяца рыхтаваў свой камбайн “Гомсельмаш GS12A1 pro”, але і вынік адпаведны – у гэтым сезоне ніякіх няспраўнасцей ці паломак не было. Спадзяюся, што сезон скончу без тэрміновых рамонтаў. У цэлым машыну ацэньваю станоўча: працую на ім ужо 4-ты сезон і ніякіх сур’ёзных праблем не ўзнікала, калі, вядома, рэгулярна даглядаць і праводзіць прафілактыку камбайна”, – дзеліцца вопытам эксплуатацыі тэхнікі хлебароб.
Уладзімір Акульчык працуе ў экіпажы разам з памочнікам Анатолем Сярапіным. Вынікі зладжанай працы гавораць самі за сябе – аграрыі намалацілі ў гэтым сезоне звыш тысячы тон. Ды і ўвогуле мужчыны адзначаюць, што калектыў у гаспадарцы склаўся годны, у парадзе, дапамозе як з боку калег, так і на ўзроўні кіраўніцтва ніхто не адмовіць.
Герой нашага рэпартажу – чалавек сямейны і шчаслівы бацька трох дзетак. На пытанне пра захапленні Уладзімір Леанідавіч толькі ўсміхаецца, бо ў гарачы на працу летні час свабодных гадзін у механізатараў няма. “Чым займаецца чалавек вясковы? У хатніх справах: дома трымаем гаспадарку – гадуем парсюкоў, курэй, качак. Астатні час правожу з роднымі, якія зараз бачаць мяне не так і часта, бо працоўны дзень пачынаецца каля 6-ці гадзін раніцы, а дахаты вяртаюся ў 11-й гадзіне вечара”, – падзяліўся камбайнер.
Мы ж, у сваю чаргу, выказваем шчырыя словы падзякі хлебаробам Петрыкаўшчыны за іх нялёгкую, але такую патрэбную працу. Няхай не пакідае вас моцнае здароўе, надвор’е спрыяе і тэхніка працуе належна на карысць агульнага караваю 2024 года.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий