У працы карэспандэнта трапляюцца матэрыялы, якія пісаць асабліва хвалююча: героямі з’яўляюцца людзі, якія вядомыя сваёй дзейнасцю далёка за межамі малой радзімы, ушанаваныя і любімыя землякамі не адно дзесяцігоддзе. Якія словы падабраць, каб перадаць значнасць асобы, яго ўнутраны свет і адносіны да справы ўсяго жыцця?
Не так даўно адзначыў 60-гадовы творчы юбілей Анатолій Грынько, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні, танца і музыкі “Лявоніха” ДУК “Капаткевіцкі гарадскі Дом культуры”. Чалавек, які сваім жыццём пацведжвае выснову: мастацтва робіць людзей духоўна-багатымі і шчаслівымі. Пра лёс і творчасць Анатоля Грынько не раз расказвалі на старонках газеты мае калегі, ладзіліся з музыкам творчыя сустрэчы. Але чарговае інтэрв’ю адкрыла новыя старонкі з жыцця героя.
Музыка была з Анатоліем Адамавічам ад самага нараджэння. Маці спявала, бацька іграў на гармоніку. Ужо ў дашкольным узросце хлопчык браў у рукі гармонік, вывучаючы гукі, якія той выдаваў. Калі падрос, яму купілі ў Расіі новенькі музычны інструмент, прадаўшы для гэтага два валы. У тыя часы такая пакупка была амаль што цудам. Гэтая падзея вызначыла яго лёс – з гармонікам ён праводзіў практычна ўвесь вольны час.
– Маё пакаленне вырасла на народных матывах. У вёсках спявалі і танчылі пад гармонік, – успамінае суразмоўца. – Музыка была не проста забавай, а душой народа. Сучаснай моладзі неабходна часцей слухаць мелодыі часоў бабуль і дзядуль, якія сплятаюцца з самой сутнасцю беларускай культуры.
Пасля заканчэння роднай Грабаўскай школы была вучоба ў Гомельскім музычным вучылішчы імя Нестара Сакалоўскага – петрыкаўскі самародак здаў экзамены на пяцёркі, не ведаючы ні адной ноты. Першым месцам працы стала Ельская музычная школа, служба ў арміі, дзе салдат іграў на балалайцы ў акружным Доме афіцэраў. К таму часу Анатолій Адамавіч валодаў гармонікам, баянам, балалайкай, гітарай, акардэонам, фартэпіяна, мандалінай, губной гармошкай.
Дэмабілізацыя і вяртанне на малую радзіму прынесла мужчыне прыемныя змены ў жыцці: сустрэчу з дзяўчынай Нінай, якая ў хуткім часе стала яго жонкай, пасаду дырэктара музычнай школы ў гарадскім пасёлку Капаткевічы. Цікавых момантаў, якія паказваюць яго адносіны да музыкі, у жыцці майго героя было не мала. Гэта і тое, як ён, каб падтрымаць самадзейных артыстаў з Івашкавіч пешшу хадзіў з Капаткевіч і насіў за плячыма гармонік, як дайграў канцэрт на балалайцы з дзвюма струнамі. Не адзін год работнік культуры кіраваў музычным калектывам Капаткевіцкай школы-інтэрнат. Не зважаючы на асаблівасці развіцця сваіх падапечных, адкрываў для іх свет музыкі, арганізоўваў паездкі на конкурсы за межы раёна.
1999 год даў старт яркаму этапу ў творчым жыцці героя – прыход на працу ў Капаткевіцкі дом культуры. Яго калегі прызнаюцца: многія калектывы Петрыкаўшчыны ім зайздросцілі. На ўсіх мерапрыемствах у іх гучала жывая музыка. Неабходная мелодыя “перакладалася” на баян ці акардэон. У 2005 годзе Анатолій Адамавіч стаў кіраўніком ансамбля “Лявоніха”. Хутка слава пра таленавітых артыстаў з Капаткевічаў разляцелася па ўсёй краіне. Суайчыннікі палюбілі выступленні палешукоў, асноўная ўвага ў творчасці якіх надавалася захаванню спадчыны. “Лявоніху” пачалі запрашаць на абласныя, рэспубліканскія, міжнародныя святы, фестывалі, конкурсы. За гісторыю існавання калектыў мае мноства ўзнагарод рознага ўзроўню. Больш за дваццаць гадоў народны ансамбль трымае высокую планку ў мастацтве.
– Беларуская народная музыка жыве і сёння ў вёсках, у дамах культуры, у сэрцах тых, хто любіць сваю малую радзіму. Гэта крыніца жывой вады, якая надае сілы і натхнення, вучыць прыгажосці і дабраце, – адзначае сработнік культуры.
Прывіў любоў да музыкі Анатолій Адамавіч і сваёй сям’і. Жонка Ніна Адамаўна – побач з мужам на сцэне. Сыны Яўген і Аляксандр закончылі ў свой час музычную школу, авалодалі музычнымі інструментамі. Неаднойчы бацькі і дзеці станавіліся пераможцамі фестываляў сямейнай творчасці.
– У кожнага з нас ёсць свае запаветныя куткі душы, дзе жывуць самыя глыбокія пачуцці і самыя яркія імкненні. Для мяне такім кутком стала народная песня, а галоўным інструментам, які дапамагае мне выказваць сваю любоў да роднай зямлі – гармонік. Ён – мой голас, мой сябар, мая жыццёвая гісторыя.
Для многіх Анатолій Грынько стаў не проста настаўнікам, а сапраўдным маяком, які асвяціў шлях да творчай прафесіі. Яго мудрасць, талент і невычэрпная любоў да музыкі натхнілі не адно пакаленне таленавітых людзей. Сярод тых, хто адчуў на сабе моц яго педагогічнага таленту – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Гейхман.
Рыхтуючы матэрыял пра земляка, рэдакцыя звязалася з Валерыем Якаўлевічам, каб пачуць яго ўласныя ўспаміны і меркаванне пра нашага героя.
– Для мяне, як і для многіх іншых яго вучняў, Анатолій Адамавіч быў не толькі выкладчыкам тэхнікі і тэорыі, але і носьбітам жывой музычнай культуры. Ён умеў запаліць у нашых сэрцах любоў да музыкі і дапамагчы зрабіць той самы, часта няпросты, выбар на карысць творчай прафесіі. Яго спадчына жыве ў творчасці тых, каго ён натхніў раней, хто слухае яго зараз. Дзесяцігоддзі ён развівае і ўзбагачае беларускую культуру. Нізкі паклон яму за гэта, – адзначыў Валерый Якаўлевіч.
Мы віншуем таленавітага музыку, чалавека з вялікім сэрцам з прыгожай датай. Дзякуем за адданасць мастацтву, бязмежную любоў да гледача, стварэнне незабыўных вобразаў, якія назаўжды застануцца ў нашых сэрцах.Чакаем новых сустрэч, паважаны Анатолій Адамавіч!
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Марыі ТАМКО.
Оставить комментарий