Мікалай Саурын – адзін з лепшых і вопытнейшых трактарыстаў-машыністаў ААТ “Чалюшчавічы”. Прозвішча гэтага чалавека часта гучыць на мерапрыемствах, дзе падводзяць вынікі сельскагаспадарчага сезона, называюць імёны лепшых працаўнікоў. Па выніках мінулага года аграрый стаў лепшым па прафесіі, і ў чарговы раз ва ўрачыстай абстаноўцы падымаўся на ганаровую сцэну.

Трактарыст-машыніст аддаў сельскай гаспадарцы больш за 36 гадоў свайго жыцця. Спачатку працаваў у галіне меліярацыі, потым шчыраваў у гаспадарцы “Радзіма” Калінкавіцкага раёна, але пусціў карані на Петрыкаўшчыне, дзе бесперапынна працуе для агульнай справы.
Па словах мужчыны, ніякага сакрэту ў паспяховасці справы няма: “Як і ў кожнай прафесіі, галоўныя складальнікі – гэта стараннасць, адказнасць, увага і адданасць”. Прызнаецца: працы ў гаспадарцы заўсёды было шмат у любы сезон. Унясенне ўгнаенняў, пасяўная, уборачная, нарыхтоўка зялёнай масы, дастаўка кармоў для жывёлы на аб’екты. Лічыць, што падчас любой справы важна не губляць ні хвіліны, глядзець за станам даручанай тэхнікі, каб у адказны момант не было збояў.
– Калі адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, перажываць за справу, – вынік не заставіць сябе чакаць, ды і заробак парадуе. А калі чакаць, што нехта прыйдзе і зробіць неабходнае за цябе, ці кіравацца логікай: “дараблю заўтра” – то пра які вынік гаварыць? – дзеліцца механізатар.
Нездарма кажуць, што вопыт і майстэрства прыходзяць з гадамі, хоць, безумоўна, у механізатарскай справе аніяк не абысціся без зацікаўленасці тэхнікай. Працуе Мікалай Мікалаевіч на МТЗ “Беларус 2022.3”. Нараканняў на тэхніку ў яго няма. Увесь мінулы тыдзень ён уносіў мінеральныя ўгнаенні. Зараз рыхтуецца да сяўбы кукурузы. Працуе з сёмай гадзіны раніцы і да прыцемкаў. “Без перабольшвання я люблю тое, чым займаюся. Тэхніку даглядаю, бо вынік працы залежыць і ад яе таксама, на цяжкасці не скарджуся, бо любая праца патрабуе і сіл, і ўменняў, і адказнага стаўлення. Толькі пры гэткіх адносінах будзе добры вынік у справе і пашана чалавеку,” – упэўнены аграрый.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о