Сацыяльная значымасць праблемы дзіцячага траўматызму відавочная і яе рашэнне знаходзіцца ў пагранічнай зоне паміж традыцыйнай медыцынай, якая ведае, што неабходна зрабіць, і педагагічнымі навукамі, у кампетэнцыі якіх навучыць і засцерагчы. Характар дадзенай праблемы – у выхаванні адказных адносін да ўласнай бяспекі жыццядзейнасці, асабістага самазахавання здароўя ва ўсіх яго значэннях і беражлівага стаўлення да здароўя іншых людзей.
Галоўным фактарам траўміравання і гібелі дзяцей з’яўляецца халатнасць, недагляд дарослых, неасцярожныя, няправільныя паводзіны дзяцей у побыце, на вуліцы, у час гульняў, заняткаў спортам. Зразумела, узнікненню траўм спрыяюць і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей: цікаўнасць, высокая рухомасць, эмацыянальнасць, недастатковасць жыццёвага вопыту, а адсюль – адсутнасць пачуцця небяспекі.
У Рэспубліцы Беларусь на заканадаўчай аснове замацаваны шэраг абавязкаў, якія бацькі павінны выконваць у адносінах да сваіх дзяцей.
Так, абавязкі бацькоў у выхаванні дзяцей, клопаце пра іх здароўе, развіццё і навучанне замацаваны ў частцы 3 артыкула 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Аднак, не ўсе бацькі гатовы выконваць свой абавязак перад дзецьмі і заканадаўствам нашай краіны.
Так, жыхарка райцэнтра пасля ўжывання алкаголю нанесла цялесныя пашкоджанні сваёй гадавалай дачцэ, якая ў сілу малалетняга ўзросту знаходзілася ў бездапаможным стане, і выклікала тым самым у дзіцяці пакуты.
Прысудам суда Петрыкаўскага раёна абвінавачаная прызнана вінаватай у наўмысным прычыненні працяглага болю спосабамі, якія выклікалі асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты пацярпелага, здзейсненым у адносінах да заведама для вінаватага непаўналетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане (здзеку), і ёй па частцы 2 артыкула 154 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады са штрафам у памеры 40 базавых велічынь, што складае 1680 рублёў.
Андрэй ЛЯВОНЧЫК,
пракурор Петрыкаўскага раёна.
Оставить комментарий