Сёння, у першую нядзелю верасня, у краіне адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Мы завіталі ў Петрыкаўскі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Жыткавічыгаз” РВУП “Гомельаблгаз”, каб пацікавіцца, як праходзяць працоўныя будні газавікоў і што за задачы стаяць перад супрацоўнікамі галіны.
Сёлета, з нагоды свята за паспяховую працу і вытворчыя паказчыкі адзначаны чатыры работнікі Петрыкаўскага РГЗ. Кожны з іх адказны за пэўны ўчастак работ, а разам іх аповед пра працу складаецца ў агульную карціну таго, як працуе сістэма газазабеспячэння.
Сяргей Малец узнагароджаны Граматай раённага Савета дэпутатаў. Спецыяліст працуе ў галіне ўжо 19-ты год. Мужчына з усмешкай адзначае, што за гэты час паспеў паспрабаваць хіба не ўсе напрамкі дзейнасці газавіка, акрамя аварыйнай службы. Спачатку быў слесарам, а потым вадзіцелем па дастаўцы, затым рабіў аператарам запраўкі. Зараз жа працуе слесарам па абслугоўванні і рамонце газаразмеркавальнага абсталявання. “Ведаеце, наша работа, магчыма, не такая заўважная, але не менш адказная за астатнія”, – распачаў гутарку Сяргей Андрэевіч, але калегі адразу паспяшаліся пераканаць: “На самой справе служба эксплуатацыі вонкавых газаправодаў і абсталявання – гэта падмурак работы ўсёй нашай арганізацыі. Калі не будзе цэласнасці сетак, мы не зможам даставіць газ спажыўцам. Калі не будзе належнага абслугоўвання і рамонту – будзе паніжацца якасць дастаўкі”.

Сяргей Андрэевіч падзяліўся: “Які б не быў надзейны механізм, яго ўсё роўна патрэбна пастаянна правяраць і своечасова абслугоўваць, таму мы праводзім пастаянныя абходы згодна з графікам, выяўляем уцечкі, якія могуць з’явіцца ад уздзеяння на матэрыялы знешніх фактараў – у першую чагу перападаў тэмператур і вільгаці надвор’я. Усё гэта робіцца дзеля бесперабойнай падачы газу незалежна ад аб’ёмаў яго спажывання. Так, ва ўмоўным невялікім населеным пункце газ можа спажываць 20 карыстальнікаў, а праз тыдзень, з заканчэннем дачнага сезону, абанентаў застанецца з дзясятак. Гэтыя гаспадары хутчэй за ўсё не заўважаць, як ціск у іх адгалінаванні газавай сістэмы змяніўся, каб забяспечыць падачу блакітнага паліва на тым жа камфортным узроўні. Зрабіць гэта якасна і небяспечны – таксама задача нашага падраздзялення.
“Што да калег, то ўсё супрацоўнікі нашай службы маладыя, адзін я ўзроставы”, – усміхаецца мужчына. Вядома, мы не маглі не спытаць Сяргея Андрэевіча пра тое, на што ён першачаргова звяртае ўвагу маладых спецыялістаў, калі яны трапляюць пад куратарства вопытнага супрацоўніка: “У першую чаргу я пытаю чалавека, ці мае ён увогуле жаданне дасканала спасцігаць нашу справу. А за перайманнем вопыту справа не стане. Было аднойчы і так, што адзін з падапечных наўпрост не хацеў вучыцца. Я скажу шчыра, мы тады з калегамі яму адразу далі зразумець, што ў нашай рабоце без навучання і добрасумленнай практыкі ніяк, прапанавалі прыгледзецца да іншага месца працы. Крыху больш чым праз месяц хлопец сам гэта ўсвядоміў, добрасумленна прызнаўся, што такая адказная і кампетэнтная справа – не яго.
Магчыма, гэты прагучыць занадта красамоўна, але газавік – гэта не толькі прафесія, але і прызванне”, – падзяліўся меркаваннем Сяргей Андрэевіч.

Непасрэдна са спажыўцамі газу працуе майстар унутрыдамавой газавай службы Мікалай Алейнік, які сёлета таксама ўзнагароджаны Граматай раённага Савета дэпутатаў. “Мы займаемся тэхнічным абслугоўваннем газавага абсталявання, першасным пускам газу, мантажом газавых лічыльнікаў. На пасадзе я з 2018 года, а ў галіне працую ўжо 15-ты год. Узроставы састаў падраздзялення ў нас розны, ад 20-ці да 50-ці гадоў, увогуле ў службе працуюць 6 чалавек. Станоўча, што ёсць і маладыя, і вопытныя спецыялісты – перайманне вопыту важны працэс у любым калектыве. Апрача тэхнічнай часткі не трэба забывацца, што працуем мы з людзьмі і тут да кожнага кліента трэба знайсці свой падыход. Але адзначу, што пераважная большасць землякоў даволі дысцыплінаваныя людзі і на нашых патрабаванняў ставяцца з адпаведнай адказнасцю”, – рэзюмаваў Мікалай Мікалаевіч.

Вадзіцель Мікалай Кудравец адказны за дастаўку экіпажа экстраннай службы. Агульны працоўны стаж мужчыны налічвае 18 гадоў, 8 з якіх ён працуе на аварыйным пасту.
Кіроўца, адчуваючы нашую журналісцкую зацікаўленасць да яго справы, спяшаецца запэўніць: “На шчасце, нейкіх драматычных гісторый я вам распавесці не магу: усе газавікі працуюць належна, таму сур’ёзных здарэнняў не адбываецца.
Што да работы, то ў будныя дні на Петрыкаўшчыне паралельна працуюць два экіпажы. Сыходзячы з таго, што раён наш даволі вялікі, то адзін з экіпажаў знаходзіцца ў горадзе, а другі – у сельскай мясцовасці. Вядома, у пазаштатных сітуацыях на выклік могуць выехаць адразу дзве машыны. Тэрмін нашага выезду рэгламентаваны і складае да 5-ці хвілін. У начны час і ў выхадныя дні адзін з экіпажаў заўсёды на дзяжурстве.
Часцей за ўсё выпадае выязджаць на пах ці спыненне падачы газу. Неяк быў званок менавіта з-за паху ў шматкватэрным доме. Па прыбыцці, на першым паверсе, вышэй той кватэры, адкуль адбыўся выклік, мы заўважылі адчыненыя дзверы і пачулі характэрны пах. З незапаленай камфоркі сапраўды выходзіў газ, а гаспадар, не адчуваючы гэтага, укручваў лямпачку ў суседнім пакоі. Атрымалася так, што заклапочаны хатнімі справамі чалавек не заўважыў уцечкі, у той час як ужо суседзі пачалі непакоіцца. Блага, канцэнтрацыя газу была яшчэ невялікай і на момант нашага прыбыцця небяспекі не ўяўляла. Як бачыце, прычыны нашых выездаў часам абумоўлены чалавечым фактарам. Але, зноў-такі, людзі нашыя даволі дысцыплінаваныя і выязджаць, напрыклад, для выпраўлення нейкіх саматужных работ гаспадароў па частцы газазабеспячэння выпадае не часта”, – расказаў Мікалай Мікалаевіч, які напярэдадні свята атрымаў Падзяку ад РВУП “Гомельаблгаз”.

Падзяку ад Раённага выка-наўчага камітэта атрымаў намеснік начальніка-галоўны інжынер Петрыкаўскага РГЗ Яўгеній Завадскі. “Узнагароджанне членаў нашага калектыву – заўсёды прыемная падзея. Такія момант дапамагаюць пераканацца ў тым, што праца газавікоў карысная і запатрабаваная”. Яўгеній Сяргеевіч адзначыў, што перад калектывам у першую чаргу стаіць задача бесперабойнага, безаварыйнага і якаснага забеспячэння газам насельніцтва, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і камунальных бытавых спажыўцоў. Акрамя гэтага, спецыялісты павінны аказваць якасныя паслугі, як то рэгламентнае тэхнічнае абслугоўванне, падтрыманне патрэбных параметраў газаразмеркавальнай сістэмы і дастаўка газу. “Немалаважнай задачай з’яўляецца паўсядзённае ўдасканаленне нашых навыкаў у рамках вызначаных кампетэнцый пры дакладным выкананні рэгламентных і нарматыўных дакументаў. Без гэтага нікуды ў наш высокатэхналагічны час”, – патлумачыў суразмоўца.
Сярод кліентаў газавай службы Петрыкаўшчыны 13,5 тысяч абанентаў, 6,2 тысячы з іх спажываюць прыродны газ, больш за 7 тысяч – звадкаваны. Агульная працягласць сетак забеспячэння мае працягласць 193 кіламетры. Колькасць працаўнікоў Петрыкаўскага РГЗ – 63 чалавекі, 2 з якіх знаходзяцца зараз у адпачынку па доглядзе за дзіцём.
“У мінулым годзе калектыў істотна абнавіў аб’екты газаразмеркавальнай сістэмы, замененыя былі тры газарэгулятарныя пункты, лінейныя збудаванні з запорнымі адключаючымі прыладамі на шаравыя краны. У гэтым годзе займаемся абнаўленнем сваёй гаспадаркі: узвядзеннем новага склада для балонаў звадкаванага газу, распрацоўкай праектнай дакументацыі для мадэрнізацыі базы, пачынаючы ад пакрыцця да замены камунікацыі і мадэрнізацыі безбар’ернага асяроддзя”, –падзяліўся Яўгеній Завадскі.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий